Прэзентацыя кнігі твораў легендарнага рэстаўратара Валеры Слюнчанкі адбылася ў кнігарні “Логвінаў”

Вечарам 20 кастрычніка ў Мінску, у кнігарні “Логвінаў” адбылася прэзентацыя кнігі твораў выбітнага беларускага архітэктара-рэстаўратара Валеры Слюнчанкі “Ляцеў з аблокамі я побач”.   



sliuncanka_1_logo.jpg

У гэтае 208-старонкавае навукова-папулярнае густоўна аформленае і багатае ілюстраванае выданне, што да 70-годдзя Валеры Слюнчанкі выйшла ў сталічным выдавецтве "Артыя Груп" невялікім накладам у 100 паасобнікаў, увайшлі аўтарскія нарысы, артыкулы, у тым ліку ўпершыню — “Фрэскі Мсціслава”, эсэ, вершы, графіка і выцінанкі, а таксама ўспаміны сяброў і паплечнікаў. Кнігу склалі пісьменнік Уладзімір Арлоў і архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік.

Валер Слюнчанка нарадзіўся 25 жніўня 1945 года ў горадзе Старадуб, што на Браншчыне (Расія). Ягонае дзяцінства прайшло на радзіме маці — у гарадскім пасёлку Плешчаніцы ў Лагойскім раёне на Міншчыне. Вучыўся на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута. Вялікі ўплыў на юнака зрабіў выдатны беларускі мастацтвазнаўца і рэстаўратар Алег Хадыка. Студэнцкія праекты Валеры зацікавілі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які натхніў юнака на далейшую творчую працу.

Ад пачатку 1970-х гадоў Валер Слюнчанка працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях. Аўтар і кіраўнік праектаў аднаўлення такіх знакавых помнікаў нацыянальнага дойлідства, як Полацкая Сафія, Крыжаўзвіжанская і Еўфрасіннеўская (цёплая) цэрквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродна, Кармеліцкі касцёл ў Мсціславе і сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Па матывах традыцыйнай беларускай народнай творчасці да 100-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа майстар зрабіў адметныя праекты прыдарожных знакаў у Вязынцы і Мікалаеўшчыне.     

Валер Слюнчанка прымаў актыўны ўдзел у абароне помнікаў нацыянальнай спадчыны, напісаў шэраг выдатных нарысаў — прысвячэнняў шэдэўрам айчыннай архітэктуры, займаўся жывапісам, графікай і выцінанкай. Таленавіты літаратар і музычны выканаўца, спяваў народныя песні і гарадскія рамансы на шасці мовах. Глыбока ведаў паэтычную творчасць Івана Буніна, Аляксандра Блока, Восіпа Мандэльштама і Булата Акуджавы. Пайшоў у лепшы свет 21 чэрвеня 1992 года на 46-м годзе жыцця. Пахаваны на могілках вёскі Слабада паблізу Плешчаніцаў.   

sljunchanka_2_logo.jpg

У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ адзін з укладальнікаў і аўтар прадмовы да кнігі Вадзім Гліннік зазначыў, што ў 1970–1980-я гады рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры былі своеасаблівай выспай інтэлектуальнай свабоды, дзе людзі мелі мажлівасць без аніякага вонкавага ціску пісаць вершы, слухаць музыку, глядзець кінастужкі, абмяркоўваць творы айчынных і замежных майстроў мастацтва.  А калі на Беларусі распачалася апошняя хвала нацыянальнага адраджэння, рэстаўратары аднымі з першых увайшлі ў склад Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, падкрэсліў спадар Вадзім. Дарэчы, паводле ягоных словаў, і першыя паседжанні БНФ адбываліся менавіта ў рэстаўрацыйных майстэрнях, бо іншага месца проста не было. 

Выбітнай асобай гэтага суквецця інтэлектуалаў быў Валер Слюнчака”, — сказаў Вадзім Гліннік. На ягонае меркаванне, менавіта з дзейнасцю гэтых творцаў, у тым ліку і Валеры Слюнчанкі, звязаны тагачасны росквіт беларускай рэстаўрацыі, хоць з больш за 600 распрацаваных тагачасных праектаў аднаўлення найбольш цікавых помнікаў нацыянальнага дойлідства былі здзейсненыя толькі адзінкі.

Аднак сама праца над даследаваннямі па гісторыі архітэктуры і абмеркаванне падрыхтаваных праектаў стваралі ўнікальную аўру і ўздымалі планку прафесіяналізму айчынных рэстаўратараў. Адным з рухавікоў гэтага працэсу была творчая энергія незабыўнага Валеры Слючанкі”,  — зазначыў Вадзім Гліннік.

На ягоную думку, самае малое, што могуць зрабіць сябры і паплечнікі Валеры Слюнчанкі апроч выдання кніжкі ягоных твораў, гэта вярнуць партрэт легенды беларускай рэстаўрацыі ў Полацкі Сафійскі сабор. “Ягонае сэрца ў Полацкай Сафіі, бо Валер паклаў шмат энергіі, каб аднавіць гэтую пярліну нацыянальнай архітэктуры”, — сказаў Вадзім Гліннік.

    

Складальнікі кнігі выказалі ўдзячнасць Аляксандру Канаваленку, Вользе Кукуне, Юрасю Маліноўскаму, Алене Мартынавай, Уладзіміру Ракіцкаму, Ігару Раханскаму, Сяргею Тарасаву, Маргарыце Цёрушкінай і Яўгену Ханіну за фінансавую падтрымку выдання.

Кнігу коштам 270 тысяч рублёў можна прыдбаць у кнігарні “Логвінаў”.

У прэзентацыі прынялі ўдзел сваякі, сябры і калегі  Валеры Слюнчанкі — знаныя беларускія гісторыкі, літаратары, мастацтвазнаўцы, рэстаўратары і грамадскія дзеячы. 

.