Падарунак рэжымніку: «Летапіс стукача»

Наступны кніжны падарунак нашым рэжымнікам — кніга «Летапіс стукача» ад туніскага журналіста, паэта, пісьменніка і палітычнага вязня былога, збеглага і ўжо памерлага на чужыне дыктатара Бэн Алі. Гэтага журналіста баялася туніская дыктатура, яго ненавідзеў дыктатар, хоць адзінай зброяй пісьменніка было ўсяго толькі слова.

taoufik_ben_brik.jpg


Бэн Брык пісаў артыкулы, вершы, зборнікі прозы, якія часта падкрадня друкаваў у Францыі, а яны потым эфектам бомбы даносіліся да Туніса, выклікаючы міжнародныя, дыпламатычныя скандалы і нязручныя пытанні да туніскіх уладаў.
Вядома, дыктатура не любіць, калі з яе смяецца ці кпіць свет. Беларусы, як ніхто іншыя, зразумеюць тэксты туніскага змагара за дэмакратыю, а беларускія ўлады, хоць і не чытаюць па-французску ды па-арабску могуць зразумець хаця б пасланне такіх кніг: “Заўтра дыктатура разваліцца…”. Беларусам лёгка будзе распазнаць у летапісе ўніверсальныя паводзіны і манеры дыктатарскіх рэжымаў: запалохванне, праслушка тэлефонаў, ускрыццё лістоў, арышты журналіста ў аэрапортах у момант вылету за межы краіны, фізічны гвалт і здзекі ў турмах, легіён прыслугачоў у цывільным, паўсюдьісныя стукачы ды ціхары, шантаж на працы, шантаж праз сям’ю ды дзяцей, лісты пагрозы і г.д.
Якраз зведаўшы ўсё гэта і апынуўшыся пад арыштам, пісаў свае тэксты Бэн Брык. І кульмінацыяй усяго стала ягоная саракадвухдзённая галадоўка, якую хавалі ад грамадства ўлады, але заходнія журналісты ўсё ж прабілі заслону і ўсе даведаліся пра злахітрасць рэжыму.
“Летапіс стукача” – кніга, сабрадзеная з тэкстаў пісьменніка, апублікаваных у 2000-2001 гадах у сеціве на розных старонках і ў міжнароднай прэсе. Гумар і сарказм з'яўляюцца адметнай рысай пісьма Бэн Брыка, таму падзеі ў краіне апісваюцца нібыта праз прызму стукача, які глядзіць на рэжым і як калабарант-рэжымнік, і як стукач, які ўкараніўся ў грамадства і, які разумее бок простых людзей.

dec_benbr_2001_01.jpg


Твор туніскага журналіста – гэта перадусім закід усім афіцыйнікам. Больш усяго, канечне, дасталося Бэн Алі, потым г.зв. “кондарам”, новай палітычнай паліцыі, створанай за Бэн Алі. Актуальным для Беларусі будзе закід у бок афіцыйнай журналістыкі, названай дысідэнтам “прафесіяй, якой больш не існуе”. Па словах дысідэнта, афіцыйная журналістыка ў дыктатуры заўсёды пераўтвараецца ў афіцыйны інстытут стукацтва. Пры гэтым у кнізе дасталася і Францыі, якая шмат часу гулялася ў дэмакратыю з дыктатарам. І можа найбольш цікавая і вусцішная частка тэксту прысвечаная розным кшталтам стукацтва: стукачы на працы, у турме, стукачы-сваякі. У беларускім кантэксце гэта тэма надзвычай актуальная, хоць дасюль не апісаная, не прааналізаваная як след. Да ўсяго 2020 год – гэта не 2000, калі пісаў Бэн Брык: цяпер мы маем значна больш публічнага матэрыялу і фіксавання стукацтва ў Беларусі на ўсіх роўнях.
Дарэчы, цікава, што вельмі часта сам аўтар кажа ў інтэрв'ю, што ён не піша, а страляе з пяра ў тых, каго крытыкуе: “словы ў адказ на рэальныя кулі”. “Летапіс стукача” пабудаваны па гэтым зусім не наіўным, як многія думаюць, прынцыпе: словам перамагчы гвалт і дыктатара.
І так проста і аптымістычна завяршаецца кніга часткай “Стукач збірае багаж”. І гэта не проста кніжная мара – як вядома, яна спраўдзілася, калі тунісцы скінулі “тыраназаўра” Бэн Алі, а шматлікія калабаранты і стукачы ўцякалі з Туніса ў Алжыр, Саўдаўскую Аравію ці Турэччыну.
Пра гэта таксама піша туніскі журналіст і пісьменнік Бэн Брык, але ўжо ў наступных кнігах. І гэта ўжо крыху іншая гісторыя. Пакуль рэжымнікам ды ўсёй Беларусі актуальны “Летапіс стукача”.