Топ-10 фільмаў пра гангстэраў
На гэтым тыдні была гадавіна народзінаў самага знакамітага гангстэра ў гісторыі – Аль Капонэ, які зьявіўся на сьвет у 1899 годзе. Яго крымінальная кар’ера была вельмі крывавай, яшчэ больш легендарнай, і стала правобразам узьнікненьня шматлікіх стужак. Апроч яго гісторыі і іншых гангстэраў заўжды прываблівалі кінематаграфістаў. Мы склалі сьпіс з найлепшых фільмаў на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!
![Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі](/img/v1/images/scarface_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Аль Капонэ ў першую чаргу асацыюецца з Сухім законам. І акурат на днях мы ўзгадвалі гісторыю, як у 1920 годзе Амэрыка вырашыла татальна забараніць вытворчасьць і продаж сьпіртных напояў. Гэты час пратрымаўся да канца 1933 года, што прынес росквіт крыміналітэту, бутлегераў і падпольных бараў. Зьвернемся да мастацтва.
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Беззаконны (Lawless). 2012
![lawless.jpg lawless.jpg](/img/v1/images/lawless.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Самы сучасны фільм у нашай падборцы пра часы бутлегераў, гангстэраў і прадажную паліцыю. Рэжысэр Джон Хілкоўт зьняў сваю найлепшую стужку з удзелам Тома Хардзі, Гары Олдмана і Джэсікі Чэстэйн.
Перад намі адлюстраваньне амэрыканскага Поўдня эпохі Сухага закона. Адаптаваны паводле рамана «Самы вільготны раён у сьвеце» Мэта Бандзюрэнта, фільм паглыбляецца ў сапраўдную гісторыю сям’і Бандзюрэнт, братоў кантрабандыстаў, якія сталі легендамі ў сьвеце самагоннай вытворчасьці.
Адзін з братоў адначасова страшэнны і глыбока прынцыповы, іншы рашучы, але вельмі ўразьлівы, а трэці – тыповы вышыбала, аднак вельмі верны сям’і і справе.
Над сцэнаром працаваў у тым ліку Нік Кэйв, так-так, знакаміты музыка. Ён жа стварыў і песьні да стужкі. Зрэшты, амаль кожны альбом Ніка можна браць у якасьці саўндтрэку для гангстэрскіх фільмаў.
Нумар 9. Маленькі Цэзар (Little Caesar). 1930
![little_caesar.jpg little_caesar.jpg](/img/v1/images/little_caesar.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мэлвін ЛеРой зьняў, здавалася б, звычайную гісторыю пра тое, як дробны бандыт трапляе ў злачынную арганізацыю і ў хуткім часе становіцца на яе чале. Але гэта зусім не так. У аснове фільма ляжыць легендарная роля Эдварда Г. Робінсана ў ролі Рыка Бандэла, вядомага як «Маленькі Цэзар».
Стужка яскрава і падрабязна паглыбляецца ў псыхалёгію галоўнага героя, які, нягледзячы на хуткі ўздым па гангстэрскай лесьвіцы, адчувае глыбокі неспакой адносна даўняга сябра, які вырашыў адысьці ад справаў. Ці не здрадзіць ён старому сяброўству?
Гісторыя, адаптаваная з рамана Бэрнэта, зьяўляецца візуальным папярэджаньнем аб амэрыканскай мары, якая пайшла ўпоперак чаканьням.
Нумар 8. Вораг грамадзтва (The Public Enemy). 1931
![the_public_enemy.jpg the_public_enemy.jpg](/img/v1/images/the_public_enemy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтая стужка стала сапраўдным эталёнам для ўсіх наступных, што здымаліся пасьля. За вакном – рэальныя гады дэпрэсіі і сухога закона, і Ўільям Уэлман стварае манумэнтальную працу. Выпушчаны ў 1931 годзе, на сьвітанку гукавой эры, гэты фільм прапанаваў суровы, цьвёрды погляд на змрочную рэчаіснасьць.
Галоўная пярліна стужкі — гэта чароўная гульня Джэймса Кэгні ў ролі гангстэра, роля, якая імкліва занесла яго ў галівудзкі пантэон 1930-х.
