Сем цнотаў БГ: з нагоды мінскага канцэрта «дзень радасці» 17 красавіка — і проста так

Музыку гурта «Акварыум» і асабіста яго лідэра Барыса Грабеншчыкова чамусьці вельмі любяць слухаць літоўцы. Не ў Літве, а літоўцы. Проста бяруць кружэлку, ставяць у магнітолу і слухаюць. А потым напяваюць з лёгкім балцкім акцэнтам, які чараваў яшчэ Іосіфа Бродскага. Асабліва гэта заўважна ў першыя месяцы пасля выхаду новага альбому культавага музыкі.



d095a94d20dcaf7aa07301948549bede.jpg

Музыку гурта «Акварыум» і асабіста яго лідэра Барыса Грабеншчыкова чамусьці вельмі любяць слухаць літоўцы. Не ў Літве, а літоўцы. Проста бяруць кружэлку, ставяць у магнітолу і слухаюць. А потым напяваюць з лёгкім балцкім акцэнтам, які чараваў яшчэ Іосіфа Бродскага. Асабліва гэта заўважна ў першыя месяцы пасля выхаду новага альбому культавага музыкі.
Прыбалтыйскі феномен «Акварыума» адзначалі даўно і многія, але, па маіх назіраннях, трымаецца ён менавіта на бязмежным шанаванні БГ адукаванай часткай літоўскага насельніцтва. Нават выступае ён у Вільні часцей, чым дзе б там ні было, і з асаблівым значэннем. Вось у мінулым годзе сыграў два акустычныя канцэрты ажно ў храме — Касцёле святой Катрыны, які цяпер служыць канцэртнай залай.
Літву ў культурным плане я заўжды ўспрымала, як суседскую дзяўчыну, якая ніколі не гоніцца за модай, але заўжды застаецца эталонам выключнага стылю і добрага густу. І таму, упершыню сутыкнуўшыся з літоўскай БГ-маніяй, я палічыла гэта знакам таго, што калі ў 12 год між іншых вінілавых скарбаў бацькоў я адкапала кружэлку «Радио «Африка», гэта было першым крокам у правільным асабіста для мяне напрамку.
Малітва і пост

Канцэртны зал «Мінск», дзе адбываўся нядаўні канцэрт «Акварыуму», мае з рэлігіяй хіба тую сувязь, што месціцца наўпоблізь былога паганскага капішча над Свіслаччу. Тым не менш, па настроях публікі, што сабралася, канцэрт гэты нагадваў нейкую экуменічную імшу. На сцяне — выява Сарасваці, індуісцкай багіні, жонкі Брахмы, якая вельмі імпануе рокерам, памяшаным на Усходзе, тым, што ў дзвюх з чатырох сваіх рук трымае музычны інструмент. Звычайныя зоркі публіку перад сваім выхадам разаграваюць. БГ не такі. БГ абкурвае — араматычнымі зёлкамі. Іх водар дабівае са сцэны ў самыя аддаленыя куткі задушнай залы.
Імша пачынаецца адначасова з першымі акордамі. Вернікі спяваюць хорам. Пасля кожнай песні праз аховы прарываецца групка прыхільнікаў і кладзе, не! — ускладае кветкі да ног куміра. Самае частае іх слова пасля «Брава!» — «Дзякуй!». БГ — ці не адзіная жывая легенда расійскага року, якая спраўна канцэртуе. Штовясны «Акварыум» выпраўляецца аб’язджаць свае заходнія парафіі: Прыбалтыку, Беларусь, Украіну — рэгулярная матэрыялізацыя калектыву Мінску таксама надае мерапрыемству характар свяшчэннага рытуалу.
Паўзы паміж спевамі паства запаўняе, выкрыкваючы назвы любімых твораў, — а раптам зайграюць? Істэрычны енк: «Город золотой!!!» — паства прымае хваляй рогату, як удалы жарт або недарэчны ўчынак неафіта. У БГ на сёння больш за 500 песняў, і для яе амаль кожная — хіт. Да таго ж, сталыя адэпты ў курсе: БГ ніколі не імправізуе, кожны нумар выконваецца, таму што так задумана ад пачатку. Штогадовыя канцэртныя туры «Акварыуму» тэматычныя, як нядзельныя казані таленавітага і дасведчанага святара. Праграма «Дзень радасці» — так бы мовіць, філасофская лірыка майстра.
