Топ-10 фільмаў пра Другую сусьветную: як было ў папярэднюю вайну

Украіна і ўвесь сьвет узгадваюць гадавіну пачатку расейскай агрэсіі ў 2022 годзе. Такой жорсткасьці не было з часоў папярэдняй вялікай вайны ў Эўропе. «Ніколі зноў» — калісьці з такім лёзунгам праходзілі мерапрыемствы памяці. Не дапамагло. Мы склалі сьпіс з лепшых фільмаў пра тую вайну.

hacksaw_ridge.webp

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Сьцягі нашых бацькоў (Flags of Our Fathers). 2006

flags_of_our_fathers.jpg

На працягу месяца ў 2006 годзе выйшлі ў пракат дзьве стужкі Клінта Іствуда, якія апавядаюць пра адну і тую ж падзею. Справа вядзецца пра вайсковую аперацыю ля японскай Іва Дзімы ў пачатку 1945 года. Тыя баі перагарнулі ход вайны на ўсходнім фроньце. Клінт Іствуд стварыў два раўназначна магутных фільма — адзін з пункту гледжаньня амэрыканцаў, а другі — вачыма японцаў.

Гэтая стужка знаёміць глядачоў з легендарнай гісторыяй аднаго здымку, які бачыў, верагодна, кожны. Вайскоўцы ўздымаюць сьцяг. У гэтым здымку бясконца шмат патрыятычнага гераізму, але што па-за знакамітай рэліквіяй вайны? Голас па-за кадрам, які належыць Іствуду, кажа, што кожны марскі пяхотнік з ахвотай пакінуў бы сваю вайсковую частку, калі б атрымаў магчымасьць вярнуцца дадому.

 

Нумар 9. Патан (Patton). 1970

patton.png

Стужка Франкліна Шафнэра здабыла ўсе істотныя ўзнагароды пасьля трыюмфальнага шэсьця па кінатэатрах. Людзі прызвычаіліся ўжо, што гераічныя ўчынкі, самаахвярнасьць і чалавечнасьць раскрываецца перадусім сярод звычайных шарагоўцаў арміі. На гэта рабіў націск і Васіль Быкаў у сваіх творах.

Тут маем адваротны падыход – сапраўдная гісторыя генэрала Джорджа Патана. Афіцэрам ён быў вельмі фанабэрыстым. Чаго толькі вартая цытата ў той момант, калі на полі бітвы ў Паўночнай Афрыцы, дзе Карфаген быў атакаваны Рымам, ён кажа: «Я быў тут», і ён мае на ўвазе менавіта гэта. Генэрал верыць у рэінкарнацыю і лёс, і калі яго садзяць на лаву падсудных напярэдадні ўварваньня ў Эўропу, ён кажа: «Апошняя вялікая магчымасьць у жыцьці, і я застаўся па-за ёй? Бог не дазволіць, каб гэта адбылося».

Сапраўды, вельмі неардынарны чалавек, які любіў вайну, бо ёй вайсковец, меў вялізны талент у тым, каб быць разумнейшым за ворага.

 

Нумар 8. Лісты з Іва Дзімы (Letters from Iwo Jima). 2006

letters_from_iwo_jima.webp

Японскімі вачыма мы бачым усё тое, што адбывалася пры баях за аднайменную выспу ў стужцы Клінта Іствуда. Гісторыя выбудаваная на лістах генэрала японскай арміі, якія ён дасылаў дадому. Гэта адзін з найлепшых фільмаў пра вайну ўвогуле. Мы бачым трагічныя абставіны, калі ніводны з бакоў не застаецца без пашкоджаньня ўсяго даваеннага жыцьця.

Японскія гледачы высока ацанілі фільм за яго антываеннае пасланьне. Для японцаў было нязвыкла ўбачыць такую прыязную пазыцыю ад амэрыканскага рэжысэра. Кожны на вайне зьяўляецца ахвярай. Зьнішчэньне адбываецца не толькі ворага, але і самога сябе. Моцны фільм зь нечаканага боку апісаньня падзеяў.

