Снежны чалавек у Мінску: выйграй тэндэр на ілюстраванне шведскай дзіцячай кнігі!

Цікавая летняя прапанова для беларускіх мастакоў: ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае тэндэр на ілюстраванне кнігі вядомай шведскай пісьменніцы Эвы Суса «Снежны чалавек у Мінску»!

893151a1_53e4_495f_ac4c_10dbc5028b42.jpg


У 2013 годзе ў серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў выйшла кніга шведскай дзіцячай пісьменніцы Эва Суса «Снежны чалавек» (пераклад Алесі Башарымавай). Пад уражаннем ад паездкі ў Беларусь на прэзентацыі «Снежнага чалавека» Эва Суса напісала працяг сваёй кнігі і прапануе аформіць «Снежнага чалавека ў Мінску» беларускім мастакам, мастачкам, іх дзеткам і ўсім, каму спадабаўся добры Снежны чалавек.
Прыгоды Снежнага чалавека ў Мінску найперш пабачаць свет менавіта ў беларускім перакладзе Дзмітрыя Плакса — выданне кнігі і прэзентацыі з удзелам аўтаркі плануюцца на канец лістапада 2016 года. Потым кніга найпапулярнейшай шведскай аўтаркі будзе рыхтавацца да выдання ў Швецыі, а таксама, магчыма ў перакладзе на іншыя еўрапейскія мовы. Ва ўсіх гэтых выпадках будуць заключацца персанальныя дамовы з аўтарам беларускіх ілюстрацый.
Для таго каб прыняць удзел у конкурсе, праілюструйце адзін з разваротаў кнігі і дашліце выяву да 1 верасня 2016 года на адрас sbp@lit-bel.org (пранумараваныя тэксты першых шасці разваротаў кнігі гл. ніжэй). Пераможца атрымае выгадную замову на ілюстрацыі да ўсёй кнігі.

Эва СусаСнежны чалавек у Мінску
1 Ля ракі Свіслач стаіць сталічны горад Мінск са сваімі прыгожымі храмамі, паркамі ды ўніверсітэтамі. У той сталіцы жыве недзе два мільёны чалавек, якія ездзяць на аўтобусах, у метро ці шпацыруюць па ходніках. Калі падысці да кагосьці з іх, – кагосьці, хто не надта некуды спяшаецца, – і ветліва спытаць пра нейкую падзею надзвычайнай важнасці, што калі-небудзь здаралася ў горадзе, то магчыма можна пачуць у адказ гісторыю пра Снежнага чалавека на плошчы Перамогі.
2 Да той самай ночы, калі сапраўдны жывы Снежны чалавек прайшоў уздоўж праспекта Незалежнасці, мінчукі лічылі яго казкай. Дый сам Снежны чалавек недаверліва пачухаўся б, калі б хто яму сказаў, што ён калісь пакіне свой улюбёны лес і апынецца ў месцы, пра якое ён ніколі не чуў – у горадзе Мінску. Снежны чалавек жыў у сваёй пячоры аж з пракаветных часоў – высока ў гарах, дзе ніколі не растае снег. Разам з ім у пячоры жылі яго стары тата, сава і каза. Жыццё ў іх было простае і спакойнае. Тата і сын ціхамірна сёрбалі кісель з чарніц, і дапамагалі адзін аднаму выразаць драўляных соў. Начамі яны спалі – рэха ад іх храпення разносілася сярод ялін.
3 Адным надвячоркам, калі Снежны чалавек як звычайна выйшаў удыхнуць яловага водару, у яго раптам намоклі ногі. Снежны чалавек нахіліўся і ўбачыў, што ён стаіць у ручайку, які цячэ з бліжэйшай горнай вяршыні. Тады ён адразу пабег дадому і паведаміў пра гэтую катастрофу свайму тату: – РАСТСНЕГ АЎ, ВОЙ, ВОЙ, ВАЙ! Сітуацыя была крытычная! Снежныя людзі не могуць жыць без снегу. Калі снег на вяршыні гары пачаў раставаць і ператварацца ў ваду, то трэба хутка перасяляцца, пакуль пячору не затапіла. Часу на роздумы не было. Снежны чалавек вырашыў неадкладна кінуцца на пошукі новага жытла. Ноч яго спыніць не магла – неба блішчэла зоркамі, а поўня свяціла, што твая лямпа. Заставалася толькі ісці.
4 Першую частку шляху праз лес за ім ляцела сава, але як толькі ўзышло сонца, сава павярнула назад да пячоры, каб паспаць. Снежны чалавек не даваў сабе адпачынку. Ён упарта ступаў сваімі велічэзнымі крокамі, пакуль не дасягнуў самага ўзлеску. Але і там ён не спыніўся. Нават не падумаўшы пра наступствы, ён пакрочыў далей, у невядомае. Снежны чалавек ішоў праз вялікія раўніны, пераходзіў уброд рэчкі, пераплываў азёры, пакуль не дайшоў да маленькай ціхай рачулкі. Тут ён вырашыў пайсці берагам – ён жа не ведаў, што рэчка мела назву Свіслач і што яна хутка прывядзе яго ў Мінск.
Людзі ўжо спалі, вуліцы і плошчы былі зусім пустыя. Снежны чалавек  залюбаваўся ліхтарамі, якія так прыгожа свяцілі. Раптам пачаў сыпаць снег і Снежны чалавек адчуў сябе дома. Ён ужо быў вельмі стомлены і таму, знайшоўшы вялікую свежую гурбу ля плошчы Перамогі, зарыўся ў яе, як змог, ды заснуў.
5 Ранкам жыхары Мінска прачнуліся і ўбачылі, што горад засыпаны снегам. Перад тым, як пакінуць свае кватэры і пайсці на працу ды вучобу, яны цёпла апрануліся. Снежны чалавек, які дагэтуль бег не менш як цэлы тыдзень запар, быў ледзь прытомны ад стомы і нічога вакол сябе не заўважаў.  Ён быў амаль нябачны, засыпаны снегам у сваім сумёце.
Хлопчыкі Барыс і Алесь, якія той раніцай беглі ў школу, раптам заўважылі нешта ў снезе. Але яны, вядома, не зразумелі, што гэта быў Снежны чалавек. – Глядзі, які дзіўны снегавік, - сказаў Барыс і паказаў на сумёт. – Даволі выродлівы, - адказаў Алесь. - Нехта на яго нацягнуў футра. – Цікава, як яны гэта зрабілі?, - спытаў Барыс, бо ён любіў ляпіць снегавікоў і хацеў навучыцца нечаму новаму.
6 Хлопчыкі падышлі да сумёта, каб дакрануцца да “снегавіка”. Між іншым, яны тыцнулі яму проста ў нос. Снежны чалавек прачнуўся і чыхнуў так, што ў паветры аж грымнула. Хлопчыкі здзіўлена адскочылі. – ЕЦІН ПЛЕЦІН ПЛАК! - ветліва сказаў Снежны чалавек і, раскідваючы снег, падняўся з сумёта. Хлопчыкі страшэнна напалохаліся. Барыс хаваўся за Алеся, Алесь – за Барыса. – Што гэта за аграмадзіна, - прашаптаў Алесь. – Які страшны. – Пабеглі ў школу, раскажам усім, - адказаў Барыс. З салодкім жахам яны памчаліся прэч, забыўшы школьныя заплечнікі з падручнікамі.
(Пераклад Дзмітрыя Плакса)




Паводле інфармацыі з прэс-рэліза