Гурту «Акварыум» сёлета — 37, хоць з самага першага складу нязменным застаўся адно ён, БГ. Паміж часам, калі ў 1980 годзе адна ўлада выгнала яго з працы і выключыла з камсамолу, а ў 2003 годзе іншая ўлада ўручыла яму ордэн «За заслугі перад Айчынай», змянілася адно, а то і два-тры пакаленні, якія перажылі адно, а то і два-тры сацыяльна-гістарычныя ўзрушэнні. І прадстаўнікі кожнага з гэтых пакаленняў былі 17 красавіка ў канцэртнай залі «Мінск». Бо падчас усіх гэтых узрушэнняў іх БГ быў з імі.
Вялікі дворнік
Пішучы, чаму, на мой погляд, усе гэтыя людзі рознага веку штогод, як на імшу, прыходзяць яго слухаць, я баюся нават не тых, хто лічыць, што БГ — «спявак ні пра што», які ўзяў на сябе функцыі настаўніка жыцця і прарока ў сваёй і шэрагу сумежных айчынаў. Найбольш я баюся тых, хто лічыць, што «БГ — бог, от него сияние исходит». Яны спужалі мяне год пяць таму, калі я натхнілася перакласці на беларускую мову некалькі тэкстаў сучаснага рускага паэта Барыса Грабеншчыкова.
Думаючы, што працую з проста добрай паэзіяй, я апублікавала пераклады ў інтэрнэце... Крытыка і яе аргументы маглі б быць больш прыдзірлівымі хіба ў выпадку, калі б я замахнулася на Псалмы Давідавы ці Песню Песням Саламона. Толькі лянівы не паставіў мне на від неасцярожнае абыходжанне з Сэнсам сказанага дзеля захавання рыфмы ці метафары. Прычым хто дэманстраваў гэтае глыбіннае веданне тэкстаў на рускай мове, апяваючых пераважна рускую культуру, рускую веру і рускую дзяржаўнасць? Цвет беларушчыны, надзея нацыянальнай культуры! Просты пералік імёнаў прымусіў бы ідэолагаў беларускага кансерватыўнага хрысціянства біць у званы ўтрая інтэнсіўней, чым яны гэта робяць на дадзены момант. Уплыў на беларускія інтэлектуальныя эліты блізкі да каласальнага. І тым рызыкоўней інтэрпрэтаваць яго творчасць у асяродку, дзе ў кожнага — свой БГ.
Але я ўсё-ткі паспрабую. Для мяне ў асобе і творчасці БГ палягае сем асноўных цнотаў.
Першая цнота БГ у яго плённасці і выключным таленце паэта ды кампазітара
Калі творца перастае тварыць, фанаты яму збольшага прабачаюць. Але тады ўсё яго наступнае існаванне робіцца культам сябе самога ў маладосці ды паразітаваннем на былой славе. Перажыўшы смерць рок-н-ролу, БГ і ў 2000-х працягвае пісаць вершы высокага ўзроўню і аранжаваць цудоўныя песні. Трымае планку. Пры гэтым ён не выходзіць за межы сваёй фірмовай паэтыкі і ніколі не адмаўляецца ад словаў, што спяваў калісьці. У сваіх выступах ён традыцыйна спалучае старое і новае, што дазваляе залагодзіць максімальны спектр прыхільнікаў. Чароўны эфект: пасля канцэрту табе здаецца, што гурт выканаў усе твае самыя любімыя песні, хоць пра многія з іх і згадкі не было. БГ не найлепшы музыка ды спявак — ён адкрыта прызнае гэты факт, і ветліва дзякуе музыкам гурта «Акварыум», якія ператвараюць кожную кампазіцыю ў бязмежна прыгожыя, глыбокія мелодыі ў абсалютна розных стылях — ад этнічных кельцкіх танцаў і рэгі да настальгічнага вальсіка ці рамансіка ў стылі рускай правінцыі ХІХ стагоддзя. А без яго ціхага, але выразнага голасу ўявіць яго песні — звычка гадоў — ужо немагчыма. Першая цнота БГ надзяляе нас якасным музычным прадуктам.