 

Нумар 7. Адгэтуль і назаўжды (From Here to Eternity). 1953

from_here_to_eternity.jpg

Фільм Фрэда Цынэмана пра імклівую рысу, якая падзяляе жыцьцё да і пасьля пачатку вайны. Мы бачым апошнія дні напярэдадні ўваходу ў вайну Злучаных Штатаў, калі ў людзей працягваецца самае звычайнае, што напаўняе іх штодзённасьць.

Бэрт Ланкастэр, Мантгомэры Кліфт, Фрэнк Сінатра, Дона Рыд — усе яны выконваюць такія ролі, якімі ганарыўся б любы іншы актор да скону. Рамантычныя адносіны па-за законам, сяброўства, высакароднасьць, адвага і жорсткасьць аб'ядноўваюцца ў адной раскошнай пастаноўцы. Сцэны мірнага жыцьця пераходзяць у фатальныя сцэны абароны, якія немагчыма глядзець без сьціснутага сэрца.

 

Нумар 6. Самы доўгі дзень (The Longest Day). 1962

the_longest_day.jpg

На вайне кожны дзень як жыцьцё. Калі ты не выцягнуў шчасьлівы квіток на заўтра — тваё жыцьцё прыйшло да скону. Апроч гэтага перажыць дзень — гэта не проста прачнуцца, пасьнедаць, схадзіць на працу і павячэраць перад сном — гэта значыць зрабіць неймаверныя высілкі, каб цябе не разарвала, не прастрэліла. Самы доўгі дзень у герояў Джона Ўэйна і Шона Конэры быў 6 чэрвеня 1944 года — калі адбылася знакамітая высадка войскаў хаўрусьнікаў у Нармандыі.

Гэта толькі зараз, праз гады мы бачым хібы і слушныя захады вайсковага кіраўніцтва, але тады, у той самы дзень, у тую самую хвіліну, калі яно пачалося — было зусім невідавочна, як складзецца апэрацыя, якую рыхтавалі месяцамі. Усё сапсаваць і трагічна зьнішчыць армію мог звычайны дождж ці наадварот сонца.

Гледзячы гэты фільм, вы пройдзеце шлях ад авіяносца да земляў на поўначы Францыі, паспрабуеце застацца ў жывых, будзеце аплакваць загінулых сяброў.

 

Нумар 5. Субмарына (Das Boot). 1981

das_boot.jpg

Прыняцьце ганебнага мінулага — неабходны крок, які мусіць прайсьці кожная нацыя, якая ўдзельнічала ў акупацыях іншых дзяржаваў, якая адказная за нечалавечыя злачынствы сваёй арміі. У Нямеччыны гэта атрымалася, у Расеі — не было ніколі, і, на жаль, наўрад ці адбудзецца ў будучыні.

Гэты нямецкі фільм Вольфганга Петэрсана пераносіць нас пад ваду. Час супрацьстаяньня ў атлянтычным акіяне з брытанскім флотам. Будзённае жыцьцё на субмарыне сканчваецца раптоўнай значнай паломкаю. Стужка пра адчайную, небясьпечную працу па кіраваньні падводнай лодкай. Мы можам засяродзіцца на гэтым і лавіць сябе на цікавых развагах: ці падбадзёрваем мы нацысцкіх вайскоўцаў у іх барацьбе за выратаваньне, ці жадаем ім найхутчэйшага апусканьня на дно?

У стужцы да экіпажу быў далучаны журналіст, які меў заданьне напісаць прапагандысцкі рэпартаж аб баявых посьпехах нямецкай зброі. Яго канфлікт з капітанам субмарыны дадае напружаньня ў абставінах, калі надзея выплыць зьнікае з кожнай хвілінай.

