Sziget 2016: як гэта было (фота)
Адгрымеў чарговы Sziget. На сем фантастычных дзён амаль паўмільёна чалавек сталі гасцямі вострава Свабоды ў Будапешце. Прапануем вам выбраныя моманты аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх музычных фэстаў.
10 жніўня
Першы дзень хоць і быў жорсткім па надвор'і — халодны дождж, вецер сталіся для ўсіх нечаканасцю, але вельмі моцна разварушыў адносна музыкі. Паўсюль бруд і дождж, людзі ў дажджавіках, а з галоўнай сцэны гучаць Marky Ramone's blitzkrieg, Skunk Anansie, Die Antwoord і Chemical Brothers. Круцізна гуртоў нарастала.
Skunk Anansie
Калі з выступу Marky Ramone's наогул мала што запомнілася, акрамя паўтору "1, 2, 3, Gо!", то на Skunk Anansie народ пачаў актыўна сагравацца.
Skunk Anansie — бадзёры калектыў з жывымі паводзінамі на сцэне: ад дакладнага пападання ў кожную ноту да скачкоў у натоўп.
Die Antwoord
Следам за Skunk Anansie на сцэну выйшлі Die Antwoord. Вакалісты Ёландзі і Ніндзя ператварылі прастору ля галоўнай сцэны ў сапраўдную агрэсіўную рэйв-тусоўку. Ніндзя, не паспеўшы выйсці на сцэну, практычна адразу саскочыў у натоўп. Перыядычныя псіхадэлічныя відэа-ўстаўкі з кліпаў, сэксуальныя танцы Ёландзі, каларытны дыджэй — усё сведчыла пра тое, што першы дзень пачаўся цудоўна, нягледзячы на паскуднае надвор'е.
Chemical Brothers
Хэдлайнерамі першага дня сталі ветэраны сучаснай электроннай сцэны Chemical Brothers. Выдатнае візуальнае суправаджэнне і моцны саўнд ад найстаражытнейшых хітоў, накшталт Hey Boy Hey Girl да Block Rockin' Beats.
11 жніўня
Rihanna
Хэдлайнерам другога дня стала Рыяна. Сказаць, што Sziget у гэты дзень быў забіты цалкам — нічога не сказаць. Каля галоўнай сцэны няма дзе было стаць, а прайсці — тым больш. Вялікая колькасць людзей прыйшла паглядзець менавіта на яе — Рыянну. Ці варта яно было таго?
Па-першае, Рыяна пачала з затрымкай на 30 хвілін. Канешне, у Беларусі мы даўно прызвычаіліся да таго, што канцэрт можа затрымацца і на гадзіну. Але там гурты пачынаюць граць з дакладнасцю да хвіліны. Гэта затрымка выклікала буру абуранасці з боку гледачоў.
Па-другое,
ніводнага хіта не было праспявана да канца, усё было перамяшана, і танчыць пад
гэта сапраўды было немагчыма. А колькасць разоў, калі Рыяна прыбірала мікрафон,
каб даць магчымасць праспяваць фанернаму суправаджэнню — зашкальвала.
12 жніўня
Bohemian Betyars
Адкрыццё галоўнай сцэны пачалося
з выступу венгерскага гурту Bohemian Betyars, што вельмі нагадаў гурт Gogol Bordello.
Brunettes Shoot Blondes
У гэты дзень прайшла своеасаблівая "пераклічка" ўсіх украінцаў, якія кожны год у вялікай колькасці ездзяць на гэты фэст. Падчас выступу на невялікай сцэне Europe Stage украінскага гурту Brunettes Shoot Blondes сталі падцягвацца людзі з украінскімі сцягамі.
Хэдлайнерамі сцэны А38 сталі Unkle з выдатным лайв-сэтам.
13 жніўня
Norma Jean Martin
Распачала гэты дзень на сцэне А38 Norma Jean Martin. Яна стварыла атмасферу чыл-аўту, апускаючы ў рэлакс слухача.
Bring Me the Horizon
Bring Me the Horizon расчараваў яшчэ ў Мінску, калі яны прыязджалі да нас у снежні мінулага году. На жаль, Sziget не змяніў гэтае ўражанне. Так, яны ведаюць сабе цану і ўмеюць разварушыць натоўп. Але занадта шмат фанеры і спевы пад "плюс".
Sigur Ros
Шмат хто адзначыў, што арганізатары зрабілі вялікую памылку, паставіўшы выступ гэтага гурта на дзённы час. Гэта вельмі дрэнна для ўспрымання іх музыкі. Таму данесці свой пасыл гурту атрымалася толькі напрыканцы выступу, калі ў Будапешце сцямнела.
