«Пуста. Чарнобылем пахне Сусвет»
Менавіта гэтыя словы з паэмы Уладзіміра Някляева «Зона» прыходзілі на памяць, калі мы з Уладзімірам Цвірко вандравалі па атручанай радыяцыяй зямлі Гомельшчыны.
Горад, заснаваны каралевай
Аднак спачатку мы праехаліся па адносна чыстых раёнах Гомельшчыны. І найперш завіталі ў прыгожую мясціну ў Светлагорскім раёне на беразе Беразіны, дзе колісь, 360 гадоў таму, існаваў горад Казімір, заснаваны польскай каралевай і вялікай княгіняй Вялікага Княства Літоўскага Цэцыліяй Рэнатай.
Казімір меў герб, яму было нададзена Магдэбургскае права. Тут была ратуша з гадзіннікам, прыстань. Існавалі ў горадзе шматлікія рамёствы. Сёння на гэтым месцы мог бы існаваць буйны горад. Але ж напачатку 1655 года маскоўскімі войскамі і казакамі пад кіраўніцтвам гетмана Івана Залатарэнкі горад Казімір быў знішчаны, а частка ўцалелых жыхароў была жыўцом спалена ў праваслаўнай царкве. Гэткая «Хатынь сярэднявечча», якую ўтварылі нашы «браты» з усходу. На месцы, дзе была царква, зараз узвышаецца вялізны крыж, а на месцы горада існуе вёска Каралеўская Слабада, якую час ад часу наведвае навалач — «чорныя капальнікі». Менавіта таму мясцовыя жыхары падазрона ставяцца да незнаёмых наведвальнікаў.
На Светлагоршчыне мы таксама наведалі хутар Міколін Востраў, дзе на тэрыторыі аграсядзібы ўзвышаецца прыгожы вятрак, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі.
А побач са Светлагорскам, у вёсцы Якімава Слабада, некалі існавала Свята-Мікалаеўская царква. Святаром у ёй быў Іван Гашкевіч, брат вядомага мовазнаўца, падарожніка, першага пасла Расіі ў Японіі, нашага земляка Іосіфа Гашкевіча, які часта наведваў свайго брата.
Наш славуты зямляк нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце (зараз Хойніцкі раён), а памёр у Астравецкім раёне. У Хакадатэ (Японія) і ў Астраўцы Іосіфу Гашкевічу ўсталяваныя бюсты. У Светлагорскім раёне таксама нарадзіўся беларускі пісьменнік Васіль Якавенка, а ў самім Светлагорску жыў і працаваў ураджэнец Магілёўшчыны, паэт Ізяслаў Катляроў.
Лоева гара
Гарадскі пасёлак Лоеў, размешчаны на месцы ўпадзення Сажа ў Дняпро, уразіў нас сваёй чысцінёй і ўтульнасцю. Упершыню Лоеў згадваецца ў 1505 годзе як пасяленне Лоева Гара. Некалі тут узвышаўся замак. Падчас вайны 1654–1667 гадоў Лоеў быў спустошаны войскамі Масковіі.
На беразе Дняпра сваёй прыгажосцю выдзяляецца будынак купца Долгіна, пабудаваны ў 1874 годзе. На процілеглым баку — тэрыторыя Украіны.
Мне часта ўспамінаюцца лекцыі па тапаніміцы, якія чытаў у нас на геаграфічным факультэце доктар геаграфічных навук, прафесар Вадзім Жучкевіч, ураджэнец Лоева. Таксама Лоеў — малая радзіма ізраільскага філолага, пісьменніка Аўраама Аўруніна.
Рэчыцкая лірычная
Па дарозе з Лоева ў Рэчыцу мы не маглі не наведаць у вёсцы Перадзелкіна і прыгожую сядзібу з палацам, якая некалі належала Рудзіцкім, а затым Кацярыне Бараноўскай. Зараз у будынку былога палаца размяшчацца школа.
На пад’ездзе да Рэчыцы мне прыпомнілася песня маёй маладосці «Рэчыцкая лірычная», якая некалі была вельмі папулярнай. Рэчыца ўпершыню згадваецца ў 1213 годзе. Вялікі князь ВКЛ Вітаўт пабудаваў тут замак, які прастаяў 200 гадоў, і быў спалены гэтак жа, як і горад Казімір, у 1654 годзе маскоўскімі ваярамі і казакамі Івана Залатарэнкі. На вуліцы Савецкай амаль побач стаяць два храмы — каталіцкі храм Святой Тройцы і праваслаўны Свята-Успенскі. Сваім размяшчэннем па суседству храмы як бы сцвярджаюць, што Бог і ў католікаў, і праваслаўных адзіны, і не павінна якая-небудзь адна вера быць у краіне дзяржаўнай, пануючай.
