Сустрэча з Вольгай Іпатавай
12 чэрвеня ў Мінску, у сядзібе РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) адбылася сустрэча з выбітнай беларускай пісьменніцай Вольгай Іпатавай, якая
апошнія два гады жыве ў Канадзе.
12 чэрвеня ў Мінску, у сядзібе РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) адбылася сустрэча з выбітнай беларускай пісьменніцай Вольгай Іпатавай, якая
апошнія два гады жыве ў Канадзе.
Старшыня таварыства Алег Трусаў выказаў задавальненне, што “зноў вярнулася на Радзіму нашая знакамітая пісьменніца і грамадская дзеячка Вольга Іпатава. Паводле ягоных слоў, яна
збіраецца пабыць у Беларусі некалькі месяцаў, пад час каторых ТБМ правядзе яшчэ некалькі сустрэч з пісьменніцай. “Яе імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры. Яна
першая раскрыла постаць Ефрасінні Полацкай яшчэ ў тыя далёкія савецкія часы, кіравала Саюзам беларускіх пісьменнікаў, на маю думку, мабыць была найлепшым кіраўніком гэтага творчага
аб’яднання. Як вядома, яе кніжкі ў крамах не залежваюцца і карыстаюцца вялікім попытам у прыхільнікаў беларушчыны, — сказаў Трусаў.
Іпатава распавяла, што ў гонар дзеяча беларускай эміграцыі, сябры Згуртавання беларусаў Канады Міколы Ганько (1924 — 1999) яго жонка Марыя ў 2009 годзе заснавала прэмію імя свайго мужа, якой
адзначаюцца аўтары публікацый пра беларускую дыяспару. Паводле яе слоў, лаўрэатамі прэміі 2012 года сталі беларускія настаўніцы Зінаіда Крупская з Вілейкі (Мінская вобласць) і Ніна Сакава з
Асіповіцкага раёна (Магілёўская вобласць). Жанчыны адзначаны за іх працу на карысць беларушчыны ў рэгіёнах, дзе рабіць гэта куды складней, чым у сталіцы, падкрэсліла
Іпатава.
Затым яна прадставіла сваю апошнюю кнігу “Знак вялікага магістра, прысвечаную Грунвальдскай бітве, і распавяла пра творчыя планы, у тым ліку — будучы раман пра беларускія
карані Хрыстафора Калумба. Паводле яе словаў, партугальскі даследчык Мануэл да Сілва Роза, які напісаў тры кніжкі пра вялікага мараплаўца, на выснове аналізу старадаўніх хронік сцвярджае, што Калумб
не хто іншы, як унук Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, сын караля Уладзіслава III, каторы не загінуў у бітве пад Варнай 4 лістапада 1444 года, а збег на партугальскі востраў Мадэйра, дзе ажаніўся
на дачцы арыстакрата і стаў бацькам будучага першаадкрывальніка Амерыкі для еўрапейцаў.
Як паведаміла Іпатава, каб параўнаць ДНК сыноў Калумба з ДНК Ягайлы даследчык зрабіў адпаведныя запыты ў музеі Кракава і Севільі. На думку пісьменніцы, у адрозненне ад гісторыка літаратар можа ўзяць
такую версію і раскручваць яе ў мастацкім творы. “І калі Бог дасць час і сілы, можа напішу яшчэ некалькі гістарычных раманаў, — сказала пісьменніца. Разам з тым, на яе
меркаванне, неабходныя тысячы беларускіх пісьменнікаў і сотні айчынных гісторыкаў, каб узарваць той дзірван беспамятства, які да гэтага часу не дазваляе беларусам дазнацца пра сваю сапраўдную,
велічную і гераічную еўрапейскую гісторыю.
Літаратуразнаўца Лідзія Савік выказала задавальненне, што Іпатава піша новы гістарычны раман. “І Ваша пачэсная місія дапамагчы не толькі сыну ўнукаў падгадаваць, але і напісаць новыя творы
пра нашае найцікавейшае мінулае, не горшае за французскую ці расійскую гісторыю, — сказала Савік. Паводле яе словаў, будуць жыць у вяках гістарычныя раманы Вольгі Іпатавай пра
Ефрасінню Полацкую, Гедыміна, Альгерда, Вітаўта і Ягайлу, як і мастацкія творы пра айчыннае мінулае, напісаныя Уладзімірам Караткевічам, Кастусём Тарасавым, Уладзімірам Арловым і Леанідам
Дайнекам.
На здымку: Вольга Іпатава ўручае Зінаідзе Крупскай дыплом прэміі ў гонар Міколы Ганько