Стаць Зміцерам Вайцюшкевічам

У той час, калі лідары беларускай рок-музыкі ўзялі незапланаваны творчы адпачынак, вымушаную паўзу вырашылі запоўніць журналісты і музычныя крытыкі.



a58616464d14208b2677a084f5d7456f.JPG

У той час, калі лідары беларускай рок-музыкі ўзялі незапланаваны творчы адпачынак, вымушаную паўзу вырашылі запоўніць журналісты і музычныя крытыкі.
Адзін за адным у свет пачалі выходзіць аўтарызованыя біяграфіі музыкантаў («Іх МРОЯ, іх N.R.M.» В. Дзятліковіча), энцыклапедыі і даведнікі па беларускай папулярнай музыцы («222 альбомы беларускага року і не толькі....», В. Мартыненкі і А. Мяльгуя, «Шоў-бізнэс у Беларусі» А. Перагудавай), грунтоўныя музычныя даследаванні («Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.» і «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага» З. Сасноўскага).
Некаторыя музыканты нават самі звярнуліся да жанру музычных мемуараў, як гэта зрабіў лідар этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук, які выдаў свой падарожны дыярыюш «Аўтабаны і менестрэлі». Не так даўно з’явіўся працяг беларускай музычнай бібліятэкі — выданне, якому, на маю думку, наканавана стаць пачынальнікам цэлага напрамку ў айчыннай музычнай публіцыстыцы. Маю на ўвазе кнігу «Беларускае слова ад спеву», якая прысвечана творчай біяграфіі Зміцера Вайцюшкевіча і яго гурта «WZ-Orkiestra». Дарэчы, назву ёй даў паэтычны радок верша Р. Барадуліна «Беларускае слова», з якім чытач пазнаёміцца з самай першай старонкі кнігі.
Новае музычнае выданне пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор» з ініцыятывы беларускай журналісткі, грамадскай дзяячкі і знаўцы творчасці З. Вайцюшкевіча Элы Олінай (Дзвінскай). Менавіта яе энтузіязму і прафесійнаму падыходу да тэмы мы абавязаныя тым, што чытачы могуць пазнаёміцца з гэтым арыгінальным біяграфічным выданнем. Эла з’яўляецца асноўным аўтарам матэрыялаў, прысвечаных спеваку, якія змешчаны ў кнізе. На яе плечы лягло і вырашэнне ўсіх арганізацыйных і каардынацыйных пытанняў, якія ўзнікаюць, калі рэалізуецца такі праект.
Тое, з якой мэтанакіраванасцю Э. Оліна распрацоўвала абраную музычную тэму творчасці З. Вайцюшкевіча, сведчыць, што ідэя кнігі з’явілася даўно. Бо ў адначассе немагчыма запланаваць і апублікаваць біяграфічныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады спевака, яго вучобу, расповеды родных, зацемкі пра малую радзіму Зміцера — Бярозаўку, Лідчыну і Бацюхну-Нёмана... Як немагчыма сабраць і пагутарыць на тэму беларускай сучаснай музыкі і ролі ў ёй Зміцера Вайцюшкевіча адначасова з Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Някляевым, Генадзем Бураўкіным, Аляксандрам Мілінкевічам, Алесем Пушкіным, Віталем Супрановічам, Лявонам Вольскім, Алесем Камоцкім, Алегам Хаменкам і іншымі знакамітымі творцамі Беларусі. І вось цяпер мы можам пазнаёміцца з гутаркамі са знакамітымі паэтамі і пісьменнікамі, музыкамі і мастакамі, даведацца нямала цікавых фактаў біяграфіі З. Вайцюшкевіча («Легенды горада майстроў», «Кларнет»), паразважаць пра іх арыгінальныя думкі і высновы.
Таксама, упершыню ў кнізе «Беларускае слова ад спеву» пад адной вокладкай апублікаваны гутаркі з музыкантамі «WZ-Orkiestra», якія па-свойму раскрываюць феномен Вайцюшкевіча з прафесіянальнага і сяброўскага пункту гледжання. Думаю, чытачам будзе цікавым пазнаёміцца з меркаваннямі пра агульную музычную творчасць скрыпачкі Ксеніі Мінчанкі, баяніста Аляксандра Шувалава, клавішніка Андрэя Лабчэўскага...
Заслуга Э. Олінай як ініцыятара выдання і ў тым, што яна не стала «цягнуць на сябе коўдру» ў падборы матэрыялаў кнігі «Беларускае слова ад спеву», а прапанавала паўдзельнічаць у яе стварэнні іншым журналістам і музычным крытыкам. Ад гэтага першая публіцыстычная біяграфія знанага беларускага выканаўцы З. Вайцюшкевіча толькі выйграла. Кожны з аўтараў зрабіў свой унёсак у змест, урэшце, у дыскурс выдання. Так эмацыйна ўзвышаныя тэксты Паўла Севярынца, нібыта камертоны, задаюць тон і акрэсліваюць беларускае разуменне культурных з’яваў сучаснасці. Сама кніга распачынаецца эсэ П. Севярынца «Спеўны голас», у якім аўтар высока ўздымае планку для айчынных выканаўцаў-выкалістаў: «Беларускі вакал — голас новага еўрапейскага абуджэння. Спеў, народжаны ў міжмор’і, зразумелы і Захаду, і Усходу, голас, які захлынае душу пяшчотай і ласкай з самага сэрца...» Цікавым і датычным усяму зместу кнігі стала этнаграфічнае эсэ таго ж аўтара — «Нёмана чыстая плынь».
Што тычыцца часткі кнігі, якую прадставіў іншы яе складальнік — аўтар гэтых радкоў, — то яна ўяўляе сабой панараму ўсяго, што стваралася мной на тэму творчасці З. Вайцюшкевіча за доўгія гады нашага знаёмства — інтэрв’ю, музычныя агляды, рэпартажы, рэцэнзіі з нашай сумеснай з В. Мартыненкам кнігі, а таксама кароткі нарыс творчасці спевака — «Зміцер Вайцюшкевіч: у авангардзе беларускай культуры ХХІ стагоддзя», які ўпершыню пабачыў свет у «Новым Часе» (№11, ад 4.04.2008). Гэтыя тэксты я разглядаю з большага як крытычна-папулярызатарскія, але ў кантэксце кнігі многія тагачасныя думкі і высновы з часам зрабіліся нечаканымі нават для самога сябе!
Нельга не адзначыць і іншых аўтараў, чые тэксты дадалі стылістычнай разнастайнасці гэтаму біяграфічнаму выданню. Гэта Вітаўт Мартыненка, Генадзь Кеснер, Сяргей Будкін, Міхася Скобла, Зміцер Падбярэзскі, Вальжына Корсак, Яна Шыдлоўская і іншыя. Разам гэтыя музычныя крытыкі і журналісты на чале з Э. Олінай стварылі кнігу, якая чытаецца, як кажуць, на адным дыханні, захапляе і раскрывае той грандыёзны жыццёвы праект, які рэалізуе Зміцер Вайцюшкевіч, — адрадзіць нацыянальны мелас, данесці да слухачоў праўдзівае слова айчыннай паэзіі, запачаткаваць традыцыю прафесіянальнай нацыянальнай папулярнай музыкі. Адным словам, паказаць творчасць сапраўднага народнага артыста Беларусі ХХІ стагоддзя. Хоць дагэтуль ніяк не ўганаравагана дзяржавай.