Станіслаў Казура — забыты кампазітар

Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, педагог і публіцыст Станіслаў Казура вельмі любіў Беларусь, родныя мясціны, людзей, народныя беларускія песні. Ён ніколі не цураўся свайго беларускага паходжання.



stan_slau_kazura.jpg

Біяграфія пункцірам


Станіслаў Казура нарадзіўся ў фальварку Тэклінаполь былога Свянцянскага павету Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) 2 жніўня 1882 года. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым працягваў адукацыю ў Вільні, у тым ліку і музычную. Бацькі хацелі, каб сын стаў медыкам, таму адразу накіравалі яго ў Дзвінск вучыцца на лекара. Але яго цягнула да музыкі. У 1906 годзе Станіслаў арганізаваў з рабочых фабрыкі лакаматываў горада Дзвінска духавы аркестр, а пры парафіі мясцовага касцёла стварыў таварыства спевакоў «Лютня».
У 1907 годзе Станіслава запрасілі працаваць арганістам у Нясвіж, дзе ён арганізаваў змешаны хор, які вызначаўся высокім прафесіяналізмам, нават выконваў «Лотэрыю», складаны музычны твор Станіслава Манюшкі. Па пратэкцыі музычнага дзеяча дэкана Дзвінскага касцёла Секлюцкага і пры падтрымцы і апякунстве Радзівілаў у 1907 годзе Станіслаў Казура паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. А потым працягваў сваю музычную адукацыю ў Рыме, дзе ў 1914 годзе скончыў Акадэмію Святой Цэцыліі (Accademia Nazionale di Santa Cecilia), а таксама ў Парыжы. 
Жывучы ў Варшаве, кампазітар арганізаваў у філармоніі хор, які налічваў дзвесце ўдзельнікаў. Ён выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі сальфеджыо, садзейнічаў выданню дзяржаўнага дэкрэта аб абавязковым навучанні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Пры Варшаўскай кансерваторыі Станіслаў Казура арганізаваў факультэт па вывучэнні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Для гэтага факультэта ён напісаў і выдаў дзясяткі дапаможнікаў па спевах.

stann_sla_kazura_sprava_drug_krajnjaja_sprava_jago_zhonka_1939_g_.jpg


Станніслаў Казура (справа другі),крайняя справа яго жонка, 1939 г.
Кампазітар аднавіў гістарычную капэлу рарытарыстаў, арганізаваў хор «300 дзяцей з Павісля», вялікі хор «Польская народная капэла». Усе гэтыя музычныя калектывы выступілі з сотнямі розных канцэртаў. Падчас Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Варшаве Станіслаў Казура пры Апякунскай Радзе адкрыў тайную кансерваторыю. У ёй працаваў сам, а таксама яго жонка і іншыя выкладчыкі-патрыёты. У час Варшаўскага паўстання, калі навокал рваліся снарады і бомбы, Казура арганізаваў у кансерваторыі «хвіліны класічнай музыкі», якія падтрымлівалі патрыятычны дух змагароў.
Пасля вайны прафесар Станіслаў Казура першы пачаў адраджаць Варшаўскую кансерваторыю, пазней — Дзяржаўную вышэйшую музычную школу, у якой быў з 1945-га па 1951 год рэктарам. Казура — адзін з ініцыятараў стварэння ў 1956 годзе «Саюза польскіх кампазітараў».

Да Беларусі з любоўю


Станіслаў Казура вельмі любіў Беларусь. Ён ніколі не цураўся свайго беларускага паходжання. Яго жыццё пастаянна было звязана з беларускім рухам, хоць і пражыў большую частку свайго жыцця ў Польшчы.  Да Першай сусветнай вайны ён прымаў удзел у Беларускім студэнцкім гуртку ў Пецярбурзе. Шмат дапамагаў матэрыяльна студэнтам-беларусам, вучыў іх бясплатна ў Варшаўскай кансерваторыі. 
Станіслаў Казура дапамагаў ствараць Асветнае беларускае таварыства (іншыя яго згадваюць як Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве — С.Ч.). Гэтае таварыства было створана восенню 1936 года і праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Казура дапамагаў таварыству матэрыяльна на працягу ўсяго часу яго існавання. І сам вельмі актыўна прымаў удзел у многіх мерапрыемствах беларускай арганізацыі. А ў канцэртных мерапрыемствах Асветнага беларускага таварыства часта гучалі яго песні. 