Muse
Muse лічыцца адным з лепшых live-гуртоў свету. Усё пастаўлена выдатна: і шоў, і рухі музыкаў, і музыка. Але… усё занадта прафесійна і зладжана. Людзі, якія былі на выступе Muse у Кіеве, казалі, што не маглі пазбавіцца ад думкі, што гэта адзін адпрацаваны механізм: Мuse робяць адны і тыя ж рухі, пройгрышы паміж песнямі, кажуць аднолькавыя словы і граюць тыя ж песні ў той жа паслядоўнасці. Імправізацыі няма...
!!! (chk chk chk)
Гурт !!! (chk chk chk) валіў на А38 і запомніўся сваімі гуллівымі і сэксуальнымі паводзінамі ды пацешнымі танцамі. Вакаліст гурта напачатку выступу пасылаў паветраныя пацалункі ў камеры, а калі фатографы выходзілі, развітваўся словамі: "Бывайце, мае любыя, мы без вас будзем вельмі сумаваць".
Rosin Murphy
Хэдлайнерам A38 стала Rosin Murphy — брытанская спявачка ірландскага паходжання, раней добра вядомая як салістка дуэта Moloko. Яе манера паводзін на сцэне нагадала групу "Серебрянная Свадьба". Вельмі добрае шоў з выдатным гучаннем.
Ленинград
Гурт "Ленинград" выступаў на World Music Stage адначасова з гуртом Muse. Але Шнураву і калегам гэта не перашкодзіла сабраць аншлаг перад сцэнай, гучна крычаць, мацюкацца і танчыць. Дарэчы, украінскіх сцягоў на выступе "Ленинграду" было больш, чым расійскіх.
14 жніўня
Sum 41
У гэты дзень нам больш за ўсё запомніліся ветэраны поп-панк сцэны — гурт Sum 41, які выступаў на галоўнай сцэне. Яны прадэманстравалі тое, як трэба ўзаемадзейнічаць з гледачамі, а людзі не паскупіліся на аддачу: слэміліся, скакалі і кружыліся ў сайкл-піце. Таму і новы матэрыял гурту быў успрыняты вельмі добра.
Шмат хто ўспрымае Sum 41 як гурт свайго дзяцінства ці юнацтва. І мабыць таму музыкі не сталі мяняць свае гучанне пад сучасныя тэндэнцыі.
David Guetta
Не вельмі добрае ўражанне пакінуў David Guetta, якому, па шчырасці, месца на школьнай дыскатэцы, а не галоўнай сцэне першага еўрапейскага фэсту. Ён выдае гукі тады, калі яму захочацца, напрыклад, дзеля таго, каб зрабіць сэлфі са сцэны. Няўмела зводзіць трэкі і практычна не заўважае таго, што адбываецца навокал. Вось просты рэцэпт, як стаць David Guetta: вазьміце папулярны хіт, дадайце “туц-туц-туц”, парэгулюйце гучнасць і… гэта ўсё, вы David Guetta.
15 жніўня
Kaiser Chiefs
На галоўнай сцэне гурт Kaiser Chiefs зрабіў усё, каб людзі не сумавалі. Хоць значная частка аўдыторыі ўжо чакала выступ SIA. З першай жа песні вакаліст гурту звярнуўся да прысутных: "Прывітанне, Будапешт. Мы Kaiser Chiefs, і наша задача — вас забаўляць. Што мы і будзем рабіць. Так што вясяліцеся, інакш наша праца не будзе выканана!". Пасля гэтага пачалася песня Everyday I Love You Less And Less.
CHVRCHES
На сцэне А38 бадзёра насілася вакалістка шатландскага сінці-поп гурта Chvrches Лорэн, якая зараджала сваёй жывой энергетыкай слухачоў.
SIA
У гэты дзень больш за ўсё крануў выступ хэдлайнера галоўнай сцэны SIA, яе шоў праймала літаральна да мурашоў. На экраны выводзілася адмыслова запісанае відэа, у якім паўтаралася тое, што адбывалася ў гэты момант на сцэне. Сама SIA спявала з пастамента ў левым дальнім куце. Фанаты спявалі кожную песню, паўтараючы кожнае слова.