Другая цнота БГ у здольнасці адчуваць пульс эпохі і нават на паўкорпусы апярэджваць яе
Вось праспяваў БГ у 1991 годзе: «Бог есть свет, и нет в нём никакой тьмы» (альбом «Письма капитана Воронина»). Якія мудрыя і простыя словы! — здзівіліся агаломшаныя аматары савецкага рок-н-рола. Праз некаторы час у межах масавага вяртання ва ўлонне царквы яны разгарнулі Біблію — і зноў здзівіліся: ды гэта ж прамая цытата з Дабравесця святога Яна, ды яшчэ з рускага сінадальнага перакладу. І ўверавалі.
А БГ ужо высмейваў павальную пабожнасць, што раптам накаціла да былых грамадзян СССР: «Ох нехило быть духовным — в голове одни кресты» (альбом «Снежный лев», 1996 г.). БГ, відаць, адзіны дзеяч нефарматнай рускай культуры, да якога ходзяць пытацца не аб творчых планах і нават не «як жыць», а «што адбываецца». Дыягназы рускаму грамадству ды ўраду ён ставіць яшчэ да таго, як сталі заўважнымі першыя сімптомы. Толькі, як і належыць любому саліднаму прадказальніку, зашыфроўвае іх у туманныя вобразы і прыгожыя метафары. Самая вядомая з іх, відаць, «Поезд в огне» — песня, у якой ён сфармуляваў усеагульнае адчуванне Перабудовы.
Потым, у 1991-м, «мы въехали в тоннель, а вокруг стоит крест». Тлумачыць лёс Расіі на прыкладзе цягніка спявак працягвае дагэтуль. Калі цікава, вось прагноз на наступную пяцігодку: «поезд едет дальше, и гудок гудит снова, и все пассажиры вымазаны красным» (альбом «Лошадь белая», 2008 г.). Сам аўтар адчувае сябе ўжо па-за гэтым цягніком грамадскіх працэсаў. І, кажа, яму ад гэтага добра.
Трэцяя цнота БГ у яго начытанасці, наслуханасці і вострым розуме ды бездакорным гусце, што дазваляюць інтэрпрэтаваць усё гэта
Яго творчасць — гэта, па сутнасці, разгорнутыя цытаты з расійскай і сусветнай культуры і роздум з нагоды працытаванага. Многія з твораў БГ адкрывае для сябе год на 5 раней, чым яны даходзяць да шырокага чытача ў Расіі. Ёсць песні, якія цалкам сатканыя з адсылак да іншых аўтараў — фанаты любяць спаборнічаць, хто пазнае больш крыніц натхнення. Галоўныя з іх, гэта, відаць, руская класіка да 1917 года, заходняя літаратура, музыка, кінематограф (асобна — кнігі Дж.Р.Р. Толкіна), літаратура і філасофія Усходу, Біблія.
Сам БГ вяршыняй культурнага росквіту лічыць старажытны Кітай. І марыць пра тое, каб улада ў Расіі не мянялася як мага даўжэй. Бо культура буяе там, дзе няма войнаў ды рэвалюцый. Таму БГ за манархію. Або за такую дэмакратыю, каб улада не выходзіла з рук аднаго клану стагоддзямі. Ён цынічна звяртае ўвагу расіян на тое, што пры Пуціне і Мядзведзеве так і можа стацца. Трэцяя цнота БГ у тым, што ён няпросты.
Чацвёртая цнота БГ у яго дасканалай іроніі
Ніколі не ведаеш, калі ён сур’ёзна, а калі сцябецца, і на гэтым прагараюць сотні інтэрпрэтатараў усёй яго творчасці, не толькі музычнай. Грабеншчыкоў, па сутнасці, адзін са слупоў расійскага постмадэрнізму: у Расіі 1980–1990-х ён знайшоў увасабленне ў дзейнасці арт-групы «Міцькі», якой сімпатызуе БГ, і яшчэ ў кінематографе — «Асса», «Два капітана два». Сцёбны наратыў у БГ — ад вялікага Сяргея Курохіна, яго сябра, выбітнага джазавага музыкі, з якім яны стварылі шэраг супольных культурных праектаў. Шмат што ў тым, што спявае БГ, — гэта прыхаваная іронія. «Вось вы ў адной песні спяваеце: «Мама, я не могу больше пить», — а ў наступнай за ёй: «Все говорят, что пить нельзя, а я говорю, что буду», — адкуль такая супярэчлівасць?» — «Няма супярэчлівасці». — «Ну як жа няма, калі ёсць!» — не разумеюць журналісты…
БГ так усіх заблытаў, што прэса ходзіць да яго праваслаўнага духоўніка, і той усур’ёз дыктуе ў газету графік споведзі самога БГ, яго музыкаў і яго жонкі, дае справаздачу пра візіты БГ да Далай Ламы ды індуісцкіх гуру. Адным і тым жа тэкстам казаць сур’ёзна і іранізаваць — вышэйшы пілатаж сучаснай літаратуры. Чацвёртая цнота БГ у тым, каб адначасова казаць празрыста і быць шматзначным.