Немагчыма не адзначыць наватарскі падыход да гвалту і яго наступстваў. У адрозьненьне ад іншых працаў таго перыяду, фільм не глямурызуе гангстэрскі лад жыцьця, але рэзка адлюстроўвае яго жорсткасьць. Сумна вядомая «сцэна з грэйпфрутам», дзе герой Кэгні б'е грэйпфрутам па твары сваёй дзяўчыны, застаецца адным з самых шакавальных момантаў у раньнім кінематографе. Гангстэры – гэта непрыхаваны гвалт.
Нумар 7. Скрыжаваньне Мілера (Miller's Crossing). 1990
![miller_s_crossing.jpg miller_s_crossing.jpg](/img/v1/images/miller_s_crossing.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка братоў Коэнаў стала іх спробай пяра ў гангстарскім жанры. Фільм паказаў іх унікальную здольнасьць спалучаць чорны гумар з глыбокай гісторыяй. Галоўны герой фільма ў выкананьні Габрыэла Бірна зьяўляецца правай рукой уплывовага боса мафіі. Але аднойчы зразумелае і звыклае жыцьцё перакульваецца дагары нагамі, калі яго лаяльнасьць вымушаная разарвацца паміж яго босам і сябрам дзяцінства.
Адметным аспектам фільма зьяўляецца шыкоўны сцэнар, багаты на дыялёгі, напоўненыя фірмовым гумарам братоў Коэнаў.
Рэжысэры напоўніцу паказалі цёмны, нават чорны бок рамантызаваных гангстэраў 1930-х гадоў. Стаць у іх на дарозе – сабе даражэй. Але разам з гэтым, нехта усё ж павінны?
Нумар 6. Анёлы з бруднымі тварамі (Angels with Dirty Faces). 1938
![angels_with_dirty_faces_1.jpg angels_with_dirty_faces_1.jpg](/img/v1/images/angels_with_dirty_faces_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Майкл Кёрціс зьняў ідэальны фільм пра гангстэраў Амэрыкі. Ён стварыў горкі малюнак гарадзкой злачыннасьці. Герой Хамфры Богарта — чалавек, які выйшаў з тых жа брудных вуліцаў, што і яго сябар дзяцінства і іншы галоўны герой, якога сыграў Джэймс Кэгні.
Іх узаемадзеяньне ў фільме — гэта сумесь настальгіі, таварыства і непазьбежнага ў такіх справах асабовага канфлікту. Якім бы ты ня быў лепшым сябрам, калі прыпякае пісталет ці вяроўка – ты зробіш усё, каб выблытацца.
Здрады, забойствы і пошукі маралі – менавіта гэтым занятыя героі фільма.
Нумар 5. Пракляты шлях (Road to Perdition). 2002
![road_to_perdition.jpg road_to_perdition.jpg](/img/v1/images/road_to_perdition.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзеяньне фільма Сэма Мэндэса адбываецца ў Амэрыцы эпохі дэпрэсіі. Рэжысэр запрашае зазірнуць у самае сэрца цемры, якая жыве ўсярэдзіне людзей. Том Хэнкс і Пол Ньюман ствараюць адзін з самых моцных дуэтаў у гангстэрскіх фільмах у гісторыі. Для Ньюмана стужка стала амаль разьвітаньнем з кіно і з жыцьцём.
Герой Тома Хэнкса мае ўласны шлях — шлях помсты, выкліканы трагедыяй, якая разьдзірае яго сям'ю ў эпоху, калі літасьцівасьці чакаць не выпадае. Ён выконвае ролю дарадцы ірляндзкага гангстэра. Бляск Хэнкса дапаўняе Ньюман у ролі таго самага гангстэра, які адначасова зьяўляецца для героя Хэнкса і так званым бацькам і ворагам. І што рабіць, калі маленькае дзіця даведваецца, што яго бацька – гангстэр?
Назва карціны яшчэ больш насычае яе сэнсамі: гэта напамін аб няўмольнай дарозе, па якой мы ўсе ідзем: дарозе да ўласнай пагібелі.
