Вынас тэхнікі расцэньваем як рэпрэсіі. Афіцыйная заява тэлеканалу «Белсат» у сувязі з ператрусам у мінскім офісе
Сёння працаўнікі Следчага камітэту Беларусі некалькі гадзінаў праводзілі дакладны ператрус у памяшканні, што выкарыстоўваецца для працы журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» у Мінску, пасля чаго сярод іншага вынеслі ўсе камп’ютары. Афіцыйная падстава – расследаванне крымінальнай справы паводле арт. 188 ч. 2 («Паклёп»), распачатай мінскаю пракуратурай, паведамляе Белсат.
Летась на нашым партале ў тэксце пад відэаматэрыялам пра меркаваную карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя праз тэхнічную памылку была пададзеная памылковая інфармацыя (быў апублікаваны чарнавік, не канчатковы варыянт тэксту). Прычым памылка была толькі ў тэксце ў інтэрнэце, а не ў тэлевізійным матэрыяле. Памылку мы хутка выправілі, апублікавалі абвяржэнне, прынеслі прабачэнні генералу Андрэю Шведу, якога тая памылка датычыла. Следчы камітэт правёў праверку ў гэтай справе і падставаў для крымінальнага пераследу не знайшоў. Аднак у студзені сёлета мінская пракуратура завяла крымінальную справу з гэтай жа нагоды.
Мы перакананыя, што ўлады выкарыстоўваюць фармальную нагоду, каб яшчэ раз паказаць незалежным СМІ іх месца, «зачысціць» медыйную прастору перад будучымі выбарамі. Пасля сумнавядомай «справы БелТА» чарга дайшла і да нашага тэлеканалу. Адзначым, што журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», пастаянна плацяць вялізныя штрафы за працу без акрэдытацыі, якой «Белсату» не даюць. Цяпер у МЗС – чарговая нашая заяўка на акрэдытацыю.
Вынас тэхнікі расцэньваем як рэпрэсіі, бо справа абсалютна ясная: мы прызналі памылку, перапрасілі. Мяркуем, што матэрыялы, якія застаюцца ў рэдакцыйных кампʼютарах, не могуць унесці ў справу нічога дадатковага, а мэта такіх дзеянняў – ускладніць нашую працу.
Незалежна ад пераследу «Белсат» будзе працягваць працу, бо мы мяркуем, што інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры варта несці грамадству, нават калі гэта звязана са штрафамі, затрыманнямі і ператрусамі.
Шчыра дзякуем калегам з іншых незалежных медыяў, а перадусім нашым гледачам і чытачам за салідарнасць.
Кіраўніцтва тэлеканалу «Белсат»