Першы том «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага пабачыў свет

Раман Сяргея Пясецкага «Яблычак» —  першая частка «Менскай трылогіі» — выйшаў у выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута Польскай кнігі ў Кракаве.



pres_jablychak__.jpg

3 сакавіка 2018 года а 17-й гадзіне на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр. Пераможцаў, 14) у рамках XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя перакладу першай часткі “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага “Яблычак”.

Раман выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута Польскай кнігі ў Кракаве, пераклаў твор тэлевядоўца і філолаг Віктар Шукеловіч.

“Яблычак” — першы раман з “Менскай трылогіі”. Дзеянне кнігі разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой расійскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся злодзеі, прастытуткі і махляры. Раман, які спалучае гумар і трагізм, апісвае злачынствы і ўнутраны свет злачынцаў, захапляе з першых старонак і трымае ў напружанні да апошняга.

flaer_jablyczak.jpg

“Гэта ўнікальны твор, — кажа Віктар Шукеловіч. — Кніга заснаваная на рэальных фактах і вельмі займальна расказвае нам, што адбывалася ў Менску 100 гадоў таму. У рамане нічога няма “з паветра”, як адзначыў сам Сяргей Пясецкі ва ўступе да выдання. Прычым твор апісвае вельмі спецыфічнае і закрытае асяроддзе зладзеяў, пра якіх мы звыкліся чытаць пераважна ў крымінальных хроніках, а не ў мастацкіх творах. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна напісаная сведкам і ўдзельнікам падзей пачатку мінулага стагоддзя, знаўцам зладзейскіх парадкаў і звычаяў.

Перакладчыку заўсёды прыемна працаваць з творам, які яму самому падабаецца. А “Яблычак” уцягнуў мяне з галавою — ад мяне ніяк не адступала пытанне: “Дык а што ж там будзе далей?” Менск мне не чужы — з ім звязаныя гады майго студэнцтва — таму мне было ў асалоду разам з Пясецкім апынуцца на даўнейшых вуліцах беларускай сталіцы, прыслухацца да размоваў мінакоў, наведаць рынак, купіць газету на Саборным пляцы, праехацца фурманкай... Перакладаць аўтара было для мяне асаблівай прыемнасцю яшчэ і з той прычыны, што мая бабуля ў дзявоцтве таксама мела прозвішча Пясецкая. Можа, таму ў мяне і было адчуванне, што я працую не з раманам, а з лістамі з мінуўшчыны, атрыманымі ад блізкага родзіча. Спадзяюся, што ў будучыні я перакладу на беларускую мову таксама наступныя часткі Менскай трылогіі, у якіх яшчэ больш прыгод, інтрыг і авантур”.

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчык Віктар Шукеловіч і літаратуразнаўца, адзін з аўтараў кнігі “Наш і не наш Сяргей Пясецкі” Мікалай Хмяльніцкі. Спецыяльны госць прэзентацыі  — музыка Піт Паўлаў, які прадставіць песні, напісаныя паводле матываў раманаў шпіёна і кантрабандыста Сяргея Пясецкага.

pres_jablychak.jpg


Сяргей Пясецкі — польска-беларускі пісьменнік, які нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, сярод якіх былі шпіянаж і кантрабандная дзейнасць на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. У 1926 годзе Сяргея Пясецкага за бандыцкі налёт прысудзілі да смяротнага пакарання, але потым замянілі прысуд на 15 гадоў турмы.

За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент, а яго творы прынеслі славутасць і дапамаглі раней вызваліцца з турмы.

Пасля Другой сусветнай вайны Пясецкі эміграваў на Захад, дзе жыў у вельмі сціплых умовах, хоць меў еўрапейскую літаратурную славу. Памёр у 1964 годзе ў Вялікабрытаніі.

Паодле прэс-службы Польскага Інстытута ў Мінску