“Прывітанне, Мама Му!”

28–30 кастрычніка 2015 года Пасольства Швецыі пры падтрымцы Савета па культуры Швецыі ладзіць у Мінску і Віцебску цыкл сустрэч  з выбітнай дзіцячай пісьменніцай Юяй Вісландэр, аўтаркай сусветна вядомай серыі казак пра Маму Му і Крумкача.



mu.jpg

Падчас сустрэчаў шведская пісьменніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з  новай кніжкай «Мама Му ў басейне», якая пабачыла свет па-беларуску дзякуючы супольным намаганням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў».  Падарункам для дзетак стане таксама выступ лялечнага тэатрыка  «Лямцавая батлейка», які прапануе сваю версію новай кніжкі пра прыгоды незвычайнай кароўкі і яе вясёлага сябра крумкача. Завершыць мерапрыемства невялічкі майстар-клас, на якім дзеткі самі зробяць сувенірчык на памяць пра цікавае знаёмства. Сустрэчы адкрые Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, а напрыканцы кожны, хто пажадае, зможа ўзяць аўтограф у Юі Вісландэр і сфатаграфавацца з яе цудоўнымі персанажамі.

 

У рамках візіту шведскай пісьменніцы адбудзецца таксама круглы стол, прысвечаны перспектывам развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі, у якім возьмуць удзел беларускія дзіцячыя пісьменнікі, перакладчыкі і выдаўцы.

 

Расклад мерапрыемстваў:

 

Мінск

 

28 кастрычніка, 11.30 — сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі»  ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (вул. Гікала, 4). Уваход вольны.

 

28 кастрычніка, 17.00 сустрэча са студэнтамі Цэнтра шведскіх даследаванняў (вул. Інтэрнацыянальная, 11a, офіс 27).

 

30 кастрычніка, 16.00 круглы стол «Перспектывы развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі» ў кнігарні «Логвінаў» (пр-т Незалежнасці, 37а).

 

30 кастрычніка, 18.00 сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37а). Уваход вольны.

 

Віцебск

 

29 кастрычніка, 15.00 сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Віцебскім дзіцячым доме (вул. Свідзінскага, 9).

 

29 кастрычніка, 17.30 сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі»  ў Бітлз-клубе «Паддашак» (вул. Кастрычніцкая, 11). Уваход вольны.

 

Юя Вісландэр — вядомая шведская дзіцячая пісьменніца, сябра Шведскай дзіцячай акадэміі. Яе кнігі пра Маму Му і Крумкача былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.  У 2012 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачала друкаваць па-беларуску серыю кніг пра Маму Му. Першай выйшла кніга «Мама Му чытае», а ў 2013-2014 гадах свет пабачылі яшчэ тры яе кніжкі:  «Мама Му прыбірае», «Мама Му будуе дамок» і «Мама Му, Крумкач і Каляды». Цяпер у выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца да выхаду пятая кніга «Мама Му ў басейне», якая мусіць з'явіцца да прыезду Юі Вісландэр у Беларусь. Дарэчы, беларускія чытачы ўжо раней мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі шведскай пісьменніцы "Малы і мядзведзік" і "Малы і Білан" па-беларуску.

 

«Лямцавая батлейка» — лялечны тэатрык Веранікі Фаміной, персанажы якога зробленыя ў традыцынай для Беларусі тэхніцы валяння з экалагічнага матэрыялу — воўны. Гісторыя тэатрыка цесна звязана з гісторыяй серыі кніжак пра Маму Му. Першы спектакль «Мама Му чытае» адбыўся разам з прэзентацыяй аднайменнай кніжкі. За тры гады «Лямцавая батлейка» падцвердзіла свой фармат партатыўнага вандроўнага тэатра. Дзякуючы падтрымцы Пасольства Швецыі і культурніцкай арганізацыі «Будзьма беларусамі!», спектакль пабачылі дзеткі па ўсей Беларусі: у вялікіх гарадах і маленькіх весках, у дзіцячых прытулках і школах, у садках і бібліятэках.

 

Паводле прэс-рэліза Пасольства Швецыі