«Полацкі сшытак» як нацыянальны брэнд

Не так даўно адбылася падзея, якую шмат гадоў чакалі слухачы, крытыкі, музыказнаўцы і ўсе зацікаўленыя ў развіцці беларускай музычнай культуры: пабачыў свет доўгачаканы альбом з творамі легендарнага музычнага помніка — «Полацкага сшытка» з удзелам гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса».

Сапраўдны прарыў у папулярызацыі знакамітай знаходкі сумеснымі намаганнямі ажыццявілі выдавец і прадзюсер сярэднявечных музычных праектаў Арына Вележ і выдаючая кампанія БМАgroup.

Не так даўно адбылася падзея, якую шмат гадоў чакалі слухачы, крытыкі, музыказнаўцы і ўсе зацікаўленыя ў развіцці беларускай музычнай культуры: пабачыў свет доўгачаканы альбом з творамі легендарнага музычнага помніка — «Полацкага сшытка» з удзелам гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса».
Сапраўдны прарыў у папулярызацыі знакамітай знаходкі сумеснымі намаганнямі ажыццявілі выдавец і прадзюсер сярэднявечных музычных праектаў Арына Вележ і выдаючая кампанія БМАgroup.
А пачалося ўсё з першай разгорнутай публікацыі на тэму «Полацкага сшытка» ў газеце «Чырвоная змена» (№208 ад 30 кастрычніка 1985 года), карэспандэнтам якой В. Мартыненку і аўтару гэтых радкоў прафесар-беларусазнаўца Адам Мальдзіс распавёў гісторыю знаходкі ў Ягелонскай бібліятэцы рукапіснага сшытку з таямнічымі знакамі — нотнага зборніка з больш як двума сотнямі твораў свецкай музычнай культуры беларускіх зямель XVII стагоддзя. З гэтага часу многія айчынныя выканаўцы, гурты і ансамблі старажытнай музыкі пачалі прапаноўваць слухачам свае апрацоўкі, версіі і трактоўкі твораў беларускай свецкай (па цяперашняй тэрміналогіі — папулярнай) музыкі. Гэта былі гады плённага асэнсавання музычнай спадчыны нашага народа.
Паколькі музычны помнік быў адкрыты ў Польшчы, да таго ж яго паходжанне таксама стала прадметам гістарычных спрэчак (вёска Астрамечава ёсць не толькі на Полаччыне), кожная зацікаўленая краіна імкнулася давесці сваё права на наследаванне музычнага рукапісу. Напрыклад, у Польшчы «Полацкі сшытак» называюць «Ягелонскі рукапіс 127/56». Творы з яго былі ўпершыню запісаны і выдадзены на фірме гуказапісу «MUZA» (1972 г.) гуртом старажытнай музыкі «Fistulatores et Tubicinatores Varsovienses» пад рубрыкай «Musica Antiqua Polonica». Такі ж дыск з творамі свецкай музыкі XVII стагоддзя быў выдадзены ўкраінскімі выканаўцамі, у прыватнасці Нінай Матвіенка і ансамблем даўняй музыкі К. Чэчэні...
Былі спробы айчынных выканаўцаў захаваць на аналагавых і лічбавых носьбітах нашу музычную спадчыну, якая прыцягвала ўсе больш і больш выканаўцаў рознага ўзроўню і стылістычнай накіраванасці. Так, версія часткі твораў «Полацкага сшытка» была запісана інструментальным складам танцавальнага гурта «Харошкі» і выдадзена на вінілавым дыску. Асобныя творы выконваліся і выдаваліся на дысках беларускімі ансамблямі «Cantabile», «Contredance», «Brevis», «Lituus». Апошні прыклад выдання «Полацкага сшытка» быў прадстаўлены гуртом старажытнай музыкі «Стары Ольса» на іх сольным альбоме «Дрыгула». Але, як падкрэсліў музычны крытык Вітаўт Мартыненка, гэты дыск, як і іншыя спробы, не выканалі асноўную мэту такога выдання — дыскі не стварылі са знаходкі Адама Мальдзіса сапраўднага нацыянальнага брэнда. «Дзе на вокладцы дыска можна прачытаць, што гэта «Полацкі сшытак»?» — са скрухай пытаўся ў музыкантаў і выдаўцоў Вітаўт.
Гэта зразумелі каманда выдаўцоў БМАgroup і Арына Вележ, якія ўзяліся стварыць такі артэфакт. Тым больш, што матэрыялу для альбома пад доўгачаканай назвай назапашана было дастаткова. Хутка ідэя набыла сваё рэальнае аблічча: дыск, як займеў падзагаловак «the best interpretation», прадстаўляе 28 самых яркіх твораў «Полацкага сшытка» ў розных стылістычных афарбоўках. З’яўленне на нашых музычных паліцах і ў каталогах дыска са знакамітым музычным помнікам стала сведчаннем таго, што «Полацкі сшытак» пераўтварыўся ў трывалы чыннік музычнай спадчыны беларусаў.
Тое, як бы мог гучаць «Полацкі сшытак», гурт «Стары Ольса» прадставіў на прэзентацыі згаданага дыска ў рэчышчы ўсёй сваёй творчасці. Таму на канцэрце гучалі не толькі п’есы з новага дыска, але і кампазіцыі, рэканструяваныя для альбому «Гераічны эпас Вялікага Княства»: «Ліцьвін», «Абарона Крычава», «Аршанская бітва», «Рыцар Вайда», «Будзінаўская бітва» і іншыя кампазіцыі, якія складаюць гераічны эпас нашых продкаў.
Што тычыцца «Полацкага сшытка», то ён быў выкананы музыкамі на такім узроўні, што яго творы адразу палюбіліся слухачам, і ні ў каго не ўзнікла сумненняў у беларускім паходжанні музыкі з гэтага зборніка.
Трэба адзначыць, ідэя адмысловага выдання асобным дыскам «Полацкага сшытка» была настолькі моцнай і надзённай, што быццам бы шмат гадоў «вісела ў паветры» беларускага культурніцкага кантэксту. І вось час адраджэння помніка беларускай свецкай музыкі прыспеў. І якое ж было здзіўленне слухачоў, крытыкаў і музыказнаўцаў, калі яны даведаліся, што цяпер у Беларусі выдадзены «Полацкі сшытак» ажно ў двух варыянтах! Яшчэ адну спробу адраджэння «Полацкага сшытка» зрабіла кампанія «Вігма» і незалежны выдавец старажытнай беларускай музыкі Уладзімір Азёма.