Нумар 4. Твар са шнарам (Scarface). 1983
![scarface_2.webp scarface_2.webp](/img/v1/images/scarface_2.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гісторыі Тоні Камонтэ і Тоні Мантаны, расказаныя адпаведна ў вэрсіях «Твару са шнарам» 1932 і 1983 гадоў, даюць адказ на зьменлівы час і лёс крымінальнага сьвету. Абодва фільмы паказваюць узьлёт і падзеньне маладога амбіцыйнага імігранта ў злачынным сьвеце.
«Твар са шнарам» Браяна Дэ Пальмы пераносіць дзеяньне ў Маямі 1980-х гадоў, і гледачы бачаць кубінскага ўцекача ў выкананьні Аль Пачына. У рымэйку захоўваецца грубы вобраз крымінальнага злачыннага сьвету, але ўзмацняецца яго экстравагантнасьць і куды больш натуралістычны гвалт.
Нумар 3. Недатыкальныя (The Untouchables). 1987
![the_untouchables_1.jpg the_untouchables_1.jpg](/img/v1/images/the_untouchables_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэта гісторыя пра герояў і злодзеяў, пра непахісную сілу закона супраць карупцыйнай прыроды чалавека. Дзеяньне стужкі Браяна дэ Пальма адбываецца на фоне Чыкага эпохі Сухага закону. Фільм цалкам напоўнены подыхам і гвалтам свайго часу.
Акторскі склад не пакіне вас у роздуме, ці глядзець гэтае кіно. Кевін Костнэр у ролі дэтэктыва, Шон Конэры ў ролі старога паліцэйскага і вялікі Робэрта Дэ Ніра ў ролі Аль Капонэ – разам з музыкай Эніа Марыконэ – геніяльнасьць агульных намаганьняў гарантаваная.
Адна з самых легендарных перастрэлак у гісторыі кінематографу была зьнятая акурат Браянам дэ Пальма. Гангстэры, бурбон, чорная каса і паліцэйскія, якія мараць зрабіць сьвет крыху сьвятлей. Ці засталіся недатыкальныя вакол? Ці кожны мусіць азірацца і правяраць ежу на атруту?
Нумар 2. Твар са шнарам (Scarface). 1932
![scarface_1.jpg scarface_1.jpg](/img/v1/images/scarface_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка Говарда Хоўкса — грандыёзны гангстэрскі фільм, дзеяньне якога адбываецца ў эпоху сухога закона. У ім галоўны герой у выкананьні Пола Муні, італьянскага эмігранта ў Чыкага, спрабуе трапіць у арганізаваную злачыннасьць. Гвалт, хоць і не страшэнны па сучасных стандартах, лічыўся вельмі відавочным для свайго часу і выклікаў значныя спрэчкі.
Адно істотнае адрозьненьне паміж двума фільмамі заключаецца ў паказе амбіцый галоўных герояў. У вэрсіі 1932 году амбіцыі выяўляюцца ў жаданьні ўлады і кантролю галоўнага героя. У экранізацыі 1983 году амбіцыі абумоўленыя скажонай інтэрпрэтацыяй амэрыканскай мары ў імкненьні да багацьця і статусу.
Нумар 1. Аднойчы ў Амэрыцы (Once Upon a Time in America). 1983
![once_upon_a_time_in_america_2.jpg once_upon_a_time_in_america_2.jpg](/img/v1/images/once_upon_a_time_in_america_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сэрджыа Леонэ, раней больш вядомы як стваральнік легендарнай вэстэрн-трылёгіі з Клінтам Іствудам, у гэтай стужцы яшчэ раз падкрэсьлівае веліч свайго рэжысэрскага таленту. Фільм апісвае жыцьцё групы габрэйскіх гангстэраў у Нью-Ёрку, ад іх дзяцінства ў пачатку 1900-х да іх фінальных акордаў у 1960-х. Каля чатырох гадзінаў вас будзе захапляць гэтая драма.
Робэрт Дэ Ніра грае аднаго з гангстэраў з мянушкай «Локшына». Яго шлях ад вулічнага хлопчыка да стомленага старога чалавека паказаны з той неймавернай глыбінёй, якую можа даць толькі актор узроўню Дэ Ніра.
Ідэальная музыка Эніа Марыконэ дадае новыя эмоцыі ў кожны кадр.
Прыемнага прагляду!