«Стральцоўскі фэст»-2024: як гэта было
Учора ў Вільні скончыўся самы буйны беларускі літаратурны фестываль «Вершы на асфальце», які ў народзе называюць «Стральцоўскім фэстам». «Новы Час» пабываў там і расказвае вам, што цікавага мы бачылі і чулі.
З 16 па 18 лютага ў самым цэнтры любімай беларусамі Вільні праходзіў штогадовы міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце».
Гэтым разам паэты і паэткі сустракаліся на адной сцэне ў 13-ты раз, каб пачытаць свае вершы і пераклады, паслухаць адно аднаго і абмеркаваць сучасны літаратурны працэс. Сярод гасцей фестывалю былі прадстаўнікі шведскага «Саюза пісьменнікаў», літоўскія аўтары і аўтаркі, а таксама латышскі паэт Сямён Ханін.
Акрамя традыцыйных для фэсту ўручэння прэміі імя Міхася Стральцова (сёлетнім лаўрэатам стаў Усевалад Сцебурака) і «Ночы паэзіі», амаль цэлы дзень быў адведзены на прэзентацыі кніг, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць выходзіць і радаваць чытачоў. Свае кнігі, такім чынам, прадставілі Ганна Комар, Артур Камароўскі, Ганна Шакель, Ганна Янкута, Сяргей Сыс, Андрэй Хадановіч. Таксама паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў прэзентаваў цэлую паэтычную серыю «hochroth Minsk», у межах якой выйшлі кнігі Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, Сабіны Брыло і іншых вядомых аўтарак і аўтараў.
Фота: Станіслаў Менскі, «НЧ»
Дарэчы, усе (ці амаль усе) выданні можна было набыць, проста, так бы мовіць, не адыходзячы ад касы: беларускія кнігавыдаўцы не абмінулі фестываль сваёй увагай і пастараліся, каб чытачы мелі магчымасць дакрануцца да паэзіі ў літаральным сэнсе слова і ўзяць аўтографы ў любімых паэтаў. Можа было прыдбаць кнігі выдавецтваў і выдавецкіх ініцыятыў «Пфляўмбаўм», «Цымбераў», «Янушкевіч», «Камунікат», «Скарына Прэс», «Гутэнберг», «ARCHE», «Логвінаў», «Кнігазбор». А калі нечага не хапіла, то проста тут жа дамовіцца на персанальную «дастаўку».
Адной з цікавых магчымасцей для невядомых пакуль шырокаму чытачу творцаў стаў «адкрыты мікрафон», які зладзілі на «Ночы паэзіі». Рызыкоўная справа што да тэм і якасці тэкстаў, але, безумоўна, патрэбная — бо дае абсалютна кожнаму магчымасць выказацца і глытнуць п'янкога паветра ўвагі. Напрыклад, вядомаму актывісту Іллю Міронаву, які нечакана вырашыў праявіць сябе ў літаратуры і прачытаў два палымяныя тэксты пра пратэсты і сітуацыю ў Беларусі.
Фота: Станіслаў Менскі, «НЧ»
Ну і на дэсерт гасцінная прастора «Павільёніса», дзе праходзілі два з трох дзён фэсту, пачула музыку новага праекта паэта і музыкі Уладзя Лянкевіча, гурта «Relikt» і «Filamaty». Сама назва быццам створана для прасторы, у якой упершыню загучалі публічна акорды песень — у сэрцы Вільні, той самай Вільні, дзе некалькі стагоддзяў таму першыя «філаматы» пад кіраўніцтвам Тамаша Зана складалі і чыталі свае вершы.
Выступленне гурта «Filamaty». Фота: Дар'я Роскач, «Будзьма беларусамі»
Аўтарка гэтых радкоў, на вялікі жаль, на само выступленне не трапіла, затое заспела саўндчэк — і гэта было прыўкрасна.