Някляеў: Святлана Алексіевіч — годны Нобелеўскі лаўрэат

Уганараванне Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч выклікала станоўчую рэакцыю сярод большасці яе калегаў. І ў цэлым у краіне.  



get_img156.jpg

Гэтую падзею “НЧ” пракаментаваў паэт, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў і экс-палітвязень Уладзімір Някляеў:

— Тут двух меркаванняў быць не можа: гэта вялікі поспех Святланы Алексіевіч, гэта вялікая яе ўдача, і гэта вялікі поспех усёй беларускай літаратуры. І ўвогуле ўсёй беларускай культуры, якая базуецца і ў рэшце рэшт вынікае з беларускай літаратуры. Спрэчкі пра тое, беларуская Алексіевіч пісьменніца ці руская пісьменніца ў Беларусі, перакрываюцца афіцыйным паведамленнем пра прысуджэнне ёй гэтай прэміі: Нобелеўская прэмія прысуджана беларускаму аўтару Святлане Алексіевіч. І няма чаго тут разводзіць дыялогі.

Трэба проста ганарыцца тым, што беларуская літаратура, прайшоўшы вельмі цяжкі шлях у сваім развіцці, зведаўшы турмы, рэпрэсіі, расстрэлы, нарэшце дачакалася свята на сваёй вуліцы. І гэта павінна паўплываць стноўча не толькі на нашу культуру, але і на духоўнае жыццё ўсёй нашай беларускай грамады. Так што гэта ўдача не толькі Святланы Алексіевіч, якая заслужыла поспех. Бо той жанр, які яна выбрала ў літаратуры, ён і для мужчынскай паловы чалавецтва нялёгкі, а ўжо тое, што яна справілася і падняла гэты цяжар на сусветны ўзровень, робіць ёй толькі гонар.

— Ці можна чакаць прыступаў зайздрасці да Святланы Алексіевіч з боку яе тутэйшых калегаў?

— Зайздрасць, як вядома з той жа класічнай літаратуры, адчуванне такое ж распаўсюджанае, як і радасць. Проста нехта ўмее радавацца, а нехта толькі ўмее зайздросціць. Тым, хто ўмее толькі зайздросціць, нічым не дапаможаш, і я нават не хачу пра гэта казаць.

— Што такое сёння Святлана Алексіевіч для нашага грамадства?

— Я не ведаю, што такое Алексіевіч для грамадства, такіх сацыялагічных апытанак не было. Для мяне асабіста Алексіевіч — знакавая постаць у нашай літаратуры ўжо на працягу многіх-многіх гадоў. Яна той чалавек, эстафету якому перадалі ў свой час Адамовіч і Быкаў, якія блаславілі яе менавіта на гэту дзялянку літаратурную — на дзялянку дакументальна-мастацкай прозы. І рэзананс на прысуджэнне ёй прэміі ў грамадстве, на маю думку, мусіць быць дадатным.

Тым больш мы даўно да гэтага ішлі. Шкада, што ў свой час не стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Васіль Быкаў, а прысуджэнне яму гэтай прэміі не выклікала б у грамадстве ніякіх пярэчанняў. Але хто яго ведае. Знайшліся б людзі, якія б і Быкаву зайздросцілі, і Барадуліну, калі б ён стаў лаўрэатам, і каму заўгодна. Але ў большасці, а мне ўжо тэлефанавала можа з паўсотні людзей, людзі проста радасныя і шчаслівыя тым, што гэта адбылося.