П’еса для Вольгі: бенефіс народнай артысткі Вольгі Клебановіч у Тэатры імя Горкага

Вольга Клебановіч даўно павінная была сыграць у творах Сомерсэта Моэма (а можа, і сыграла ўжо некалі), настолькі яе акцёрская сутнасць блізкая да таго, што Моэм апісаў у вобразе Джуліі Ламберт, у “Тэатры”, сваім, напэўна, самым знакамітым рамане. Лёгкасць і дакладнасць былі ідэалам актрысы для знакамітага брытанскага пісьменніка. А актрыса для яго была ідэалам жанчыны.



9bb1ce6f09a4d594ff678f39e58f1f3b.jpg

Вольга Клебановіч

Жанчыны непрадказальныя, і гэта раздражняе нас, мужчын. Моэм вучыць нас палюбіць гэтую непрадказальнасць. Нельга знайсці ключ да жаночай логікі, але можна адасобіцца ад таго, што адбываецца, пачаць атрымліваць асалоду, як ад назірання пажару, вадаспаду і іншых бясконцых субстанцый. Паназіраць жанчыну ў замкнёным коле кахання прапануе нам аўтар, але ў нейкі момант, здаецца, нават самі персанажы далучаюцца да гледачоў. У гэтым сэнсе “Кола кахання” — ідэальная п’еса да юбілею.

Бенефісныя спектаклі заўсёды пакідаюць цікавае адчуванне. Чакаеш ад юбіляра нейкай асаблівай шчырасці, пафасу і жарсці. Споведзі, напэўна. Тут не той выпадак. Вольга Клебановіч грае ў легкадумнай камедыі пра легкадумную жанчыну. Нават пра свае трагедыі лэдзі Кіці, гераіня Клебановіч, расказвае звонкім высокім голасам, быццам пераказвае свежы анекдот. “Я зрабілася сівой у 40 гадоў”, — напрыклад, кажа, і ў гэтай фразе чуеш быццам бы какецтва. “Я не проста прыгожая, я перамагла час!” — нібы сцвярджае гераіня. Гэта тычыцца і самой выканаўцы. Клебановіч змяняе столькі строяў, што модныя рэжысёры абавязкова транслявалі б працэс пераапранання live, і гэта надавала б спектаклю яшчэ больш драйву.

Ужо першае з’яўленне Клебановіч на сцэне выклікае рэакцыю залы. З крыкам “Мой хлопчык!” яна кідаецца да Тэдзі, героя Івана Стральцова, а калі ёй паказваюць, што сын стаіць у іншым баку, яна не змяняе ні хуткасці, ні імпэту і ўжо нясецца ў той самы бок. Прырода камічнага таленту Клебановіч ляжыць у здольнасці выявіць нават самыя мінімальныя тэмпарытмічныя нюансы. І гэтым карыстаецца рэжысёр Абрамаў, зрабіўшы шырокія мізансцэны, раскідаўшы герояў па розных кутах пляцоўкі. Пры такіх адлегласцях любая замінка будзе адчувацца катастрафічнай, але артысты працуюць як англійскі гадзіннік. Іван Мацкевіч і Аляксандр Ткачонак выдатна дапаўняюць Клебановіч, і нягледзячы на высокія хуткасці (той паказ, які я бачыў, сыгралі на 10 мінут менш, чым было аб’яўлена), спектакль выглядае нязмушана і расслаблена.

У некаторых момантах тэкст п’есы выглядае скарочаным (героі Моэма бясконца граюць у брыдж, гульню, нюансаў якой мы не разумеем). Рэжысёр, на маю думку, удала кампенсуе зацягнутасць тэмпераментам выканаўцаў. Але пакуль, трэба прызнаць, некаторыя моманты зразумелыя, бо аўтар хітра сам тлумачыць свае жарты са сцэны…

Ідэя п’есы і спектакля таксама ў супрацьпастаўленні двух пакаленняў персанажаў. Кожны з герояў пазнае сябе ў сваім больш маладым ці сталым адпаведніку і быццам “замыкае” кола. Прынамсі мне так здаецца, і ў такім кірунку трэба было рухацца, але менавіта ў дыялогах Юліі Кадушкевіч з Вольгай Клебановіч такая ідэя выяўляецца больш-менш поўна. Маладая актрыса грае лёс лэдзі Кіці ў самы пераломны і важны момант яе жыцця, таксама яна лёгкая і вясёлая, быццам на яе не цісне адказнасць. Тым не менш адказнасць цісне: ваганне паміж адказнасцю і сапраўдным пачуццём і складае сапраўдную інтрыгу гэтага мастацкага твора. У нечым гэтая інтрыга нагадвае п’есу Івана Вырыпаева “Ілюзіі”, якую нядаўна паказала рэжысёр Таццяна Траяновіч, дзе героі бясконца вырашаюць, ці можа быць сапраўднае каханне неўзаемным. Гэты самы выбар стаіць перад маладой Элізабет, якая ўжо наважылася ахвяраваць сваім шчасцем і не пакідаць свайго мужа (як гэта зрабіла ў свой час лэдзі Кіці), але ў гэты самы момант малады каханак ёй кажа, маўляў, не абяцаў шчасце, а абяцаў толькі каханне. І выбіраць трэба наноў.

Старэйшыя персанажы глядзяць на гэта як на даўнішні фотаальбом і замілаваныя сабой яшчэ больш.

Уменне пісаць лёгка пра складаныя рэчы: так напэўна можна ахарактарызаваць галоўную здольнасць Моэма як аўтара. І, упэўнены, спектакль яшчэ набярэ неабходнай складанасці, якую артысты мусяць адчуць між геаметрыяй сваіх мізансцэн.

Спектакль зроблены ў прымітыўных і простых дэкарацыях. І гледачу трэба напружыць сваю фантазію, каб у наборы рознакаляровых куліс пабачыць віктарыянскі маёнтак, а ў “лагунаўскай” мэблі — шыкоўны антыкварыят, якім так захапляецца Арнольд, персанаж Руслана Чарнецкага. Тым не менш спектакль стыльны, нечым нагадвае “Ідэальнага мужа”, такую самую брытанскую камедыю. Адно толькі рэжысёр назойліва ўключае рамантычную музыку ў рамантычныя моманты, і толькі тады ўсведамляеш, што ўвесь час артысты цудоўна працавалі без “агучкі”, толькі сваімі ўласнымі здольнасцямі.

Трэба аддаць належнае Мадэсту Абрамаву, які зрабіў спектакль лёгкім і смешным. І не дзіўна, бо менавіта ён, на маю думку, самы паспяховы камедыйны рэжысёр Беларусі.

Не думаю, што гэты спектакль знойдзе прыхільнікаў сярод тэатральных эстэтаў, гэты спектакль занадта нагадвае іншыя брытанскія камедыі, але фанаты артыстаў Тэатра імя М. Горкага будуць задаволеныя.

Аляксей Стрэльнікаў, budzma.by