ЕБРР прагназуе запаволенне росту эканомікі Беларусі

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе рост эканомікі Беларусі ў 2014 годзе на ўзроўні 0,7%, у 2015-м, па дадзеных банка, ён складзе 0,5%. Такія лічбы агучыў дырэктар банка ад Ірландыі, Даніі, Косава і Літвы Шон Данлон на прэс-канферэнцыі па выніках візіту дэлегацыі савета дырэктараў ЕБРР у Беларусь. 



ebrr.jpg

Адказваючы на пытанні журналістаў, Шон Данлон адзначыў: «Мы чакаем, што эканоміка ў гэтым годзе будзе расці. Мы таксама прагназуем эканамічны рост для Беларусі ў наступным годзе». Прагнозы банка змяняюцца па зменах сітуацыі ў краіне. Улічваючы, што першая палова 2014 года дэманструе добрыя эканамічныя паказчыкі, ЕБРР перагледзеў прагноз па Беларусі на карысць станоўчага эканамічнага росту ў памеры 0,7%. «На наступны год наш прагноз застаецца без змен: рост можа скласці 0,5%», — сказаў ён.

Пры гэтым прадстаўнік ЕБРР адзначыў, што абставіны, якія ўплываюць на эканамічнае развіццё, дастаткова складаныя, яны ўвесь час мяняюцца. «Аднак нашы суразмоўцы з фінансавага сектара таксама падзяляюць наш пазітыўны погляд, і мы лічым, што Беларусь знаходзіцца на правільным шляху», — сказаў ён.

Усе эканомікі ў апошнія гады адчуваюць пэўныя цяжкасці. Тут самае галоўнае — ўменне знаходзіць выйсце са складанай сітуацыі. «А ваша здольнасць да пераадолення гэтых складанасцяў ўражвае», — заўважыў Шон Данлон.

Эканоміка Беларусі расце, улады прадпрымаюць пэўныя захады, каб забяспечыць гэты рост. «У той жа час застаюцца некаторыя гадіны, у якіх мы хацелі б бачыць больш істотныя крокі», — сказаў прадстаўнік ЕБРР. Усе гэтыя тэмы адкрыта абмяркоўваюцца з уладамі Беларусі. У прыватнасці, Шон Данлон на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам агучыў рэкамендацыю развіваць прыватны сектар эканомікі Беларусі.

Дэлегацыя Савета дырэктараў ЕБРР знаходзілася ў Беларусі з пяцідзённым візітам з 22 верасня. У праграму ўвайшло наведванне некалькіх гарадоў, у тым ліку Смаргоні, Фаніпаля, Баранавічаў, Мінска. Падчас візіту савет дырэктараў праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай і рэгіянальнай улады, замежнымі і лакальнымі інвестарамі, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, каб абмеркаваць палітычнае і эканамічнае развіццё краіны.

ЕБРР з’яўляецца буйным інвестарам Беларусі. Па стане на 1 верасня 2014 года банк вылучыў больш за 1,5 млрд. еўра па 66 праектах, з іх 883 млн. еўра інвеставаныя за мінулыя 5 гадоў. Аб’ём аперацый ЕБРР у 2013 годзе дасягнуў рэкорднага ўзроўню — 255 млн. еўра. Гэтыя сродкі банк накіраваў на падтрымку праектаў мясцовых і замежных інвестараў у прыватным сектары Беларусі. У першым квартале 2014 года ЕБРР інвеставаў у Беларусь 124,4 млн. еўра, перадае БелТА.