Оскар Мілаш: праз Беларусь і Літву ў шэрагі францускіх паэтаў. Да народзінаў дзядзькі Чэслава Мілаша

Оскар нарадзіўся на Віцебшчыне 28 траўня 1877 года. Напэўна, тады ён і ўявіць ня мог, што жыцьцёвы лёс скончыцца ў Парыжы. А яго поўны збор твораў будзе надрукаваны ў 13-ці тамах. Даведаемся пра Оскара Мілаша больш.

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Маці мая, самота, апавядзі мне жыцьцё маё зноў!

Вось сьцяна без крыжа, і стол, і закрытая кніга!

Калі б немагчымае, але так доўга чаканае

Раптам пагрукала ў шыбу пазяблай малінаўкай,

Хто б тут падняўся яму адамкнуць? Кліч паляўнічага,

Што прыпазьніўся сярод зьнежывелых багнаў,

Апошні вокліч юнацтва слабее, змаўкае: адзіны ліст, ападаючы,

Жудасьцю напаўняе маўклівае сэрца лесу.

(пераклад з францускай – Андрэй Хадановіч).

Беларусь

Чарэя, што знаходзіцца ў сучасным Чашніцкім раёне, была знакамітым месцам ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з XV стагодзьдзя. У свой час існавала нават Чарэйскае княства, якое пазьней трансфармавалася ў аднайменнае графства.

Напрыканцы XVIII стагодзьдзя Чарэйскае графства князёў Сапегаў распалася. Асобныя маёнткі трапілі да іншых уласьнікаў. Найбольшая частка Чарэйскага графства перайшла да сямейства Мілашаў. У 1830 годзе ў ім было 6 тысячаў дзесяцінаў розных угоддзяў і само мястэчка Чарэя. У ім стаяў дом — драўляны палац, пабудаваны яшчэ Сапегамі, дзе захоўваліся багаты архіў і партрэты Сапегаў, а побач раскінуўся парк з цяністымі алеямі і аранжарэямі. Непадалёку стаяў старадаўні вятрак з цэглы і вінакурня, — адзначала Натальля Кіндзяева.

У 1863 годзе насельніцтва Чарэі актыўна падтрымала  паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Неўзабаве, у сям’і Ўладыслава Мілаша ў 1877 годзе нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Оскар. Сям’я была больш чым добра забясьпечаная: акрамя зямельных надзелаў, Уладыславу Мілашу належалі 3 кузьні, 50 лавак, броварны і вінакурны заводы, піцейная кантора.

Чарэя

Чарэя

Паглядзім, як сам Оскар Мілаш пазнаёміў сваю сям’ю з Ёнасам Грынюсам, першым літоўцам, які напісаў дысэртацыю пра яго творчасьць у 1930 годзе: «Гэта мой прадзед Юзаф Любіч Мілаш, старшыня Магілёўскага суда і ковенскі мечнік, заснавальнік беларускай галіны роду... Мой дзед Артур Мілаш... дзевятнаццацігадовы афіцэр уланскага палка польска-літоўскага войска, правёў усю кампанію 1831 года супраць Расеі... Ён ажаніўся з італьянскай сьпявачкай неверагоднай прыгажосьці... Натальляй Тасістра, дачкой дырыжора міланскай Скалы...

Мой бацька Ўладыслаў Мілаш атрымаў ад бацькоў смак да мастацтва і прыгодаў... Афіцэр гвардыі расейскіх уланаў, ён рана кінуў сваю кар'еру, каб горача прысьвяціць сябе вывучэньню хіміі, мэханікі і аэранаўтыкі... Ён закахаўся ў «саракагадовую вельмі прыгожую, але бедную габрэйскую дзяўчыну». Мілаш дадае, што яго бацька, жорсткі і хворы, прыехаў лекавацца ў Парыж да доктара Шарко.