Пятая цнота БГ у яго здольнасці сумнявацца
«Я не могу принять сторону, я не знаю никого, кто неправ», — спявае ён. БГ прадукуе ацэнкі падзеяў і з’яваў, але не адчувае сябе ў праве навязваць нейкія рашэнні. Маральны кодэкс БГ вынесены з ленінградскіх 1960-х яго дзяцінства — гэта той кодэкс інтэлігента-дысідэнта, якім, так ці інакш, працягвае кіравацца эліта на постсавецкай прасторы.
У апошнія гады кодэкс гэты падмацаваўся, напоўніўся каштоўнасцямі хрысціяніна-ліберала. Менавіта праз супадзенне маральных кодэксаў, а не праз індыйскія пахошчы ці любоў да Шэкспіра слухачам у Вільні, Мінску ды Кіеве БГ па-ранейшаму духоўна блізкі.


Шостая цнота БГ ў тым, што ён пяе пра казу
Каза ў яго апошнім часам — увогуле цэнтральны сімвал, нейкі зааморфны сінонім рускай душы, камічны і лірычны адначасова. Найлепей гэта было выслаўлена ў песні «О смысле всего сущего» з альбому «Беспечный русский бродяга» (2006 г.):
Человеческая жизнь имеет
более одного аспекта.
В городе Таганроге есть
два Звездных проспекта.
На одном — небеса зияющие
И до самого Волго-Дона
Возвышаются сияющие
Дворцы из шлакобетона.
И по нему каждую пятницу,
Как выйдут со смены из шахты,
Маршируют белозубые
Космонавты.
А на другом все дома
в полтора этажа
И по истоптанной траве
гуляет коза,
День проходит и два проходит,
Веревка перетерлась,
но коза не уходит;
Ей совершенно некуда идти,
Она смотрит в небеса и шепчет: «Господи, прости!».

Пяшчота да Расіі ў паўтары паверхі, да маленькіх гарадкоў, да простых людзей прасякае ўсё, што робіць БГ, пачынаючы з 1991 года. Шостая цнота БГ у тым, што ён пяе не пра «священную нашу державу», а пра тую пастаральную Расію, з якой мы тут, у Беларусі, Літве ці Украіне выбіраем сабе межаваць, сябраваць, братацца.
І, нарэшце, сёмая цнота БГ у тым, што ўсё, што ён ні піша, яно, па вялікім рахунку, пра Каханне
Я думаю, нават без уліку папярэдніх шасці цнотаў, толькі за гэту адну яго і слухаюць.
-------------------------------------------------------------------------
Сем фактаў пра БГ
1. Барыс Барысавіч Грабеншчыкоў (БГ) нарадзіўся ў 1953 годзе ў Ленінградзе. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі ЛДІ. У 1972 годзе заснаваў «Акварыум» — «постмадэрністычны паэтычна-музычны праект». З таго часу — адзін з лідэраў савецкай, а пасля расійскай нефармальнай культуры. Аўтар каля 50 песенных альбомаў і іншых музычных праектаў, выдаў 8 кніг творчасці. Жыве ў Санкт-Пецярбургу.
2. Уладальнікі ленінградскага тэлефоннага нумара 212-85-06, які стаў рэфрэнам знакамітай песні «Акварыума», былі змушаныя адключыць яго праз паўгода пасля выхаду альбому «Дети декабря» — не маглі адбіцца ад шквалу тэлефанаванняў. БГ, якому лічбы спатрэбіліся дзеля рытму, дагэтуль працягвае публічна прабачацца перад гэтымі людзьмі, якіх ён «падставіў, не падумаўшы».
