Святлана Алексіевіч — чацвёртая ў букмекераў на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры
Дзве аўтарытэтныя брытанскія букмекерскія канторы (unibet.co.uk і 888sport.com) прымаюць стаўкі на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
У абодвух спісах надзвычай высокае месца займае беларуска Святлана Алексіевіч. У прагнозах букмекераў яна займае чацвёртае месца. Стаўкі на яе прымаюцца з каэфіцыентам 9 да 1.
Не так даўно выйшла новая кніга Святланы Алексіевіч “Час second hand”. Кніга пабачыла свет па-расейску, па-шведску, па-нямецку. Па-беларуску частка кнігі выходзіла ў часопісе “Дзеяслоў”. На гэтую кнігу атрыманая выдатная крытыка ў свеце.
Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 ва ўкраінскім Івана-Франкоўску. Скончыла школу ў Петрыкаўскім раёне. Аўтар дакументальных кніг «У вайны — не жаночае аблічча» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цынкавыя хлопчыкі» і інш.
Лідзіруе ж 64-гадовы японскі пісьменнік Харукі Муракамі (4 да 1). Ён папулярны і ў Беларусі. Муракамі аўтар такіх раманаў, як «1Q84», «Кафка на пляжы», «Нарвежскі лес», «Дэнс, Дэнс, Дэнс», «Слухай песню ветра». Аднак Нобелеўскую прэмію летась ужо атрымліваў аўтар з Азіі – кітаец Мо Янь.
На другім месцы аказалася амерыканская аўтарка Джойс Кэрал Оўтс (8 да 1). Найбольш пладавіты перыяд творчасці пісьменніцы прыйшоўся на 1960-я. Тады яна стварыла раманы «Ашаламляльнае падзенне», «Сад радасцяў зямных», «Іх жыцці». Адзін з апошніх раманаў Оўтс быў напісаны ў 2000-м, называўся «Бландзінкі», прысвечаны Мерлін Манро.
Амерыканская літаратура вось ужо 20 гадоў не атрымлівала Нобелеўскую ўзнагароду.
На трэцім месцы вугорскі аўтар Петэр Надаш (9 да 1). Сёлета па-беларуску выйшаў ягоны раман «Канец адной сямейнай сагі». Праўда, пераклад рабіўся не з мовы арыгіналу, а польскай.
За Алексіевіч у спісе аказаліся галандзец Сейс Ноотэбоом, албанец Ісмаіл Кадарэ, італьянец Умберта Эка, сірыец Адоніс.
Імя лаўрэата будзе названа 10 кастрычніка.