16 жніўня
Parkway Drive
Адкрыла галоўную сцэну ў гэты дзень хардкор-каманда Parkway Drive. Выбухі канфеці і слупы агню зарадзілі бадзёрасцю на цэлы дзень. У адрозненне ад сваіх калегаў па цэху Bring Me The Horizone, гэтая каманда выступала цалкам ужывую.
Aurora
Сцэну па суседстве А38 адкрыла ў гэты дзень нарвежская спявачка Aurora. У свае 20 гадоў яна паспела разбіць нямала сэрцаў. Глыбіня яе голасу, шчырасць на сцэне — гэта ўсё дазваляе на імгненне адчуць сябе не тут, а дзесьці далёка ў заснежаных горах. Хоць Aurora адносна нядаўна на сцэне, але шматлікія музычныя выданні прадказваюць ёй вялікую будучыню.
Fidlar
За Aurora на сцэну падняліся самыя сапраўдныя брудныя панкі Fidlar. Гурт шалёна скакаў пад груканні гітар з рок-н-рольнымі адценнямі. Калі на сцэну закінулі туалетную паперу, то басіст ёю абматаўся, а рэштку выкінуў назад у натоўп. Вось у кім жыве дух панк-року!
The Last shadow puppets
Што можна сказаць пра выступ супергурта брытанцаў The Last Shadow Puppets? Годна і на ўзроўні. Сумесны праект Алекса Тэрнера, фронтмена групы Artic Monkeys, і Майлза Кейна, фронтмена The Rascals.
Дарэчы, пад выступ гэтага гурту быў заўважаны бела-чырвона-белы сцяг. Пад якім потым танчылі і ўкраінскія хлопцы.
Bullet for my valentine
Хтосьці застаўся на фінальнае шоў з фейерверкам і дыджэем на галоўнай сцэне, а хтосьці пайшоў на Bullet for my valentine. Мы далучыліся да апошніх і зусім пра гэта не пашкадавалі.
Канешне, можна сказаць, што "буллеты ўжо не тыя": яны змянілі стыль, сталі граць ню-метал, вакаліст падстрыгся і гэтак далей. Але гэты не перашкодзіла ім як след разварушыць натоўп. Людзі засталіся вельмі задаволеныя такім выступам.
Фактычна Sziget з'яўляецца адзіным у сваім родзе. Вы мала дзе знойдзеце фэст, у якім усё варыцца ў адным катле: музыка, тусоўкі і жыллё, а не так, як здараецца: паслухаў гурт, папіў піва — і едзеш на аўтобусе да намётавага лагера.
Sziget — гэта вялікая колькасць сцэн: ад велізарных — накшталт галоўнай сцэны ці A38 — да невялікіх. Тут ёсць уласны цырк, разнастайныя фудкорты і нават клубы.
Людзі адпускаюць сябе цалкам на сем дзён. Апранаюць маску і ныраюць у асобны свет, у якім можна часова забыцца на побытавыя нягоды.
Такія фэсты патрэбныя яшчэ і дзеля таго, каб зняць напругу, якая назапашваецца напрацягу года. Таму на Sziget можна выпадкова сустрэць, напрыклад, Валеру з суседняга офіса. Але тут ён у вобразе размаляванага тыгра, які размаўляе на выдуманай мове.
Праўда, у гэтай атмасферы свабоды не ўсе адчуваюць межы дазволенага. На такі выпадак тут працуюць ахоўнікі і вялікая колькасць валанцёраў. На першы погляд, яны наогул не бачныя. Вы не адрозніце іх у натоўпе ад звычайных людзей і, калі не будзеце моцна дакучаць каму-небудзь, ствараючы хаос, то нават і не ўзгадаеце пра іх існаванне. А вось тых, хто хапіў лішку і сышоў у неадэкват, дэлікатна возьмуць пад ручкі, адвядуць ва ўласны дыспансер (на тэрыторыі ўсяго фэсту паўсюль дзяжурыць "хуткая дапамога"), дзе падлекуюць і на наступны дзень адправяць ізноў тусавацца.
Параўнайце з нашымі фэстамі, дзе кожныя пяць метраў стаяць людзі ў пагонах, якім толькі нагоду дай выставіць занадта вясёлага гледача за агароджу. А на Sziget неяк атрымліваецца стварыць ідэальны кампраміс паміж бяспекай і поўнай свабодай.
Самі арганізатары жадаюць, каб Sziget успрымаўся не як фэст лайн-апа, гэта значыць на ім могуць выступаць і зусім невядомыя групы, а як фэст атмасферы. Трапляючы туды, вы атрымліваеце на сем дзён асобны свет, да якога ніхто адразу не гатовы.