Палута Бадунова: міністарка, пісьменніца, феміністка
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску прэзентавалі першы зборнік твораў Палуты Бадуновай.
Укладальнік кнігі — выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Вільня), аўтар «Новага Часу» Уладзіслаў Гарбацкі.
Палута Бадунова — адна з нямногіх беларускіх палітычных дзяячак, першая кабета ў складзе БНР, якая мела статус народнай сакратаркі (міністаркі) апекі, незалежніца, расстраляная ў Мінску ў 1938 годзе.
Але калі пра Бадунову-палітыка мы што-нішто ведаем, то размову пра Бадунову-пісьменніцу мы вядзем ці не ўпершыню. Між тым яна пісала вершы, мастацкую прозу, п’есы, публіцыстыку, рабіла пераклады. Некаторыя яе творы нядаўна публікаваліся на старонках «Новага Часу». Увогуле ж каля паловы тэкстаў, сабраных у зборніку, надрукаваныя ўпершыню.
— Да Палуты Бадуновай я прыйшоў дзякуючы Валянціне Лебедзевай — гісторыку, якая адной з першых рэабілітавала яе імя. Потым да гэтага далучыўся Анатоль Сідарэвіч, які распавёў пра трагічнае каханне Палуты і Тамаша Грыба, — расказаў на прэзентацыі Уладзіслаў Гарбацкі. — Мяне проста зачараваў почырк Палуты Бадуновай — ён быў вельмі прыгожы.
Па словах укладальніка, у віленскіх архівах тэксты Палуты Бадуновай амаль ніхто не чапаў, апроч таго ж Сідарэвіча і Аляксея Каўкі. Уладзіслаў Гарбацкі, паводле роду заняткаў — сацыялінгвіст, быў перакананы, што нашыя гісторыкі ў архівах Вільні ўжо ўсё вывучылі. Але аказалася, што ў Цэнтральным гістарычным архіве ў Вільні ёсць цэлая некранутая тэчка, прысвечаная Палуце Бадуновай. Нават падчас выдання збору твораў былі знойдзеныя новыя матэрыялы, якія ўвойдуць ужо ў наступную кнігу.
Гэтая ж — першая спроба сабраць творы аўтаркі, і мае, хутчэй, асветніцкую мэту. З лістоў Палуты Бадуновай можна зразумець, што яна пісала п’есы, адна з якіх прысвечаная Цётцы. Цётка і Максім Багдановіч былі найулюбёнымі аўтарамі Бадуновай. Дарэчы, Палуту Бадунову даследчыкі таксама завуць Цёткай Палутай. У другім, дапоўненым зборніку твораў будуць сабраныя ў тым ліку лісты Бадуновай, якія маюць не меншае значэнне, чым яе мастацкая і публіцыстычая творчасць.
Палуту Бадунову часта крытыкавалі за слабасць тэкстаў. Але многія даследчыкі прызналі, што апавяданне «Смерць мачыхі» — вельмі моцны тэкст, мужчына не мог такога напісаць.
Яшчэ і сёння аўтарку ўпікаюць за дрэнную беларускую мову, але чамусьці мала каго хвалюе, што многія мужчыны-пісьменнікі пісалі з жудаснымі памылкамі. Дарэчы, у зборніку ўкладальнікі адмыслова не сталі папраўляць русізмы, каб паказаць, як Палута прабівалася да сваёй беларускай мовы. Яна пісала вершы па-руску, але прозу і пераклады — па-беларуску.
Як настаўніца, Палута Бадунова разумела, што праблем з беларусізацыяй не будзе, калі пачынаць яе з маленства. Таму яна пачала пісаць для дзяцей і перакладаць ірландскія народныя казкі з англійскай і рускай моў на беларускую. Так што збор твораў будзе цікавы не толькі дарослым, але і дзецям.
Адметныя не толькі мастацкія творы Палуты Бадуновай, але і яе публіцыстыка. Яна цікавая тым, што выдатна ілюструе дух часу, у які жыла аўтарка. Напрыклад, ужо ў 20-я гады ХХ стагоддзя Бадунова пісала пра тое, што рэлігія вельмі часта не спрыяе эмансіпацыі і развіццю жанчын. Феміністкі на Захадзе прыйшлі да гэтага толькі ў другой палове ХХ стагоддзя.
Таксама ў публіцыстыцы Бадуновай выдатна прасочваецца дваістасць беларускай душы: паміж захадам і ўсходам, паміж рэлігіяй і свецкасцю. Так, досыць часта ў яе творах можна сустрэць фразы кшталту «З Богам жа, таварышы!». Аўтарка спрабуе такім чынам кансалідаваць беларусаў, знайсці кампраміс, прычым не радыкальным чынам, а кліча іх за стол перамоваў.
Уладзіслаў Гарбацкі падкрэслівае гендарную прызму творчасці Палуты Бадуновай. Нават зборнік стаў першай кнігай, выдадзенай у серыі «Гендарная БНР». Здавалася б, пры чым пытанне гендару да Палуты Бадуновай? Ды хаця б пры тым, што многія даследчыкі распавядалі, што сустракалі яе тэксты ў архівах, але адкідвалі іх, бо… іх напісала жанчына.
І калі кнігі пра беларускіх пісьменнікаў-мужчын пачалі выдаваць напачатку 1990-х, то да жанчын справа стала даходзіць значна пазней. І цяпер у серыі «Гендарная БНР» плануецца выдаць прынамсі пяць зборнікаў твораў выдатных беларускіх дзяячак і пісьменніц Ванды Лявіцкай, Івонкі Сурвілы, Ніны Абрамчык, Ларысы Геніюш.
А першы збор твораў Палуты Бадуновай неўзабаве з’явіцца ў кнігарнях «Логвінаў» і «Акадэмкніга», таксама плануецца стварэнне электроннага варыянту кнігі.