Прыгодніцкі фільм пра «беларускіх мушкецёраў» хочуць здымаць на рускай мове
Нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм» экранізуе прыгодніцкі раман беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча». Аднак, як высветлілася, фільм будзе здымацца на рускай мове, паведамляе «Еўрарадыё».
Як напісана ў анатацыі да кніг пра “Пранціша Вырвіча”, час дзеяння — XVIII стагоддзе: "Час авантурыстаў і алхімікаў, чаоўных дам і адважных рыцараў, палацавых інтрыг і крывавых войнаў". Асноўнае месца дзеяння — тэрыторыя сучаснай Беларусі, ці тагачаснай Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага і сумежных краін. Чытачы параўноўваюць гэтыя кнігі з прыгодамі мушкецёраў і гардэмарынаў. І па гэтых кнігах плануюць здымаць фільм на рускай мове!
Людміла Рублеўская, аўтарка серыі прыгодніцкіх раманаў пра Пранціша Вырвіча, распавяла Еўрарадыё, што цяпер вырашаецца пытанне, на якой мове будзе фільм:
“Вядома, я за тое, каб фільм здымаўся па-беларуску, бо мове ў сваіх раманах надаю вельмі шмат увагі. Тым больш, вельмі важна, каб такія гісторыі распавядаліся і гучалі па-беларуску. Ад пачатку была нібыта дамова аб тым, што фільм будзе на дзвюх мовах. Але гэта цяпер вырашаецца”.
Па словах сцэнарыста фільма Валянціна Залужнага,умова здымаць фільм па-руску прапісаная ў дамове паміж "Беларусьфільмам" і Мінкультам. Аднак здымачная група за тое, каб фільму хаця б зрабілі дубляж на беларускай мове для свайго гледача. На думку сцэнарыста, беларуская мова болей падыходзіць часу і месцу дзеяння:
"Фільм на беларускай мове загучаў бы зусім па-іншаму. Бо многае губляецца падчас перакладу. Я ж, калі працаваў над сцэнарыем, перакладаў Рублеўскую. Многае пры перакладзе губляецца. Шукаеш адэкватнае рашэнне. Але тут нават рытм, будова мовы — яны ж зусім розныя. Сэнс можна захаваць. Але вось рытміка дыялогу, а ён у фільме вельмі важны, адрозніваецца і гучыць па іншаму".
Аднак ініцыятарам здымаць фільм на рускай мове выступае беларускае Міністэрства культуры. Чыноўнікі плануюць прадаць фільм у Расію, тым самым павялічыць аўдыторыю і, магчыма, зарабіць на ім:
"На дубляж парэбнае вылучэнне сродкаў. А дагавор ужо заключаны, таму гэта ўжо не мы вырашаем. Было вырашана паміж студыяй і Мінкультам аб тым, што фільм павінен быць прадстаўлены на рускай мове. Гэта не было рашэнне здымачнай групы. Зразумела, што прыярытэт быў аддадзены рускай, таму што і “Беларусьфільм” і Міністэрства культуры зацікаўленыя ў продажах. У тым, каб фільм не замкнуўся толькі на беларускім рынку. Каб была магчымасць рэалізаваць фільм на замежжа. Гэта адыграла не апошнюю ролю. Таму спыніліся на базавай мове — рускай, і вось цяпер вырашаецца пытанне аб дубляжы на беларускую", — тлумачыць сцэнарыст фільму Валянцін Залужны.
Кнігі пра Пранціша Вырвіча — на беларускай мове. Сцэнарыст і рэжысёр хацелі б бачыць фільм на беларускай мове. І толькі наша беларускае Міністэрства культуры выступае за рускую мову, як больш перспектыўную для продажу, бо яна можа дазволіць пракаціць фільм і ў Расіі, і ва Украіне, і ў тым жа Казахстане.
Адзіная надзея ўбачыць фільм па кнізе сучаснага беларускага пісьменніка на роднай мове — гэта дубляж. Аднак гэта дадатковыя фінансавыя выдаткі. Хто будзе гатовы на іх пайсці? Ці пагодзіцца Мінкульт на дадатковыя траты? Ці ўбачым мы беларускі фільм на беларускай мове? Пакуль Міністэрства культуры маўчыць.
Цяпер фільм знаходзіцца ў стане зацверджання рэжысёрскага сцэнарыя. Валянцін Залужны распавядае, што цяпер выбіраюцца месцы дзеяння, дапрацоўваецца дакладнасць сцэнарыя з гістарычным кансультантам, рыхтуюць рэквізіт і касцюмы:
"Усё будзе здымацца ў Беларусі. Замкі, здымкі з натуры. Бюджэт у нас невялікі. А трэба зрабіць і касцюмы, і рэквізіт розны. Так што, максімум зможам сабе дазволіць толькі нейкія дабудоўкі да аб'ектаў. Цэлая серыя ідзе ў падзямеллі, будзем здымаць у Бабруйскім замку. Трэба ж тое, якое яшчэ не ў аварыйным стане, каб і святло, і тэхніку там ўсталяваць. Яшчэ не ўсё зацверджана".
Ужо вядома, што сярод тых мест, дзе будзе здымацца фільм — Мір, Нясвіж і Бабруйскія катакомбы. Фільм пачнуць здымаць ужо ўзімку.