У зборніку «Les Sept Solitudes» 1906 года Оскар Мілаш апявае «краіну дзяцінства, знойдзеную ў сьлязах», як зазначае француская дасьледчыца Янін Калер. У гэты ж час ён напісаў жорсткую драму «Сцэны з Дон Жуана», у якой сын выказвае ўсю сваю нянавісьць да бацькі і агіду да жыцьця. З 1902 па 1906 гады Оскар зноў жыў у Чарэі, дзе памёр яго бацька. У гэты час Оскар Мілаш быў вымушаны займацца вялікай гаспадаркай сям’і.

Крысьціяну Гаўсу, сябру нямецкага паходжаньня, паэт апісваў свае заняткі: «Улетку я езджу верхам і пішу тысячы вершаў, зімой я езджу на санях і перачытваю Канта, Шапэнгаўэра і Плятона, і палю трубку". Ён дадае: «Праз два гады ў мяне будзе новы маленькі замак, тады вы павінны будзеце прыехаць і правесьці са мной некалькі месяцаў… Я б не адважыўся запрасіць француза, яны занадта зьдзеклівыя, але чалавек з Поўначы заўсёды будзе мякчэй да паўночнай краіны».

Літва (Ojczyzna moja?)

4_697.jpg

Сяргей Харэўскі, дасьледчык спадчыны Оскара Мілаша, трапна апісаў складанасьці сьветаўспрыманьня паэта: «Пасьля першай сусьветнай вайны ён стаў літоўскім дыпляматам у Парыжы і ўсе свае сілы аддаў услаўленьню Літвы, хоць да канца дзён гэтак і не акрэсьліў, нават сам для сябе, дзе яе межы... І ўвесь час мроіў пра сваю мітычную Чарэю. Вось як ён апісваў родны край у адной са сваіх лекцыяў:

«Хадземце, я павяду вас у думках у край дзівосаў, сутоньня, імглы й ціхіх шэптаў... Вось мы і тут, на ўскраінах польскіх земляў, ужо паўночных, але яшчэ закаханых у колеры. Адзін мах крыла — і мы праляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаныя прыгаслым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імжыстая лясная смуга...»

Сучасная жыхарка Чарэі Тацьцяна Казлоўская адназназна выказвалася: «Мяне, як бібліятэкара, найбольш цікавіць кніга Оскара Мілаша «Аповесьці і казкі даўняй Літвы». Я перакананая, што там выкарыстаны фальклор Чарэйшчыны, а не карэннай Літвы, што сам тэрмін «Літва» ён разумеў не этнічна, а гістарычна — як былое Вялікае Княства Літоўскае, куды ўваходзіла і Чарэйшчына. Упэўненая: гэтая кніга зацікавіць і сучасных беларускіх дасьледчыкаў». Са спадарыняй Казлоўскай застаецца толькі пагадзіцца.

У 1907 годзе Оскар Мілаш заяўляў: «Я веру ў канчатковым выніку, што пасьля продажу маёй літоўскай маёмасьці я пасялюся ў Італіі». І ў 1910 годзе ён вырашыў паехаць у Парыж. «Я ўжо вельмі рэдка бываю ў сваёй краіне. Мне ніхто там не падабаецца, і яны пра мяне не вельмі клапоцяцца».

Францыя

З 1889 года ўсьлед за бацькам Оскар Мілаш трапіў у Парыж, дзе навучаўся ў ліцэі Жансон-дэ-Саі, пасьля вывучаў асірыйскую мову і іўрыт у Школе ўсходніх моваў. Цікавасьць да габрэйства была абумоўленая паходжаньнем яго маці – Марыі Разаліі Разэнталь. Напрыканцы жыцьця Оскар нават выдаў уласнае незвычайнае дасьледваньне. У кнізе «Ібэрыйскае паходжаньне габрэйскага народа» Мілаш спрабаваў даказаць шляхам параўнаньня андалузскіх і біблейскіх тапонімаў, а таксама этымалёгіі шэрагу словаў баскскай мовы і іўрыта, што габрэі перасяліліся ў Ханаан з паўднёвай Гішпаніі.

