У Львове адкрываецца выстава «Беларусы з Украінаю ў сэрцы

Гэта – сумесны мастацкі праект беларускіх і ўкраінскіх мастакоў, прысвечаны падзеям на Усходзе Украіны.

2018_04_02_achromienka_lvou_belaruskaja_vystava.jpg


Мастацкая выстава “Беларусы з Украінаю ў сэрцы” складаецца больш чым з чатырох дзясяткаў карцін. Беларускі бок прадстаўлены працамі Генадзя Драздова, Алеся Пушкіна, Алеся Сушы, Андруся Такіндана і Алеся Цыркунова. З украінскага боку да праекта далучыўся данецкі мастак Тарас Носар.
Частка карцін стваралася пасля выезду мастакоў у зону баявых дзеяў у 2015 годзе. Сярод арганізатараў паездкі былі і байцы з тактычнай групы “Беларусь”, якія бралі ўдзел у абароне ўкраінскай незалежнасці на Данбасе. Арт-праект ужо пабачылі ў Крапіўніцкім, Чарнігаве і на Херсоншчыне, а таксама ва ўкраінскай амбасадзе ў Беларусі. Выстава адкрываецца ў Львоўскім Палацы мастацтва 3 красавіка.
racyja.com