kazura_noti.jpeg


У 1930-х гадах славуты кампазітар часта наведваў родную Пастаўшчыну. Ён гасцяваў у сваіх сяброў і сваякоў, хадзіў па вёсках і запісваў народныя песні. Як паведамляе краязнавец Яська Драўніцкі (Westki.info, 27.01.2013), на Пастаўшчыне Станіслаў Казура запісаў шмат беларускіх народных песень, 12 з іх апрацаваў для аматарскага хору і голасу сола. Гэта былі песні «Чырвоная калінанька», «Зялёны дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Як памерла матулька» і іншыя. Пры апрацоўцы песень кампазітар змог выявіць народную душу ў песнях, а таксама тонкія і далікатныя перажыванні. Дарэчы, «Беларускі каляндар» (Беласток) за 1980 год апублікаваў ноты Станіслава Казуры да беларускіх народных песень «Вярба», «Зязюленька», «Зашумела дубровачка», «Калінанька», «Камар у лазні паліў» і «Чаму не жаніўся». Гэты ж «Беларускі каляндар» апублікаваў і невялікія ўспаміны пра Станіслава Казуру Віктара Шведа, дзе ён падкрэслівае, што «Станіслаў Казура — гэта быў кампазітар, якога творчасць абапіралася на фальклоры. Ён з’яўляўся прапагандыстам і збіральнікам народных песень з усёй Польшчы, у тым ліку і беларускіх».
У 1956 годзе Станіслаў Казура разам з беларусамі Варшавы прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйным з’ездзе аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Варшаве. А 18 студзеня 1957 года ён прысутнічаў на першым сходзе Выдавецкага камітэта пры БГКТ. Выступаючы ў дыскусіях, Казура тады сказаў, што побач з мастацкай і навуковай літаратурай камітэт павінен займацца і апрацоўкай, а таксама выданнем беларускага песеннага фальклору. І сам ён тады паабяцаў падрыхтаваць зборнік беларускіх народных песень у сваёй апрацоўцы. Але, на жаль, не паспеў.

6913.jpg


Каханне на ўсё жыццё


Падчас вучобы ў Рыме Станіслаў Казура пазнаёміўся з дачкой італьянскага дырыжора і скрыпача Чэзара Трамбіні (1835–1898) Маргарытай. Маргарыта закахалася ў таленавітага беларуса. Хутка яны пажаніліся і пераехалі ў Варшаву. Маргарыта Трамбіні-Казура вучылася музыцы ў Варшаве, Парыжы, Берліне. У 1911 годзе яна дала першы канцэрт у Рыме. Пазней выступала з канцэртамі ў Італіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Нарвегіі, Венгрыі. А з 1919 года працавала педагогам Варшаўскай кансерваторыі. 
Піяністка, клавесіяністка, педагог у час нямецкай акупацыі разам з мужам працавала ў падпольнай кансерваторыі. А падчас Варшаўскага паўстання яна, рызыкуючы жыццём, як медсястра, аказвала дапамогу параненым. 

zhonka_stan_slava_kazuri_margarita.jpg


Жонка Станіслава Казуры Маргарыта
Маргарыта Трамбіні-Казура моцна кахала свайго мужа і дапамагала яму ва ўсім. Яна стала прафесарам Польскай вышэйшай музычнай школы, шмат разоў уваходзіла ў журы Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Шапэна, даследавала творчасць Шапэна і Баха. А пасля смерці Станіслава Казуры (памёр 30 лістапада 1961 года) прапагандавала яго музычную і літаратурную творчасць, бо акрамя музычнай дзейнасці спадар Казура займаўся яшчэ мастацкай і краязнаўчай літаратурай, напісаў і выдаў шэраг кніг, сярод якіх — «Фатальны візіт», «Прафесар Зубрэвіч», «Настаўнік з Чаромхі». «Сарбаністы» і іншыя.
* * *
Падчас пошукаў звестак пра Станіслава Казуру я звярнуўся да беларускага паэта Віктара Шведа, які жыве ў Беластоку. Віктар Швед добра ведаў Казуру, неаднойчы з ім сустракаўся ў Варшаве. І вось што распавёў: — Апошні раз я наведаў Станіслава ў 1961 годзе ў Варшаве. А здаецца, што зусім нядаўна я з сябрам Пятром Ластаўкам падымаліся па лесвіцы да кватэры Станіслава Казуры. Паважаны ўсімі прафесар, частуючы нас кавай, прасіў наведваць яго часцей. Мы паабяцалі, аднак 30 лістапада 1961 года па радыё мы пачулі сумную вестку аб смерці гэтага выдатнага чалавека.
Прафесар Казура вельмі хваляваўся, калі заглядваў да яго нехта з беларусаў. Ён быў чалавекам надта сардэчным і гаваркім. Жывучы ў Варшаве, у польскім асяроддзі, ён рэдка меў аказію пагутарыць на беларускай мове. Таму беларуская мова, якою ён карыстаўся, была крышачку архаічнай, была гэта мова нашаніўскай пары. Такую мову вынес Станіслаў Казура з бацькоўскай хаты і такую захаваў на ўсё жыццё. Здавалася, што ён нічога больш на свеце не любіў і не хацеў, каб толькі пагутарыць на роднай мове з беларусамі.

1_max.jpg


Ён ахвотна разважаў пра беларускі фальклор, пра беларускія народныя песні, якія сам апрацоўваў. Не трэба было яго доўга прасіць, каб засеў за фартэпіяна. З прыемнасцю слухалася і глядзелася на яго далікатныя, васкова-бледныя пальцы, якія віртуозна дабывалі з клавішаў фартэпіяна меладычныя гукі. Ён да смерці заставаўся верным тым старым беларускім народным песням, якія чуў калісьці і якія глыбока запалі ў яго душу і сэрца, напамінаючы родныя мясціны на Пастаўшчыне…
Пры жыцці Станіслаў Казура меў шмат розных прэмій і ўзнагарод, сярод якіх быў і Крыж Камандорскі Ордэна Адраджэння Польшчы. А ў 1980 годзе адна з вуліц квартала Варшавы «Натолін» на Макотаве атрымала імя Станіслава Казуры. Вось толькі на роднай Пастаўшчыне імя яго не ўшанавана.