Аўтары «Нашай гісторыі» запрашаюць на сустрэчу чытачоў

Аўтары і рэдактары часопісу «Наша гісторыя» запрашаюць чытачоў на першую аўтограф-сесію. Сустрэча адбудзецца сёння, 4 верасня, у Мінскай кнігарні «Акадэмкніга» ад 18 да 20 гадзіны.

фота nn.by

фота nn.by

Стваральнікі часопісу адзначаюць, што не чакалі такога попыту на сваё выданне. Галоўны рэдактар Андрэй Дынько кажа, што наклад з дадрукоўкамі ўжо дасягнуў каля 6000 асобнікаў.
— Такая папулярнасць, як я вельмі спадзяюся, абумоўлена тым, што беларусы, нарэшце, распачалі цікавіцца гісторыяй, — распавёў для Белсату Андрэй Дынько. — Будзем спадзявацца, што цікавасць не знікне.
Глянцавы часопіс мае 100 старонак. Аўтары публікацый — дактары і кандыдаты навук. Арыентаваны часопіс на звычайнага чытача, а не на навукоўцаў. Падобныя часопісы — досыць папулярныя ў Заходняй Еўропе, але ў Беларусі — гэта першае падобнае выданне.
— За мяжой, у прыватнасці ў Нямеччыне, Польшчы, досыць шмат тэматычных гістарычных часопісаў, — кажа Андрэй Дынько, — таму, карыстаючыся досведам замежных краін, мы таксама вырашылі стварыць нешта падобнае ў Беларусі. І попыт на часопіс апынуўся вельмі вялікі.
Прычым набыць часопіс можна не толькі ў друкаваным выглядзе, але таксама і ў электроннай версіі.
— Адначасова мы распачалі продаж не толькі папяровай версіі, але таксама і ў ПДФ-версіі, — адзначыў Андрэй Дынько. — Праўда, калі папяровая разышлася накладам некалькі тысячаў асобнікаў, то ў электронным выглядзе прададзена ўсяго толькі каля 50 асобнікаў. Але для тых, хто жыве па-за межамі нашай краіны, я рэкамендую набываць электронную версію, яна нічым не горшая, за папяровую і такая ж прыгожая.
Падпісацца на часопіс можна толькі на наступны год. Падпісны індэкс 18008. А сёлетнія нумары можна набыць у шапіках альбо кнігарнях.
Паводле belsat.eu