Пленэр на Койданаўшчыне, альбо «R + Я»
Мастакі выходзяць на прыроду і малююць. Менавіта творчасць дапамагае ім знайсці сваё месца ў жыцці.

Аксана Коўнер, перакладчыца, мастачка з Масквы.
Шмат на Беларусі цудоўных маляўнічых мясцін, якія з даўніх часоў прываблівалі айчынных і замежных мастакоў. Вядома, што ў сваёй сядзібе Здраўнёва, што пад Віцебскам, на беразе Заходняй Дзвіны, вялікі рускі мастак Ілля Рэпін стварыў свае знакамітыя карціны “Касец — ліцвін”, “Беларус”, “На Заходняй Дзвіне” і іншыя мастацкія творы.
Прыгажосцю зачароўваюць таксама краявіды Міншчыны. І зусім не выпадкова ўжо 16 гадоў запар на Койданаўшчыну на летнія пленэры пад назвай “R + Я” збіраліся мастакі.
Спачатку з Гомеля на Койданаўшчыну прыязджалі выбіраліся таленавітыя дзеці з праблемамі слыху, а з 2010 года пачалі збірацца дарослыя прафесіянальныя мастакі з праблемамі слыху з Беларусі, Украіны, Расіі, Прыбалтыкі. Усіх іх гасцінна сустракае цудоўная жанчына, мастак-педагог Наталля Ермаловіч.
Варта падкрэсліць, што гэта культурнае мерапрыемства штогод праходзіць на грамадскіх пачатках. Адзінае, чым дапамагаюць улады, — выдзяленне аўтобуса.

Наталля Ермаловіч, арганізатар пленэра.
Хто ж яны, нашы госці? Гэта таленавіты мастак, прэзідэнт Асацыяцыі глухіх мастакоў Расіі масквіч Анатоль Мікляеў, мастачка з Масквы, якая на пленэрах з’яўляецца і перакладчыцай, Аксана Коўнер, адзін з арганізатараў пленэру, мастак, педагог гамяльчанін Васіль Сідоранка, мастачка з Гродна Марыяна Бандарчук, мастачка з Рыгі Санта Кесенфелдэ з мужам Робертам, мастак з Украіны Аляксей Нашывачнікаў. А Дзяржынск прадстаўляў мастак Уладзімір Чыквін, які добра чуе і размаўляе.
Большасць пленэраў праводзілася ў вёсцы Вялікае Сяло на базе мясцовай сярэдняй школы і Дома народнай творчасці, які ўзначальвае Наталля Ермаловіч. А з 2017 года пленэры пачалі праводзіцца на базе аграсядзібы Наквасы, дзе масатакоў з розных краін прымаюць гасцінныя гаспадары аграсядзібы Васіль і Ала Верамейчыкі.

Санта Кесенфелдэ з мужам Робертам (Рыга).
Мастакі выходзяць на прыроду і малююць. Менавіта творчасць дапамагае ім знайсці сваё месца ў жыцці. Іх пейзажы, выкананыя на пленэры, вельмі рэалістычныя, прасякнутыя любоўю да прыроды. Наваколле нашых беларускіх мясцін бачыцца гэтым людзям такім зялёным, прыгожым, што аж хочацца занырнуць у намаляваную высокую траву, упівацца пахамі лугавых кветак.
Упершыню мне давялося пазнаёміцца з мастакамі і іх творамі ў 2010 годзе. А сёлета я быў запрошаны ў аграсядзібу Наквасы на свята “Наквасаўскі гасцінец”, дзе ўдзельнікі пленэру выстаўлялі свае мастацкія творы. Некаторыя з імастакі праз 9 гадоў пазналі мяне, што было вельмі прыемна.

Уладзімір Чыквін (Дзяржынск)
А 3-га ліпеня нашы госці выстаўлялі свае мастацкія творы на галоўнай алеі парка Дзяржынска, дзе праходзілі святочныя мерапрыемствы ў гонар 75-годдзя незалежнасці Беларусі.
Творчая рэабілітацыя глухіх таленавітых людзей сродкамі выяўленчага мастацтва ужо некалькі гадоў запар паспяхова працягваецца на гасціннай беларускай зямлі. Вельмі хацелася б, каб на Беларусі не танкі і іншая ваенная тэхніка замежных краін ці то з Усходу, ці з Захаду прасавалі асфальт вуліц Мінска і іншых гарадоў Беларусі, і каб не салдаты чужых краін шпацыравалі на нашых вуліцах, а каб часцей да нас прыязджалі ў госці мастакі, паэты, артысты з усіх краін свету.

Агульны здымак
Фота аўтара