3. З сучасных рускіх пісьменнікаў БГ найбольш любіць Барыса Акуніна і Віктара Пялевіна. Што, зрэшты, заўважна.
4. Адзін юрыст з Цюмені патрабуе адабраць у БГ ордэн «За заслугі перад Айчынай», бо налічыў у яго песнях каля тысячы «заклікаў да змены канстытуцыйнага ладу РФ, ужывання псіхатропных, наркатычных рэчываў, прапаганду алкаголю, садаміі, лайдацтва, суіцыду, анархіі».
5. «Акварыум» застаецца падкрэслена некамерцыйным праектам, музыкі дэкларуюць, што іх мэта — служэнне музыцы. Яны не выступаюць на карпаратывах, не ўдзельнічаюць у сумнеўных шоу і тэлепраектах, прадаюць альбомы «ўдвая танней, чым яны каштуюць», і асноўнай крыніцай заробку называюць гастрольныя туры. Трымаюць сувязь з імпрэсарыё і фанатамі праз сайт www.aquarium.ru. Іх апошнія альбомы можна скачаць на сайце www.kroogi.com.
6. З 2005 года БГ вядзе на «Радыё Расія» цыкл перадач «Аэрастат». Раз на тыдзень цягам гадзіны ён агучвае радыёэсэ пра сваю любімую музыку, ілюструючы жывымі прыкладамі. Архіў перадач можна адшукаць у інтэрнэце.
7. На канцэрце ў Мінску 17 красавіка БГ акапэла заспяваў песню «Пані Ірэна» Аляксандра Вярцінскага. Гэта быў дзень пахавання ахвяраў падзення польскага самалёта пад Смаленскам. Беларусы ў адказ крычалі :«Дзякуй!»

------------------------------------------------------------------------------------
«Яны маюць рацыю: я ненармальны»: БГ пра сябе і навакольны свет
Пра любімы напой
Вада. Цяпер мне зусім не цікава піць алкаголь. Я занадта шмат усяго добрага выпіў, і сёння ў мяне няма цягі да спіртнога. Цвярозым мне быць значна цікавей.
Пра бараду
Мая барада мае для мяне (смяецца) глыбока містычны сэнс. Мне падабаецца быць старэйшынам, бо старэйшына — гэта як у афрыканскай вёсцы старэйшына. Гэта званне, якое ні да чаго не абавязвае, але пры гэтым дае поўную свабоду дзеянняў.
Пра спрэчкі з жонкай
Часам у нас бываюць рознагалоссі наконт тлумачэння святых тэкстаў.
Пра свой узрост
Чым старэй я раблюся, тым больш кайфую.
Пра натхненне
З тых часоў, як музыка стала бізнесам, натхненне сышло. Гэта маё асабістае адчуванне. Тыя, хто працягвае пісаць, робяць гэта ўжо не так цікава, як тады. А ў пачаткоўцаў няма такой сілы волі, каб не заўважаць спакусы грошай.
Пра грошы
У грошах няма нічога празаічнага, грошы — вельмі паэтычная рэч, калі іх правільна ўспрымаць. У любым цывілізаваным грамадстве такі калектыў, як «Акварыум», меў бы значна больш грошай, чым можна выдаткаваць. Паколькі ў нас сістэма працуе па-іншаму і нам дагэтуль даводзіцца граць канцэрты, каб зарабляць на ежу, мы прымаем любую дапамогу.
Пра творчы рост
Каб дасягнуць чагосьці ў любой сферы, трэба перастаць арыентавацца на тое, што побач з табой, і трымаць курс на вышэйшыя сусветныя дасягненні. А мы ўвесь час глядзім на тое, што робіць сусед. І на фоне сваёй вёскі ты быццам бы выдатны музыка. А калі параўноўваеш сябе з Джымі Хендрыксам, атрымліваецца, што ты ну не вельмі добры гітарыст. Так што, калі жадаеш навучыцца граць на гітары, вучыся ў Джымі Хендрыкса.
