«Шлях будзе няпросты, але і цікавы»: Распачалася кампанія па пошуку беларускіх артэфактаў у сусветных музеях

Кампанія #art_born_Belarus — гэта не толькі пра перапісванне шыльдачак у замежных музеях, распавяла Ірэна Кацяловіч.

000027_cbf6045d7888cb0a432581d900472e7d_423385.jpg

Карціна Марка Шагала «Палюбоўнікі»

Кампанія адвакацыі беларускага мастацтва за мяжой — змянення ці карэктавання подпісаў пад артэфактамі беларускімі ці беларускага паходжання на сусветных арт-пляцоўках — будзе доўгай і складанай. І скіраванай яшчэ і на само беларускае грамадства.

Нядаўна распачатая кампанія #art_born_Belarus, ці «рэ:візія беларускіх артэфактаў у сусветных музеях», ставіць мэтай перагляд падыходаў да ідэнтыфікацыі творцаў і твораў у сусветным мастацтвазнаўстве. Нядаўні поспех Украіны, калі Метраполітан-музей у Нью-Ёрку прызнаў украінскае паходжанне Куінджы, Рэпіна і Айвазоўскага, зразумела, стаў арыенцірам і для беларускай кампаніі. Хаця, відавочна, на гэтым шляху будзе шмат жорсткіх і вострых спрэчак. Прадстаўніца Бел*р*скай р*ды к*льт*ры па сувязях з грамадскасцю Ірэна Кацяловіч у інтэрв’ю Budzma.org кажа, што ўжо на самым пачатку кампаніі выявілася, што «адной з нашых задач стане не толькі праца з замежнымі пляцоўкамі, хаця яна і застаецца першай, але і правакацыя дыскусіі ўнутры нашага грамадства».

Стартам кампаніі можна назваць здымак подпісу да карціны «Палюбоўнікі» Марка Шагала, які быў дасланы наведвальніцай музея мастацтваў «LACMA» ў Лос-Анджэлесе. «Born in Russia», у апісанні — «казачныя дэталі расійскага горада праз акно пакоя ў Віцебску», подпіс паўтарае тэкстоўку Метраполітан-музея, калекцыі якога «Палюбоўнікі» належаць. Хаім Суцін у гэтым жа знакамітым музеі — «French, born in Lithuania».

«Мы заклікалі дасылаць нам прыклады некарэктных подпісаў, якімі замежныя пляцоўкі пазначаюць #art_born_Belarus. Дзясятак зваротаў прыйшоў, у асноўным гэта Шагал, канечне, — распавядае Ірэна Кацяловіч. — Таму мы вырашылі, што не будзем кіравацца прыкладамі, якія нам дасылаюць. Шагал — гучнае імя, але ёсць шмат іншых аўтараў, беларускасць якіх важна падкрэсліць, якіх самі беларусы ў замежных музеях могуць і не заўважыць ці не ідэнтыфікаваць. Спіс мы складаем з мастацтвазнаўцамі. Цяпер чакаем, калі нам будуць дасылаць прыклады камунікацыі альбо перапіскі з музеямі, што, вядома, не з’явіцца ў бліжэйшы час.

Мы хацелі б, каб гэта не была кампанія адной Бел*р*скай р*ды к*льт*ры, бо, па-першае, мы не дамо рады ў адзіночку. Па-другое, мне падаецца, сапраўды можа спрацаваць колькасць зваротаў — калі ў розных кропках свідраваць гэты камень і казаць пра беларускае паходжанне таго ж Шагала, больш людзей будуць уважлівей да нашай спадчыны. А паралельна са зваротамі беларусаў свету мы будзем звяртацца ў музеі самі».

