Віцебскі «Аграапакаліпсіс» на выставе ў Берліне
«Аграапакаліпсіс» віцебскага мастака трапіў на выставу непадцэнзурных твораў у Берліне.

"Дажынкі" (пастэль). “Тата, не глядзі. Яны больш не працуюць на цябе”, – аўтарская падказка для прачытання.
У Берліне 31 сакавіка ў межах праекту “One can not be too careful” (“Як бы чаго ня здарылася”) адчынілася выстава, прысвечаная даследаванню цэнзуры і самацэнзуры ў сучасным мастацтве. Некалькі непадцэнзурных працаў, якія можна пабачыць на выставе, былі створаныя ў Віцебску. Абедзве прысвечаныя нашаму “нацыянальнаму болю і страху” – барацьбе за ўраджай…
Як расказаў vitebskspring.org на ўмовах ананімнасці аўтар твораў, гэты дыптых аб тым, як “ззянне абрынаецца-такі долу”: “Ну ня можа ж гэта цягнуцца бясконца!..”
Адбываецца паўстанне сельскагаспадарчай тэхнікі. Бо нават у бяздушных механізмах, пакліканых толькі для таго, каб служыць ды працаваць, абуджаюцца сілы спрадвечнага хаосу… Такі вось інфернальны матыў.
Першая праца, выкананая пастэллю, называецца “Дажынкі”.
Другі твор мае назву “Сталінец”.

"Сталінец" (пастэль)
Працавалі раней на нашых палях такія трактары – “Сталінец-65” (ад 1937-га да 1941-га году вырабляліся ў Чалябінску). Але на малюнку гэты “Сталінец” ператвараецца ў такога сабе Левіяфана, увасабленне хтанічнага жаху.
"Яго з'яўленне на полі бітвы – знак таго, што сістэма ўзбунтавалася супраць самой сябе. Карацей, штосьці пайшло ня так…" - тлумачыць аўтар.
Праект “Як бы чаго ня здарылася” (One Can Not Be Too Careful) аб’яднаў у сабе творы каля паўсотні мастакоў з Расеі, Украіны, Беларусі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны ды іншых краін.

Выставы праекту, які запрашае “зірнуць на мастацтва пад забаронай і аб забароне”, адбыліся летась і ў Беларусі – у Мінску (“ЦЭХ”) і Берасьці.
Прычым малюнкі “Аграапакаліпсісу” падаваліся арганізатарамі як прадукт змрочных фантазіяў беларускіх спецслужбаў (карцінкі былі нібыта падкінутыя на выставу падазронымі асобамі ў цывільным адзенні). Мо яно так і было?..

Адна з працаў праекту. Аўтар Айдар Бэкчынтаеў
Выстава ў Берліне працягнецца да 21 красавіка.