Паміж «Полем цудаў» і «Митьками»
Першага красавіка ў Мінску адкрыўся «Музей кітчу». Мы наведалі імпрэзу і канстатавалі: «кітч» — гэта наша ўсё.
Багацце народа, якія ўшанавалі увагай выставу ў дзень адкрыцця, у чымсьці прадстаўляе феномен. Бо, як слушна адзначыў адзін з арганізатараў, «часткай нашай дзяржавы з'яўляецца кітч». Іншымі словамі, паход у памяшканне Саюзу дызайнераў (на яго базе адкрыўся музей) можна было лёгка кампенсаваць праглядам каналаў роднага БТ, дзе часцяком дамінуе той самы брутальны лубок, які ў асяродзі культуролагаў і называецца «кітч». Для прыкладу ўзгадаем дызайн рулонаў сена, якія прыкрашаюць пасля ўборачнай палі ўздоўж аўтатрас. Некаторыя намаляваныя на рулонах грымасы штурхаюць проста на метафізічныя думкі.
Сярод выстаўленых у музеі экспанатаў было вельмі шмат таго, што можна ўбачыць у рэпартажах афіцыёзу. Напрыклад, велізарная маса артэфактаў савецкага шырспажыву ад плакатаў і талерак з выявамі правадыроў да габеленаў, якіх Георгій Віцын ў «аперацыі Ы» прасоваў за кошт ўдарнага рэкламнага слогана — «налетай, торопись, покупай живопись».
Нельга было прайсці міма стэнду з калекцыяй «чарнілаў», якой літаральна замілоўваліся наведвальнікі. Некаторыя нават рабілі сэлфі з пляшкамі. Зрэшты, засілле савецкіх артэфактаў не індактрынавала наведвальнікаў, а, хутчэй, выклікала эфект, які ўзнікае на знакамітым кожнаму мінчуку «Полі цудаў» ў Ждановічах.
Прысутнічалі і творы, аўтары якіх самі спрабавалі зрабіць нешта ў жанры «кітч». Напрыклад, вялікая матрошка з пап'е-машэ з тату «Вова», якая відавочна азначае «рускі свет». Такія эксперыменты цікава экстрапаліраваць на нядаўні скандальны ролік Галыгіна-Шнурава пра «Восьмае сакавіка». Яго стваральнікі таксама юзаюць «кітч», аднак максімальна яго прымітывізуюць. Мастакі з музею шукаюць і прыдумляюць нейкую канцэпцыю, праўда, вельмі часта незразумелую.
Зрэшты, магчыма, аўтары выставы і не намагаліся змагацца з дзяржавай, якую ў вобласці кітча яўна ніхто не пераплюне. Нездарма на адкрыцці асобна падкрэслілі, што адна з задачаў музею — стварыць адпаведную атмасферу ў нормах кватэрніка (плошча выставы, дарэчы, не большая за «палутарку»). Пастаўленая задача была цалкам вырашаная пасля таго, як у залі з’явілася прадастаўленае спонсарамі віно і ў куце затрэнькала піяніна. Атмасферы артыстычнай тусоўкі спрыяў і адзін з прысутных, апрануты ў стылі сяброў руху «Митьки» (шапка-вушанка, фуфайка плюс трэнікі).
Выстава прапрацуе яшчэ нейкі час і, думаецца, кожны здолее яе наведаць. У тым ліку затым, каб пасля выхаду з музею раптам адчуць — навакольны свет з’яўляецца не чым іншым, як працягам экспазіцыі. Гэтаму яўна спрыяе лакалізацыя выставы. Раён, дзе яна праходзіць, уяўляе сабой масіў старых хрушчовак, насельнікі якіх маглі бы стаць жывымі экспанатамі музею кітчу. Напрыклад, мне пашанцавала сутыкнуцца з мужыком «пад мухай», які ў сямейніках і ў майцы выгульваў сабаку…
Выстава працуе да 15 красавіка па адрасе: Мінск, вул. Брылеўская,1.
Выстава будзе працаваць да 15 красавіка.
Фота Арцёма Лявы