У бліжэйшы час плануецца зварот у Нацыянальны музей у Варшаве, бо там «не зусім карэктна» размешчаны Ян Хруцкі і Фердынанд Рушчыц — аніякага дадатковага подпісу ў раздзеле польскага мастацтва 19 стагоддзя, слуцкія паясы не суправаджаюцца аніякай пазнакай, што гэта частка беларускай культуры. «Дарэчы, наконт слуцкіх паясоў звярталася да нас наведвальніца выставы ў Вільні. Там таксама на выставе прыватнай калекцыі ніяк не было пазначана, што слуцкія паясы — гэта ўласна беларускае мастацтва», — распавяла Ірэна Кацяловіч.

«Зразумела, шлях будзе няпросты, — пагаджаецца яна. — Але і цікавы. Для нас аксіёма, што мы хочам больш шырокага пазначэння беларускасці і падкрэслівання сувязі таго ці іншага аўтара з Беларуссю. Але, напрыклад, дзе карэктна казаць пра мастака беларускага паходжання, а дзе — пра «беларускага мастака»? Ці трэба быць больш нахабным, ці заставацца па-беларуску сціплым і далікатным? Зараз разбіраемся з Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, якая жыла да 14 гадоў у беларускай вёсцы, пасля чаго два гады павучылася ў Смаленску, потым была ў Варшаве, большую частку жыцця пражыла ў Парыжы, але заўсёды захоўвала сувязь з Беларуссю. І вось пытанне: называць яе французскай мастачкай беларускага паходжання ці французскай і беларускай мастачкай? Напрыклад, расійцам нічога не замінае называць яе французскай і расійскай мастачкай. А мы, беларусы, думаем, ці маем права. І тут жа паўстае наступнае пытанне: гэта толькі пра карэктнасць фармулёўкі ці таксама пра самавызначэнне, нацыянальную арыентаванасць?

Калі беларус кажа, што "Шагал нарадзіўся ў Расійскай імперыі, у Віцебску", мне гэта шмат кажа, на якім месцы для яго Расійская імперыя, а на якім Беларусь. Значыць, афіцыйная фармулёўка для яго важнейшая, чым праўда беларуса, што наша тэрыторыя была па сутнасці акупаваная».

Фота з асабістага архіва Ірэны Кацяловіч

Фота з асабістага архіва Ірэны Кацяловіч

І кампанія абяцае быць глабальнай: «Наладжванне камунікацыі з замежнымі пляцоўкамі адняло ва ўкраінцаў шмат энергіі і часу, але пасля пераідэнтыфікацыі Куінджы, Рэпіна і Айвазоўскага з’явілася навіна і пра Казіміра Малевіча. Таму мы зыходзім з таго, што калі атрымаем маленькую перамогу ў адным месцы, гэта будзе не апошняя перамога».

Што тычыцца жорсткіх спрэчак і дыскусій, якія, падаецца, узнікнуць непазбежна пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці шмат якіх творцаў, улічваючы гісторыю нашай краіны хаця б толькі мінулага стагоддзя, то «гэта таксама файна»: «Бо нашай задачай, як выглядае, стане не толькі праца з замежнымі пляцоўкамі, хаця яна і застаецца першай, але і дыскусія ўнутры грамадства: як ты ўспрымаеш сваю культуру, што ты ў ёй называеш сваім, чым ты ганарышся і ўвогуле што ты пра яе ведаеш? Іх разбор таксама можа паспрыяць нацыянальнай арыентаванасці, шанаванню свайго. Калі такая дыскусія ў нас з’явіцца, я лічу, гэта ўжо вынік.

Мне нават падаецца больш важным разабрацца з нашымі ўласнымі комплексамі, чым замяніць слова «Расія» словам «Беларусь» на замежных пляцоўках».

Тут можна азнаёміцца з аргументацыяй ад мастацтвазнаўцы, чаму Марк Шагал — беларускі мастак. Тут — з аргументацыяй на карысць беларускасці Надзеі Хадасевіч-Лежэ. Вось тут можна запоўніць шаблон ліста, з якім можна звяртацца да замежных пляцовак з просьбаю карэктна падпісаць работы і ўказаць паходжанне Надзеі Хадасевіч-Лежэ, а тут шаблон ліста за карэктнасць у дачыненні да Шагала.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org