Прэмію Шэрмана ўручаць 17 кастрычніка. Рэгіструйцеся!

Журы зацвердзіла кароткі спіс прэміі імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.

unnamed__1__61.jpg

Сёлетні кароткі спіс складаецца з 10 перакладчыкаў: чатыры ў намінацыі “Пераклад прозы” і па тры ў намінацыях “Пераклад паэзіі” і “Пераклад дзіцячай кнігі”.
Нагадаем, што журы будзе абіраць па адным пераможцы ў кожнай намінацыі. Кожны з пераможцаў атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.
“Кінулася ў вочы, што найлягчэй вызначыць лідараў было ў намінацыі “Паэзія“ – мабыць, таму, што паэзія – найменш “камерцыйная” галіна літаратуры, і перакладчыкі сапраўды выбіралі кнігі як ім падказала сэрца. Добра памучыліся мы з намінацыяй “Проза”, дзе перагаласоўваць давялося аж тры разы, але выбраць з чатырох найлепшых тры – так і не здолелі, вырашылі пакінуць усе чатыры. Добры выбар кнігі для перакладу – палова поспеху, і вось у прозе сёлета, як мне здаецца, з гэтым былі праблемы, калі не сказаць няўдачы.
З дзіцячай літаратурай было бадай што найцяжэй, бо надта ўжо розныя былі кнігі – ад першых чытанак для самых маленькіх да амаль дарослых раманаў, параўноўваць іх якасць і ўкладзеную працу вельмі складана. Але, здаецца, вынікі галасавання ўсіх задаволілі”, – дзеліцца думкамі сябра журы прэміі Сяргей Шупа.
Уручэнне прэміі Шэрмана і абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 17 кастрычніка а 19.30 у Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) у межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Падчас цырымоніі адбудзецца прэзентацыя кнігі мемуараў Карласа Шэрмана “Блуканец”.
Калі вы маеце жаданне завітаць на цырымонію ўручэння, трэба зарэгістравацца. Колькасць месцаў абмежаваная.
У зале будуць забяспечаны эпідэміялагічныя нормы: рэкамендаваны масачны рэжым, будуць санітайзеры і адпаведная дыстанцыйная рассадка.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. 
Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2020

unnamed__2__30.jpg

Якуб Лапатка, пераклад з фінскай – Франс Эміль Сіланпя “Праведная галеча”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Кацярына Маціеўская, пераклад з польскай – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Марына Шода, пераклад з польскай – Антоні Лібера “Мадам”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.





Ігар Кулікоў, пераклад са стараангельскай – “Стараангельская паэзія”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск. Алег Мінкін, пераклад з украінскай – Мікола Зэраў “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск. Андрэй Хадановіч, пераклад з польскай – Ільдэфанс Галчыньскі “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

unnamed__4__14.jpg

Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан, які жыве на даху” і “Карлсан прылятае зноў”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск. Сяргей Матырка, пераклад з нямецкай – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск. Марыя Пушкіна, пераклад з польскай – Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Паводле прэс-рэліза