Польская выцінанка — беларускі брэнд?

У аздабленні вітрын да Еўрагульняў сталічны ЦУМ выкарыстаў нацыянальны польскі брэнд — лавіцкія выцінанкі. Усё б нічога, але выявы былі дапоўненыя надпісамі: «Гэта Беларусь. Нам ёсць чым ганарыцца».

56619816_2119010068167406_684956105851273216_n.jpg


На недарэчнасць звярнулі ўвагу сябры Саюза майстроў народнай творчасці.
— Мне вельмі прыемна, што апошнім часам да беларускай выцінанкі такая актыўная ўвага. Ідэя ЦУМа, наколькі я зразумела, калі размаўляла з чалавекам, адказным за гэтую справу, была ў тым, каб паказаць беларускія маляваныя дываны. Таксама выдатная ідэя, таму што беларускія маляваныя дываны адмысловыя. Але справа ў тым, што некаторыя элементы, выкарыстаныя для аздаблення вітрын, чамусьці ўзятыя з польскіх лавіцкіх выцінанак, — распавяла «Новаму Часу» народны майстар, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вольга Бабурына. — Калі вы прыедзеце ў Польшчу, вы ў любой сувенірнай краме знойдзеце рэчы з такімі выцінанкамі. Яны вельмі характэрныя і спецыфічныя. Я ў гэтай тэме абсолютны прафесіянал, і калі раптоўна ўбачыла фотаздымкі, не змагла спакойна да іх паставіцца. Мне падалося гэта прафесійнай абразай беларускіх выцінаншчыкаў, а таксама гэта ганьба недасведчанасці тых, хто займаўся распрацоўкай і ўзгадненнем дызайну.

57029138_2119010211500725_2207695511782162432_n.jpg


Па словах Вольгі Бабурынай, у Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці ёсць выбітныя знаўцы сваёй справы, да якіх можна звярнуцца па бясплатную кансультацыю. Але перад тым, як афармляць вітрыны цэнтральнага беларускага ўнівермагу, гэтага ніхто не зрабіў.
У нас ёсць такі момант недасведчанасці ў галіне беларускага мастацтва і традыцый, — працягвае Вольга Бабурына. — Часам украінскую вышыванку выкарыстоўваюць замест беларускай, не бачачы паміж імі ніякай розніцы. Гэта непрафесіяналізм і хібы ў выхаванні, і з часам гэта выправіцца, я ўпэўнена. Але цяпер нам трэба звяртаць увагу на такія выпадкі. Вы ўявіце, калі будуць ісці палякі, і яны над сваімі выцінанкамі ўбачаць: «Гэта Беларусь. Нам ёсць чым ганарыцца»!

56716083_2119010184834061_4631716435930906624_n.jpg


У ЦУМе Вольгу Бабурыну скіравалі да нейкага Паўла Леанідавіча, але ў яе склалася адчуванне, што ён увогуле не зразумеў, у чым праблема. Праўда, пазней з народным майстрам звязалася дызайнерка, якая займалася гэтым праектам, і прапанавала абмеркаваць, як можна выправіць сітуацыю.


Вольга Бабурына мяркуе, што блытаніна польскіх выцінанак з беларускімі маляванымі дыванамі адбылася праз падабенства ў каляровым афармленні.
— Маляваныя дываны — яны каляровыя, яркія, а беларуская выцінанка звычайна манахромная. Лавіцкая выцінанка вельмі нагадвае аплікацыю: адна на адну наклейваюцца каляровыя элементы і атрымліваюцца прыгожыя кветкі і іншыя сюжэты. І ў гэтым плане яна пераклікаецца з маляванымі дыванамі — у гэтым і была дызайнерская памылка. Мне, як чалавекку дасведчанаму, гэта адразу рэжа вока. Трэба выхоўваць густ людзей, якія аднойчы ўбачаць вітрыну і будуць думаць, што гэта беларускае. А потым яны прыедуць у Польшчу, убачаць гэтыя выцінанкі — і як сябе будуць адчуваць? Трэба вярнуць павагу да нашага, беларускага, і да беларускай мастацкай культуры ўвогуле.
У ЦУМе паабяцалі, што паспрабуюць зрабіць так, каб з вітрын знікла падабенства да лавіцкіх выцінанак. Праўда, ці застанецца падабенства да беларускіх маляваных дываноў — ужо іншае пытанне.
Пасля звароту дызайнерка прадаставіла Вользе Бабурынай эскізы для кансультацыі. Чаму гэтага нельга было зрабіць адразу?
Фота Алены Шаліма з фейсбука Вольгі Бабурынай