Свята-Успенскі сабор быў пабудаваны ў 1872 годзе. У 1930-я гады ён быў зачынены камуністамі, і да 1999 года выкарыстоўваўся як Дом культуры. Свята-Троіцкі касцёл неагатычнай архітэктуры быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. З прыходам да ўлады камуністаў у ім размяшчаліся склад, электрастанцыя і нават бар. У 1999 годзе касцёл быў перададзены вернікам.
Наведалі мы таксама і яўрэйскія могілкі, дзе некалькі гадоў таму вандаламі было пашкоджана шмат помнікаў.
Рэчыца і Рэчыцкі раён багатыя на вядомых людзей. Тут нарадзіліся ці жылі і працавалі вядомы беларускі вучоны Мітрафан Доўнар-Запольскі, народны пісьменнік Беларусі Іван Навуменка, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, паэты Анатоль Сыс і Мікалай Чырык, мастак і графік Аляксандр Ісачоў, акцёр тэатра і кіно, народны артыст СССР Яфім Капелян. У Рэчыцкім раёне, у вёсцы Ямпаль, мы пабачылі прыгожую драўляную царкву Святога Іаана Багаслова, пабудаваную ў 1902 годзе.
Раёны, якія мы наведалі ў першы дзень нашага падарожжа, лічацца чыстымі ад радыяцыйнага забруджання, хаця і над гэтымі тэрыторыямі былі асаджаныя радыяцыйныя хмары. На наступны дзень мы скіраваліся да помнікаў, размешчаных у пахаваных вёсках і ў райцэнтрах, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Мёртвыя вёскі
У мёртвай вёсцы Дзям’янкі, што знаходзіцца ў Добрушскім раёне, мы наведалі сядзібу, якую пабудаваў у канцы ХІХ стагоддзя Мікалай Герард. Знаходзіцца яна на аўтадарозе Добруш — мяжа з РФ, і трапіць да яе магчыма толькі праз шлагбаум, маючы на руках пропуск — дазвол на ўезд у радыяцыйную зону. Не ведаючы гэтага, мы з Веткі па палявой пыльнай дарозе праехалі недзе кіламетраў 20, і выехалі на гэтую патрулюемую дарогу. Да Дзям’янкі засталося праехаць каля пяці кіламетраў, калі нас затрымаў пільны міліцэйскі нарад, і мы мусілі з’ездзіць у Добруш, дзе нам выпісалі пропускі на ўезд у зону.
Да аб’екта мы ехалі ў суправаджэнні ганаровага эскорту — тых самых міліцыянераў, якія паказалі нам месцазнаходжанне амаль зруйнаванага, а некалі прыгожага сядзібнага палаца.
У пахаванай вёсцы Першамайскі Веткаўскага раёна ўзвышаюцца руіны двухпавярховага, некалі прыгожага палацавага будынку, узведзенага ў канцы ХІХ стагоддзя. Руіны гаспадарчых цагляных пабудоў, пахаваныя сялянскія хаты — усё гэта настройвае не на лірычны лад. На Веткаўшчыне мы наведалі яшчэ некалькі вёсак са старажытнымі цэрквамі.
Трэба адзначыць, што ў Веткаўскім раёне не існуе прапускной сістэмы ў мёртвыя вёскі, бо такіх тут вельмі шмат. І, калі б увялі гэтую сістэму, давялося б зачыняць для наведвання ўвесь раён.
На Веткаўшчыне нарадзіўся вядомы савецкі дыпламат, нязменны міністр замежных спраў былога СССР Андрэй Грамыка, а таксама паэт Дзмітрый Кавалёў.
Наступным пунктам стаў Чачэрск, вядомы з ХІІ стагоддзя. У гэтым горадзе нашу ўвагу прыцягнула Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1779 годзе, помнік архітэктуры класіцызму. У адкрыцці яе брала ўдзел расійская імператрыца Кацярына II. У алтары царквы захоўваецца ўнікальная ікона «Сашэсце ў пекла», датаваная 1678 годам. У цэнтры горада ўзвышаецца незвычайнай архітэктуры ратуша, пабудаваная ў ХVІІІ стагоддзі графам Чарнышовым у стылі класіцызму.
Чачэрская зямля — малая радзіма беларускіх паэтаў Леаніда Гаўрылава і Васіля Карпечанкі, а таксама заслужанай артысткі Беларусі Веры Пархоменкі.
Наперадзе — новыя вандроўкі па Магілёўшчыне, Брэстчыне і Віцебшчыне, новыя ўражанні, якімі я спадзяюся падзяліцца з чытачамі.