Сонечка ў ступары

У тэатры Беларускай драматургіі адбылася прэм’ера «Сонечкі», пастаўленай паводле «Злачынства і пакарання» Фёдара Дастаеўскага. П’еса-інсцэніроўка Алены Паповай — няўцямна-экзальтаваная нарэзка, якую не ратуюць акцёры і рэжысёр.



300d1539c3b6aa1793b5678b857732cf.jpg

У тэатры Беларускай драматургіі адбылася прэм’ера «Сонечкі», пастаўленай паводле «Злачынства і пакарання» Фёдара Дастаеўскага. П’еса-інсцэніроўка Алены Паповай — няўцямна-экзальтаваная нарэзка, якую не ратуюць акцёры і рэжысёр.
Калі тэатр не ведае, куды рухацца, то звяртаецца да надзейных літаратурных крыніцаў. Класікі, правераныя часам, выратоўваюць, даюць апору, падказваюць. Адзін з самых шаноўных аўтараў, якому, прынамсі, пашанцавала з экранізацыямі — Фёдар Дастаеўскі. А «Злачынства і пакаранне» — ягоны хрэстаматыйны твор. Гэта дазваляе публіцы пачувацца дасведчанай — і абяцае хаця б нейкую зычлівасць.
На сцэне — шэры турэмны закуток. Рука марудна прыадчыняе засаўкі закратаваных дзвярэй. Адны дзверы, другія, трэція. На авансцэне — Раскольнікаў. Спакутаваныя вочы. Маналог пра неабходнасць забойства няшчаснай старой-працэнтніцы. Кідаецца з сякерай за дзверы.
Істэрычны лямант і крыкі. Чырвонае святло. На сцэне скачуць здані ў чорным — у чырвоных пальчатках. «Забілі! Забілі! Старую забілі!»
Чырвоны колер — крыві — вандруе ад героя і да героя. Спачатку — д’яблы ў пальчатках «па локаць у крыві». Потым чырвоная хустка — смяротна хворай і ашалелай Кацярыны Іванаўны (Людміла Сідаркевіч). У фінале — зноў шпэць з пальчаткамі.
Над «турэмнай» сцэнай — балкон, дзе Раскольнікаў сустракае п’янага Мармеладава, ягоную дачку Сонечку — усю ў белым, дый іншых герояў.
Персанажы часта спускаюцца ў закратаваны закуток. Б’юцца і б’юцца ў гэтым закутку. Паміраюць. Носяцца здані са шпітальным сталом на колах. Гаворыць і гаворыць Сонечка. Крычыць і ніякавее Раскольнікаў.
Дастаеўскі — рэаліст чалавечых душаў. Праз жыццё людзей — у канкрэтных абставінах — ён раскрывае бездані пекла і раю. Пастаноўка па Дастаеўскаму дазваляе альбо кінуцца ў замагільны карнавал з неверагоднай сцэнічнай механікай, альбо аскетычна засяродзіцца на рухах чалавечай душы, дзе тэатральная машынэрыя зведзеная да мінімуму.
Тэатр заўжды — альбо празмерны, шыкоўны, дэкарацыйны, альбо сціплы. Тэатр шыкоўны патурае фантазіям дый ілюзіям, пестуе вока. Такі тэатр — падкрэсленая ўмоўнасць, што красуецца ў святле рампы і пацяшае аўдыторыю. Іншы тэатр — сціплы, камерны, інтымны, ён гаворыць з гледачом шэптам, тут і цяпер, у непасрэднай прысутнасці.
Абодва тэатры — два бакі аднаго мастацтва. Але тэатр шэпту альбо тэатр вачэй мусяць быць дакладна акрэсленыя.
У «Сонечцы» намешана ўсяго — без усялякага стылю і пэўнасці.
Шэпт-споведзь з’ядаецца, харэаграфічная празмернасць зашэптваецца.
Беларуская мова дыялогаў змяняецца аўтарскімі зацемкамі на рускай мове ад Фёдара Міхайлавіча — каб мы не заблыталіся, што з кім і пасля чаго адбываецца.
Героі не паспяваюць паскандаліць (а якія ў Дастаеўскага скандалы!), як сцэны абрываюцца. Раскольнікаў толькі раскрыў рот, як валіцца на падлогу. Сонечка расплюшчыла вочы — але здзіўляцца ёй давялося толькі ў наступнай сцэне (калі дадуць). Дакараць сумленных акцёраў — Андрэя Бібікава і Надзею Цвяткову — за гэта нельга; такія правілы гульні, дакладней, яе адсутнасці.
