Памёр драматург Аляксей Дудараў
Драматург, сцэнарыст і культурны дзеяч пайшоў з жыцця на 73-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміў Беларускі саюз кінематаграфістаў.
«У апошні дзень зімы пайшоў з жыцця беларускі сцэнарыст і драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, аўтар незабыўных "Белых рос" і "Радавых" Аляксей Ануфрыевіч Дудараў», — гаворыцца ў паведамленні БСК.️
Аляксей Дудараў нарадзіўся ў сялянскай сям'і 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Кляны Дубровенскага раёна на Віцебшчыне.
Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае
прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на
нафтаперапрацоўчым заводзе. У 1976 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі
інстытут па спецыяльнасці «Акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай
часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм»
(Мінск, 1976—1983). З'яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979).
Сакратар Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член
Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 гадах займаў пасаду галоўнага
рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003-га па 2013 год з'яўляўся мастацкім
кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.
Дэбютаваў у друку
ў 1973 годзе. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург.
Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава
пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы»,
1984, і іншыя).
Аўтар п'ес
«Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом»
(1989). П'есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны
падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм
міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385-га, «Адцуранне» (1994) —
фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра
зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы Міколы Гусоўскага. Гістарычныя
асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным
пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.
У п'есе
«Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра
ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён
гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. Дудараў
вельмі актыўна працаваў у жанры гістарычнай драмы: п'есы «Князь Вітаўт»,
«Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і іншыя. Гледача ў творах Дударава на
гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі,
экзотыка і захаваны каларыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага
героя, надзеленага такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць,
шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.
Драматург
абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім»
(2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы
сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых
неверагодных метамарфозаў і супадзенняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае
чаканы «хэпі-энд». Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п'еса Дударава «Люці» (2002).
Таксама Аляксей Дудараў пераклаў на
беларускую мову хроніку Шэкспіра «Рычард III».