Ва ўзросьце 16 гадоў Оскар Мілаш прысутнічаў на вянчаньні сваіх бацькоў у каталіцкім касьцёле ў Парыжы, Марыя Разэнталь за два дні да гэтага была ахрышчаная ў каталіцтве. Паводле яго словаў, гэта была «трагедыя яго жыццья». Крысьціяну Гаўсу, сваёй даверанай асобе, Оскар прызнаўся ў спробе самагубства праз некалькі гадоў.

У 1918 годзе, даведаўшыся пра існаваньне літоўскага вызваленчага руху, Оскар Мілаш прапанаваў свае паслугі. А 1 студзеня 1919 года ён увайшоў у склад літоўскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі ў якасьці дыпляматычнага рэдактара. У сьнежні ён быў прызначаны літоўскім дэлегатам ва ўрадзе Францыі.

Побач з палітычнай дзейнасьцю ён працягваў пісаць вершы і мэтафізічныя эсэ. У тым жа годзе ён згадваў краіну свайго дзяцінства: 

«Прыязджайце, я павяду вас духам у чужы, парападобны, заслонены, журботны край... Гэта Літва, Літва, зямля Гедыміна і Ягайлы».

Містычны досьвед натхніў два мэтафізічныя творы Оскара Мілаша: «Ars magna» 1924 года і «Паэма Таямніцаў» 1927 года. У іх пераплятаюцца каталіцкая тэалёгія з містычнымі і кабалістычнымі вучэньнямі і прапаведуецца вера ў здольнасьць чалавека спасьцігаць рэальнасьць такой, якой яе бачыць Бог (цяпер яна ўтоеная, але ў будучыні адродзіцца). У «Паэме Таямніцаў» Мілаш услаўляў габрэйскі народ як слугу чалавецтва, які «захаваў сьвяты скарб першапачатковага Аб'яўленьня ва ўсёй чысьціні і пранес Яго скрозь тысячу зменлівасьцяў дзеля адзінай мэты — будучага адраджэньня сьвету».

Кніга паэта

Кніга паэта

У «Ars magna» паэт прызнаецца ў шакавальным уласным досьведзе: «Чатырнаццатага сьнежня тысяча дзевяцьсот чатырнаццатага, каля адзінаццатай вечара, у сярэдзіне дасканалага няспаньня..., я раптам адчуў, без ценю зьдзіўленьня, што самая нечаканая зьмена адбывалася ва ўсім маім целе.

Перш за ўсё я заўважыў, што мне была дадзеная невядомая да таго дня моц свабодна падымацца ў космас; і ў наступнае імгненьне я апынуўся каля вяршыні магутнай гары, ахутанай сіняватымі туманамі, неапісальнай тонкасьці і салодкасьці... Я паспрабаваў! Сьвяты мір, у маёй галаве ўжо не было і сьледу турботы ці болю». На наступны дзень сябру, які пагрукаўся ў яго дом, ён абвесьціў: «Я бачыў духоўнае Сонца».

Гэта будзе зусім як у гэтым жыцьці. Гэты самы стол,

На ім Біблія, Гётэ, атрамант з пахам былога,

Рысы белай жанчыны, якая чытае думкі,

І партрэт, і пяро, і папера. Дзіцянё маё, дзіцянё!

(пераклад з францускай – Андрэй Хадановіч).

Кніга Оскара Мілаша

Кніга Оскара Мілаша

Улетку 1931 года ў Фантэнбло ён меў радасьць сустрэцца са сваім пляменьнікам Чэславам Мілашам у гатэльным нумары, застаўленым птушынымі клеткамі. Оскар згадвае гэтую сустрэчу: «Я чакаў зьяўленьня монстра, годнага астатняй часткі маёй сям'і брудных буржуазных былых землякоў. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі я апынуўся перад маладым чалавекам гадоў 19... паэтам... далучаным да інтэлігентнага і шаноўнага боку манархічнай, каталіцкай і шляхецкай традыцыі, крыху камуністам — якраз тое, што трэба, каб рабіць карысную працы ў наш неверагодны час».

У 1939 годзе Оскар Мілаш памёр у Фантэнбло, дзе толькі што выйшаў на пэнсію, непадалёк ад вялікага парку, дзе гадамі прыручаў птушак.