Беларусь займае другое месца па росце спажывецкіх коштаў на постсавецкай прасторы
Беларусь заняла другое месца сярод краін на прасторы былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені-жніўні 2014 года.
Згодна з аналізам дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі, які правёў БелаПАН, у першую тройку ўвайшлі Украіна (12,9%), Беларусь (12%) і Расія (5,6%). Далей ідуць Казахстан, Таджыкістан (па 5,4%), Кыргызстан (4,5%), Малдова (1%), Латвія (0,6%) і Эстонія (0,4%).
Цэны знізіліся ў Грузіі, Літве (на 0,1%), Арменіі (на 1,2%) і Азербайджане (на 2,1%). Няма звестак па Узбекістане. У Туркменістане за першае паўгоддзе 2014 года цэны выраслі на 3,2%. Больш свежая інфармацыя адсутнічае.
Па росце коштаў у жніўні Беларусь з паказчыкам 0,8% апынулася лідэрам. У чэрвені і ліпені назіралася тая ж сітуацыя, аднак на гэты раз кампанію Беларусі склалі Латвія і Украіна. За імі размясціліся Арменія, Таджыкістан (на 0,7%), Грузія (на 0,5%), Казахстан (на 0,4%) і Расія (на 0,2%). Не змяніліся цэны ў Азербайджане, зменшыліся ў Літве (на 0,1%), Эстоніі (на 0,3%), Кыргызстане і Малдове (на 0,4%).
У самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, якая мае ўласную фінансавую сістэму, у жніўні цэны знізіліся на 0,3%, з пачатку года — выраслі на 0,6%.
У 2011-2013 гадах Беларусь была першай на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн (адпаведна на 108,7, 21,8 і 16,5%).