Smartfilm: свабодны палёт
Новы статус, фармат без абмежаванняў і інтрыга з журы. У Мінску дадзены старт VI міжнароднаму фестывалю мабільнага кіно Velcom Smartfilm.

Галоўная навіна — з гэтага года фестываль абвешчаны міжнародным . Папярэднія 5 гадоў у ім удзельнічалі толькі беларускія кінаманы. «Такім чынам, жыхар любой краіны нашай планеты можа даслаць свой фільм на ацэнку нашага журы», — паведамілі арганізатары на прэс-канферэнцыі.

Па-другое, ініцыятары фестывалю вырашылі не абмяжоўвацб творчую фантазію ўдзельнікаў пэўнай тэмай. Здымаць фільмы можна пра ўсё, што заўгодна. Нязменным застаецца першапачатковая ўмова, дзеля якой і ствараўся фестываль — кіно павінна быць знята на мабільны тэлефон.

А па-трэцяе, сёлета зладзілі конкурс і для журы. Пакуль будзе адбывацца прыём конкурсных заявак (з 9 лістапада па 25 снежня), з 16 лістапада стартуе конкурс на адно адмыслова вакантнае месца журы. Ацэньваць фільмы выбраннік будзе на роўных з астатнімі спецыялістамі. А пераможцаў фестывалю назавуць і ўзнагародзяць у сярэдзіне студзеня 2017 года.
Роберт Дашан,
намеснік гендырэктара «Велком», падкрэсліў прагрэс мабільнага фестывалю. І адзначыў, што калі арганізатары і пачыналі праект
з нейкіх «прыземленых думак» пра
выкарыстанне сучасных тэхналогій, то на сёння атрымалі «пласт мастацтва».

Сябра журы Ігар Сукманаў, які трэці будзе ацэньваць мабільны конкурс, прызнаўся, што спачатку паставіўся да праекту насцярожана.
— Было цікава, але не зусім зразумела, — распавёў ён. — Хто тыя людзі, каторыя будуць дасылаць фільмы? Наколькі яны будуць адпавядаць прафесійнаму разуменню кінематографа? Наколькі яны будуць цікавы не толькі гледачам, але і прафесіяналам? Але з кожным годам адчуванне азарту і інтарэсу ўзрастае.
Мы да мабільнага
тэлефона, як правіла, ставімся заўсёды
вельмі спажывецкі, з’яўляемся свайго роду рабамі тэхнічнага прагрэсу. І я вельмі шчаслівы ад таго, што ўсё-такі не
спажыванне, а менавіта творчасць становіцца ў аснову асноў гэтага фестывалю.

Ігар Сукманаў разлічвае, што конкурс будзе адкрываць новыя імёны. «Фестываль мабільнага кіно зрабіў вельмі многае для таго, каб у Беларусі сапраўды з’явіўся кінематограф. А не проста яго прыгожая афіцыйная імітацыя, якая вельмі доўгія гады існавала», — зазначыў ён.
Прыемную навіну агучыла прадстаўніца міністэрства культуры Кацярына Панамарова. Прынята рашэнне — фільмы-пераможцы будуць прадстаўлены ў нацыянальным пракаце. А яшчэ — аўтары-прызёры могуць у далейшым удзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на стварэнне кароткаметражных фільмаў. Гэта адбудзецца альбо на кінастудыі «Беларусьфільм», альбо на базе прыватнай кампаніі-вытворцы. «То бок мы можам весці размову пра тое, што пераможцы фестывалю могуць спрабаваць сябе ў прафесійным кінематографе», — рэзюмавала Кацярына Панамарова.

«Чым гэты конкурс цудоўны? Тым, што ён дае шанец чалавеку, які робіць свае першыя крокі ў візуальным выказванні, быць пачутым, атрымаць платформу. І гэта насамрэч вельмі здорава, — падкрэсліў сябра журы, кінааналітык Максім Жбанкоў. — Дзякуючы таму, што ёсць такія пляцоўкі, як гэты конкурс, мы атрымоўваем цудоўную магчымасць трэнінгаў для тых, хто робіць першыя крокі ў кіно. То бок гэта выдатная магчымасць старту. Гэта шыкоўная стартавая пляцоўка».

Максіма Жбанкова не бянтэжаць сёлетнія новаўвядзенні — адсутнасць зададзенай тэмы для ўдзельнікаў. І ён падзяліўся, па якіх прынцыпах будзе аздначаць фільмы:
— У гэтай сітуацыі ёсць дакладныя і ясныя крытэрыі. І самае галоўнае, што можна ацаніць. Гэта шчырасць выказвання, гэта пераканаўчаць аўтарскага рашэння, гэта ўнутраная энергетыка аўтарскага тэксту, якую мемагчыма імітаваць, якую нельга падрабіць. Калі гэта ёсць, даруйце, якая розніца, у якім жанры гэта зроблена. Я думаю, гэта крайне важна. І я вельмі ўдзячны таму, што гэты конкурс ёсць. Таму, што ёсць магчымасць у ім удзельнічаць. І верыць у лепшую будучыню не толькі для беларускага кінематографа, але і для ўсіх тых, каму не ўсё роўна, што і як у гэтай краіне адбываецца.
Акрамя Ігара Сукманава і Максіма Жбанкова, у склад журы ўваходзяць кінакрытык Антон Сідарэнка і рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў.

Уладальнік Гран-Пры конкурсу атрымае грашовы прыз — 3000 рублёў. А ўладальнікаў першай, другой і трэцяй прэміі партнёр фестывалю, кампанія Samsung, узнагародзіць смартфонамі. Адпаведна — Galaxy S7 edge, Galaxy S7 I Galaxy A7.
Падаць конкурсную заяўку, удзельнічаць у майстар-класах і іншых мерапрыемствах фестывалю, альбо проста быць у курсе яго падзей, можна праз сайт www.smartfilm.by.