Не трэба баяцца зняволення! Былы прадзюсар напісаў кнігу пра тое, як «там» людзі жывуць
Сёлета пабачыла свет кніга «Про то, как там» вядомага музычнага прадзюсара Гены Шульмана. Аўтар дзеліцца гісторыямі і развагамі пра свой турэмны досвед. Распавядаем, чаму кнігу варта пачытаць шырокаму колу чытачоў.
Пачнем з постаці аўтара кнігі. Генадзь Шульман — у мінулым вядомы музычны прадзюсар, былы дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Клас-Клуб ДК». Быў арыштаваны ў 2009 годзе, а ў 2010 асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за «махлярства». Паводле версіі суда, ён пазычаў грошы і не вяртаў іх у тэрмін.
У адрозненне ад іншых прадстаўнікоў беларускай турэмнай літаратуры, яго справа не была звязана з палітычнай актыўнасцю. Гэтая акалічнасць дазваляе зірнуць на пенітэнцыярную сістэму з іншага ракурсу. Калі вы чытаеце кнігі, напрыклад, Мікалая Дзядка альбо Ігара Аліневіча пра іх досвед зняволення, то так ці інакш адчуваеце моцны палітычны кантэкст. Часам незразумела: умовы, што апісваюцца ў кнігах, існуюць толькі для палітычных зняволеных альбо і для іншых асуджаных? Гена Шульман жа сядзеў па эканамічным артыкуле, таму і распавядае пра, так бы мовіць, больш «стандартныя» ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, СІЗА, калоніі, вольным паселішчы і «хіміі», у якіх ён паспеў пабываць. Да 2020 года тое, што адбываецца за кратамі, цікавіла не надта вялікую частку грамадства. Цяпер жа ўвага да гэтай тэмы значна вырасла, але дагэтуль інфармацыі пра месцы зняволення па-ранейшаму бракуе.
Кніга Гены Шульмана пра яго турэмны досвед адрозніваецца ад іншых і сваім пазітыўным настроем. Нягледзячы на ўмовы, у якія трапіў аўтар, яго талент апавядальніка пераважае над усімі акалічнасцямі. Стыль Гены Шульмана зачароўвае, усе гісторыі і развагі чытаюцца лёгка, і праз усю кнігу праходзіць вельмі важная думка — не трэба баяцца зняволення. Большасць людзей пужае няпэўнасць і невядомасць. Такой няпэўнай і малавядомай для большасці сістэмай з’яўляецца пенітэнцыярная. Нават з улікам таго, што праз турмы ўжо прайшло даволі шмат людзей. Вядомы амерыканскі пісьменнік О. Генры пачаў пісаць свае апавяданні менавіта ў турме, і ў іх падмурак ляглі гісторыі іншых вязняў. Магчыма, Гена Шульман зойме гэтую нішу ў беларускай літаратуры.
Ёсць і іншы аспект. Для шматлікіх краін у свеце стандартная з’ява, калі вядомыя музыкі даюць канцэрты ў месцах зняволення. Уявіць гэта ў Беларусі досыць цяжка, але ці была ўвогуле ў каго-небудзь такая ініцыятыва? Упэўнены, што людзі, кшталту Гены Шульмана могуць гэтаму паспрыяць. У сваёй кнізе ён сведчыць, што шмат вязняў маюць творчыя схільнасці. Ці не добры гэта напрамак дзейнасці, каб яго развіваць?
Напрыканцы я хацеў бы падзякаваць аўтару кнігі за тое, што ён не пакінуў гэтыя гісторыі толькі ва ўласных успамінах. Беларускай літаратуры бракуе добрых апавядальнікаў, часта можна сустрэць меркаванне, што беларуская літаратура — гэта пра глыбіню. Але добра, калі пішуць і для шырокага кола. Я думаю, што ў сучаснай Беларусі такі жанр мае вялікі патэнцыял. Будзем чакаць ад Гены Шульмана новых твораў, у тым ліку на беларускай мове.
Замовіць кнігу можна тут.