 

Нумар 4. Рым, адамкнёны горад (Roma città aperta). 1945

roma_citta_aperta.jpg

Легендарны фільм Рабэрта Расаліні пабачыў сьвет у першую мірную восень Італіі пасьля Мусаліні. Гэтае кіно ўзрушыць вас па поўнай. Рэжысэр нібы ходзіць (ці хутчэй бегае пад кулямі) з камэрай па горадзе і здымае дакументальны фільм. Сюжэтная лінія распавядае пра лідэра супраціву, які хаваецца ад нацыстаў.

Жыхары рымскага раёна блукаюць увесь час дзеяньня. Маладыя хлопцы рызыкуюць жыцьцём, каб увайсьці ў бойку з ворагам. Іх анёл-ахоўнік - каталіцкі сьвятар, які ўсімі магчымымі, а таксама немагчымымі спосабамі спрабуе выратаваць сяброў.

Фільм вельмі змрочны і цяжкі для ўспрыманьня праз рэалістычнасьць паказанага. Але як інакш бывае на вайне, асабліва калі змагаешся з фашызмам.

 

Нумар 3. Ганебныя выблядкі (Inglourious Basterds). 2009

inglourious_basterds.webp

Вялікі Квенцін Таранціна напісаў сцэнар і паставіў гэты ваенны фільм, у якім распавядаецца альтэрнатыўная гісторыя папярэдняй вялікай вайны. Адбываюцца дзьве змовы з мэтай забойства кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны: адна была сплянаваная групай амэрыканскіх габрэйскіх жаўнераў, а другая — уладальнікам французскага габрэйскага тэатра.

Таранціна выдаткаваў больш за дзесяць гадоў на стварэньне сцэнара і разглядаў гэты праект як свой шэдэўр і лепшую працу. Ён ахарактарызаваў людзей са стужкі як «не тых звычайных герояў, што мы прызвычаіліся бачыць, якія ўцягнутыя ў вялікую справу Другой сусьветнай вайны».

Фантастычная роля Крыстофа Вальца выглядае як гатовы ўрок акторскага майстэрства найвышэйшага ўзроўню.

 

Нумар 2. Па меркаваньнях сумленьня (Hacksaw Ridge). 2016

hacksaw_ridge.webp

Фільм Мэла Гібсана заснаваны на цалкам рэальных падзеях падчас Другой сусьветнай вайны. Ён заснаваны на досьведзе медыка-пацыфіста, які быў хрысьціянінам-адвэнтыстам сёмага дня і адмаўляўся выкарыстоўваць у арміі агнястрэльную зброю. Больш за тое — нават мець яе пры сабе. Гібсан стварыў стужку пра сумесь гвалту і веры. Галоўны герой, якога выконвае Джэймс Гарфілд, стаў першым пацыфістам, які атрымаў мэдаль Гонару.

У фільме салдафонскія звычкі жаўнераў моцна кантрастуюць з паводзінамі і размовамі галоўнага героя. Цікавы выпадак, калі герой на вайне — гэта той, хто выратаваў жыцьці, а не той, які іх забраў. Наколькі трывалымі могуць быць вашыя перакананьні, калі сустракаюць супраціў сталі і вагню.

 

Нумар 1. Выратаваньне шарагоўца Раяна (Saving Private Ryan). 1998

saving_private_ryan.webp

Гісторыя, якую немагчыма ўявіць з бок расейскіх агрэсараў у сёньняшняй вайне. Дзеяньне стужкі Стывена Спілбэрга адбываецца падчас уварваньня ў Нармандыю і апавядае пра групу амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ідуць у тыл ворага, каб вярнуць парашутыста, некалькі братоў якога ўжо былі забітыя на той дзікай вайне. У фільме зьнялася мноства цудоўных актораў, перадусім Том Хэнкс.

Чаму варта паглядзець гэтае кіно? Дадатковы адказ даюць сапраўдныя вэтэраны Другой сусьветнай. Вядомыя шматлікія факты, калі цэлыя арганізацыі былых франтавікоў складалі падзякі рэжысэру, бо карціна рэальна і праўдзіва перадавала тое, што адбывалася непасрэдна ў баявых дзеяньнях. Вайна не бывае прыгожай.