Польшча часова спыняе пропуск пешаходаў праз мяжу

З 1 кастрычніка Польшча часова спыняе пропуск пешаходаў, якія ідуць праз польска-беларускія памежныя пераходы, паведамляе сайт Падляшскага аддзялення Пагранічнай варты Польшчы. 



rp_rb_granitsa.jpg

«У адпаведнасці з рашэннем беларускіх уладаў, з 1 кастрычніка 2014 года будзе спынены рух пешаходаў на дарожных кантрольна-прапускных пунктах, размешчаных на польска-беларускай мяжы, якія не маюць асобных палос руху для пешаходаў, — адзначаецца ў паведамленні. — Беларусы заяўляюць, што спыненне пешаходнага руху з’яўляецца часовым і будзе доўжыцца да абсталявання памежных пераходаў на беларускім баку неабходнай інфраструктурай для кантролю асоб, якія перасякаюць мяжу пешшу».

У сваю чаргу польскі бок спыняе пропуск пешаходаў праз памежныя пераходы «Кузніца — Брузгі», «Баброўнікі — Бераставіца», «Полаўцы — Пясчатка», перадае БелаПАН.

Нагадаем, раней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвясціў, што 1 кастрычніка часова спыняецца пешаходны рух у аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Гэта рашэнне абумоўлена адсутнасцю ў беларускіх пунктах пропуску неабходнай інфраструктуры для пешаходнага руху — асобных пешаходных калідораў, асобных тэрміналаў мытнага і памежнага афармлення.

Па словах прэс-сакратара ДПК Аляксандра Цішчанка, прымаючы пад увагу існуючыя праблемы бяспекі грамадзян, якія перасякаюць мяжу пешым парадкам, і аб’ектыўную немагчымасць у наяўных умовах аператыўна абслугоўваць аб’ёмы пешаходнага руху, беларускі бок вымушаны часова спыніць пачаты ў мінулым годзе эксперымент да завяршэння Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі мерапрыемстваў па ўдасканаленні інфраструктуры пунктаў пропуску з улікам інтарэсаў пешаходнага руху.