Няшчасныя героі знаходзяцца пераважна ў двух станах — экстатычнага ступару ці непрытомнасці. Маці Раскольнікава (Ганна Маслоўская) знямела ад жаху; яе сынок як бярвенне, сястра (Анастасія Баброва) аслупянела.
Але на сцэне доўга дранцвець немагчыма — і тады з-за дзвярэй-кратаў вылятаюць «здані» ў чорных хламідах дый таньчаць свой «данс макабр», абачліва падгледжаны на «Хэлаўіне» п’яных студэнтаў.
Часам гэтыя навязлівыя скокі становяцца настолькі кепскімі, што ажно хораша. Асабліва дзікай выглядае сцэна памінак па Мармеладаву (Андрэй Дабравольскі, якога вывезлі са сцэны на шпітальным стале).
Гучаць абсалютная шальныя зонгі ад Мюра Фарыдовіча. (Зонгі, адкуль гэта — няўжо ад Брэхта? Але гэта зусім іншы тэатр — не містычнае прадстаўленне і не «аСтаніслаўлены» побыт! Дык у мяшанку спектакля ўсё пойдзе!)
Дурныя спевы пра нейкіх палякаў (гэта трэба пачуць!), крыкі Амаліі Іванаўны (харызматычна-яскравая Галіна Чарнабаева) — але што, да чаго, куды?
Безгустоўна-кашмарны карнавал, мо’ і намякае на «карнавальнасць» творчасці Дастаеўскага, але такія грунтоўныя намёкі яўна не былі мэтай інсцэніроўкі.
У спектаклі ёсць толькі тры сцэны, якія хоць неяк чапляюць. Гэта сцэна з Лужыным і лебезятнікавым (Дзмітрый Мядзведзеў і Кірыл Навіцкі)  — але толькі таму, што тут маецца ўцямная драматургія (і гэта Дастаеўскі!). Сцэна са Свідрыгайлавым — але толькі таму, што яго эфектна-наравіста, з лёгкім пазёрствам, сыграў сам рэжысёр Ігар Сігаў.
Нарэшце, галоўная сцэна — калі Сонечка чытае Евангелле (а Раскольнікаў дэманстратыўна валяецца на шпітальным стале). Але Добрую Вестку нельга сапсаваць ніякай тэатральнай інсцэніроўкай.
Асноўная праблема спектакля — неахайная п’еса Алены Паповай, якая нарэзала Дастаеўскага так, што нават людзі, якія памятаюць «Злачынства і пакаранне», з цяжкасцю здагадаюцца пра сюжэт. Пра забойства старой яшчэ ўцяміць можна (калі ведаць кнігу). Але хто з кім канфліктуе? Чаму? Якія гэта выклікае пачуцці ў персанажаў? Што героі гавораць адзін аднаму дый гледачу? І навошта?
Рэжысёр Ігар Сігаў і пастаноўшчык Валеры Анісенка старанна імкнуцца заткнуць драматургічныя дзіркі хоць нейкім дзеяннем. Але калі п’еса не атрымалася, то нават самы таленавіты рэжысёр не выратуе яе.
Але ёсць яшчэ адна цяжкасць.
Сёння мы маем крызіс савецкай тэатральнай школы. Творцы, узгадаваныя ў Савецкім Саюзе, прызвычаіліся да эзопавай мовы, якая дазваляла гаварыць пра веру і душу. Мова сімвалаў выстаўляла мастакоў праваднікамі забароненае духоўнасці.
Але сёння гаварыць можна ўсё. І старанна ўзгадаваная мова «дулі ў кішэнях» не ведае, як сказаць Добрую Вестку. Паныла-навязлівы сімвалізм ужо нікому і нічога не тлумачыць — а толькі тлуміць, маскуючы пустату.
Маецца і крызіс аўтара як такога. Сёння аўтар, які калісьці рамантычна бурапеніў, можа выступаць альбо стваральнікам масак — яскравых і жанравых, альбо ціхмяным апавядальнікам. Але і тое, і другое патрабуе ад яго адысці ўбок, не лезці наперад, быць сціплым і стрыманым.
Час тэатральных дэміургаў, якія эксперыментавалі з гледачом, прайшоў. Час, калі інтэлігенцыя гаварыла народу пра забароненае, мінуў.
А творцы ўсё яшчэ самотна стаяць на подыуме. Яны дасюль лічаць сябе цэнтрам і крыніцай духоўнасці. Яны дасюль спадзяюцца на правадырства.
Вельмі наіўная і дзіцячая пыха. Асабліва, калі сапраўдная Добрая Вестка ўжо прагучала.