Полацк: два святы ў адным
У першыя выходныя верасня ў Полацку пройдзе Дзень беларускага пісьменства і адначасова — фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон–2017».

Сёлета святкуецца 500-годдзе беларускага кнiгадрукавання i 1155-годдзе Полацка. Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Сёлета месцам для святкавання была абрана радзіма нашага першадрукара Францыска Скарыны.
Палачан і гасцей горада чакае мноства мерапрыемстваў. Каля помніка Сімяону Полацкаму 1 верасня з 11.00 пачнецца дзіцяча-моладзевы фэст. Адначасова ля помніка Р. І. Кандраценку будзе працаваць праект “Дзённае святло — ёсць слова кніжнае” з выставай макетаў, фотагалерэяй, вернісажам. Паралельна на плошчы Свабоды будзе паказана тэатральна-гістарычная замалёўка “Вялікі асветнік”, а ля помніка Ефрасінні Полацкай пройдзе фестываль “Вялікай асветніцы прысвячаецца”… Асобныя праграмы прапануюць шматлікія школы і музеі горада.


У Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску 1 верасня а 16.00 пройдзе ўрачыстае гашэнне маркі і паштовай капэрты, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
У полацкім універсітэце 2 верасня пройдуць навукова-практычная канферэнцыя “Полацкія чытанні”. А 18.00 ля Сафійскага сабора плануецца ўрачыстае адкрыццё памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”.


У самім саборы пасля гэтага адкрыецца культурна-мастацкі праект “Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая”.
На плошчы Францыска Скарыны пройдзе Фестываль кнігі і прэсы. Домік Пятра І прыме выставу аднаго дня “Полацк на памятных манетах Рэспублікі Беларусь”. У Музеі беларускага кнігадрукавання ААТ “Белгазпрамбанк” прэзентуе “Малую падарожную кніжку” Францыска Скарыны са сваіх збораў.
Жыхароў і гасцей горада чакаюць таксама дыскатэка, хросны ход, вулічныя музыкі, народныя выканаўцы, рамеснікі… Кожны знойдзе нешта па душы.

Каля Кургана Бессмяротнасці 1–3 верасня ў шосты раз адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон». Гэта цудоўная магчымасць патрапіць у мінулае, убачыць лоўкасць і майстэрства лучнікаў, моц і адвагу на рыцарскіх турнірах, адчуць, як зойме дух ад лязгату зброі ў час сшыбкі войскаў на бугуртах і рэканстурцыі сярэднявечнай бітвы. Зноў, як і шмат стагоддзяў таму, дзвінскія хвалі панясуць сапраўдныя сярэднявечныя караблі — дракары.

Старажытная музыка, прадстаўленні вулічных актораў, рамесная слабада, майстар-класы, лекторыі, сярэднявечная таверна і шмат іншага будзе прапанавана жыхарам і гасцям горада. На свяце выступяць гурты HardWood, “Хмельны вір”, PAWA. Не будуць сумаваць і дзеці: для іх ладзіцца асобная пляцоўка з батлейкай, гульнямі, танцамі.
Самыя смелыя змогуць падняцца ў неба на паветраных шарах ці геракоптарах.
1 верасня а 21.00 у межах фестывалю пройдзе піратэхнічнае шоў “Terra Incognita”. Упершыню ў Беларусі: вялікія шпулькі «Теслы», містычнае вогненнае відовішча, акрабатыка ад артыстаў тэатра «Дзю Салей», незабыўныя малюнкі святлом.

Ніводны горад Беларусі не мае такой багатай гісторыі, культурнай спадчыны, не зведаў такой велічы і славы і, разам з тым, вынішчэння ды заняпаду як Полацк. Дзе як не тут, у цэнтры зараджэння духоўнасці і культуры, трэба звяртацца да сваёй легендарнай мінуўшчыны, каб абудзіць у душах людзей гонар, павагу ды любоў да сваёй Радзімы, спадчыны, продкаў. Каб жыхары горада пазайздросцілі самі сабе, што нарадзіліся на такой вялікай зямлі, што ўвабрала ў сябе энергетыку адданых сваёй радзіме людзей. І зноў над ракой прагучыць кліч полацкіх ваяроў — «РУБОН!!!»

Фота аўтаркі