Як выглядае офіс «Белсату» пасля ператрусу (фота)
Сёння зранку ў мінскім офісе тэлеканалу «Белсат» прайшоў ператрус. Як стала вядома, яго прычынай стала ўзбуджэнне крымінальнай справы аб паклёпе.
Па словах журналіста «Белсата» Алеся Залеўскага, ператрус, хутчэй за ўсё, звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе, якую цяпер расследуе Следчы камітэт, піша baj.by.
Летам 2018 года Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася пра затрыманне кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтехноцентр» Алега Шведа.
Але тэкставая версія на сайце тэлеканала не адпавядала відэа. У тэксце паведамлялася, што затрыманы не толькі Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
— Мы адразу, як заўважылі, далі абвяржэнне, выправілі памылку. Але Андрэй Швед напісаў заяву на імя Шуневіча з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адказнасці па двух крымінальных артыкулах — паклёп і дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў.
Па словах Залеўскага, яго пачала ўзмоцнена правяраць падатковая. У лістападзе Следчы камітэт, кажа журналіст, пастанавіў, што няма падстаў пачынаць крымінальную справу. Аднак у студзені гэтага года мінская пракуратура сама ўзбудзіла крымінальную справу па факце паклёпу, дадаў Залеўскі.
— Яны вярнулі назад справу ў СК. І зараз ідуць усе працэсуальныя дзеянні наноў. Толькі нас ужо дапытваюць як сведак, а не проста бяруць тлумачэнні. Ужо былі допыты на камеру.
Па словах журналіста, следчыя шукаюць чалавека, які выставіў на сайт тэкст пад відэасюжэтам.
— Яны рыхтуюць адпаведныя запыты ў Варшаву (там знаходзіцца галоўны офіс «Белсата» — TUT.BY). Таму справа можа працягнуцца некалькі месяцаў.
Па звестках Залеўскага, іншых крымінальных спраў у дачыненні да тэлеканала або яго супрацоўнікаў цяпер няма.
Сведкамі па гэтай справе праходзяць сам Залеўскі, аператар Аляксандр Любянчук, прадстаўнікі тэлеканала Аляксей Мінчонак і Ірына Слаўнікава.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч пацвердзіў, што вобшук праводзіцца ў межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.
Журналіст Мікола Дзябёла, які быў у офісе падчас ператрусу, распавёў, што канфіскаваная ўся тэхніка. Таксама следчы даў яму падпісаць дакумент, што нельга разгалошваць артыкул Крымінальнага кодэкса, ў межах расследавання справы якога і адбываўся вобшук.
Дзябёла падкрэсліў, што гэты вобшук і канфіскацыя тэхнікі, як і ранейшыя падобныя дзеянні з боку ўладаў, скіраваныя на тое, каб перашкодзіць працы журналістаў «Белсата».
Падчас ператрусу, паводле Дзябёлы, забралі два сістэмныя блокі кампутараў, тры ноўтбукі, усе носьбіты інфармацыі.
Фота Арцёма Лявы
Мікола Дзябёла мяркуе, што ператрус і крымінальная справа могуць быць звязаныя з выбарчымі кампаніямі, што маюць адбыцца ў Беларусі.