Пра людзей, якія лічаць, што БГ ненармальны
Яны маюць рацыю: я ненармальны. Я і не жадаю, ніколі ў жыцці не жадаў быць звычайным. Мне заўсёды здавалася, што быць звычайным вельмі сумна. Досвед пацвярджае. Тыя мае аднагодкі, якія былі звычайнымі, вельмі нудзяцца.
Пра моладзь
Дзе праходзіць мяжа паміж мной і моладдзю? Я ведаю людзей, якім 98, і яны лічаць 80-гадовых моладдзю… Мне цікава размаўляць з усімі людзьмі, якія не толькі могуць варушыць языком і вуснамі, але яшчэ ім ёсць што сказаць. І яшчэ яны здольныя пачуць. Калі чалавек чуе, з ім цікава размаўляць.
Пра інтэлігенцыю
Наколькі я памятаю, вялікую частку ХХ стагоддзя слова «інтэлігенцыя» было лаянкавым. Гэта той малалікі, па шчасці, пласт людзей, якім неўладкаванасць сексуальнага жыцця не дазваляе ўспрымаць гармонію Сусвету.
Пра рэвалюцыю
Любая рэвалюцыя — гэта тэрміновая неабходнасць нейкай кампаніі людзей зарабіць шмат грошай. Я цынічны чалавек, я ведаю, як гэта робіцца.
Пра палітыку
Мама распавядала, што ў дзяцінстве я напісаў ліст Хрушчову — хацеў даць некалькі парадаў. З тых часоў мяне палітыка больш не цікавіла.
Пра тэлебачанне
На працягу апошніх 6–7 гадоў у мяне не наладжаны ніводзін «савецкі» канал. Калі мне захочацца запэцкацца ў брудзе, я магу выйсці з хаты і паваліцца ў першую-лепшую лужыну. (…) Гляджу добрыя фільмы, напрыклад Іаселіяні. Канал «Discovery» паказвае выдатных жывёл. Мая таямніца ў тым, што «рэчаіснасць», якую нам паказваюць па тэлебачанні, мяне ніколі асабліва не цікавіла. Гэта, напэўна, і выратавала.
Пра колеры
Аранжавы колер — гэта колер, які трэба насіць па чацвяргах. Мяне адзін святар у крышнаіцкім храме ў далёкім індыйскім горадзе навучыў: трэба кожны дзень тыдня насіць розныя колеры, што робіць спрыяльным гэты дзень для чалавека. Магу распавесці адразу: у нядзелю носяць чырвоны колер, у панядзелак — ружовы, у аўторак — жоўты, у сераду — зялёны, у чацвер — аранжавы, у пятніцу — белы, а ў суботу — сіні. Тады зоркі будуць вам спрыяць.
Пра Гоа
У Гоа няма чаго рабіць. Там ужо руская мафія. Дарэчы, майце на ўвазе, у Гоа руская мафія ўжо пачынае забіваць сабе хаты, гэта значыць арандаваць іх у мясцовых, а потым здаваць за значна вышэйшы кошт рускім. У Гоа ездзіць не трэба, ёсць маса значна больш добрых і значна меней населеных месцаў.
Пра Хрыста
У Хрысце важная яго любоў, якая з намі дагэтуль. І любы чалавек, які ўваходзіць у царкву з разуменнем гэтага, змяняе сваё стаўленне да веры. Калі молішся, то адчуваеш: Хрыстос існуе. Дарэчы, некаторыя гісторыю пра Хрыста будуюць толькі на яго цудах. Маё жыццё цуды да лепшага не змяняюць. А калі я малюся перад абразамі, гэта змяняе маё жыццё да лепшага.
Пра Петрарку
Калі выйсці цяпер на вуліцу ў горадзе Растове і прачытаць каму-небудзь санеты Петраркі, цябе нават не паб’юць. Яны, безумоўна, страцілі сваю забойную сілу ў перакладзе і з цягам часу. Культура павінна перавынаходзіць сябе. Два разы адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі казаць бессэнсоўна.
Пра Баха
— Ёган Себасцьян Бах ваш любімы кампазітар?
— Ну адзін з любімых, скажам так.
— Вы б узялі яго клавішнікам у «Акварыум»?
— Барані Божа, я б не стаў псаваць яму кар’еры.


Паводле www.peoples.ru