Топ-10 фільмаў Тома Хэнкса, народнага актора Амэрыкі

Знакаміты Том Хэнкс аднойчы прызнаўся ў сваім імкненьні пераймаць кранальную сапраўднасьць зоркі мінулага Джэймса Сьцюарта на экране. Заўтра вялікаму Тому спаўняецца 67 гадоў, чым не нагода ўзгадаць лепшыя працы актора. Мы падрыхтавалі сьпіс з дзесяці найлепшых фільмаў зь яго ўдзелам. Прыемнага прагляду!

hanks.jpg

Нумар 10. Іх уласная ліга (A League of Their Own). 1992

a_league_of_their_own_1.webp

У гэтай стужцы Пэні Маршал гледачы пераносяцца ў часы вайны, калі ў ЗША заснавалі Жаночую лігу бэйсболу падчас таго, як мужчыны трапілі на Другую сусьветную вайну. Герой Тома Хэнкса – былы спартовец, якога запрашаюць натрэніраваць дзявочую каманду для ўдзелу. Рэжысэрка – вядомая змагарка за правы кабет, і яе фільмы часта становяцца пляцоўкай для стварэньня адпаведных вобразаў.

Дзяўчыны ў стужцы ўжо маюць тое, за што іншыя працягваюць (ці пачынаюць) змагацца сёньня – упэўненасьць, харызму, імпэт да высокіх прафэсійных дасягненьняў. Такім чынам іх трэнер і сам зараджаецца энэргіяй, і разам яны становяцца камандай, гатовай да перамогаў, пакуль іх суграмадзяне змагаюцца за перамогу ў вайне.

Нумар 9. Фінч (Finch). 2021

finch_2.jpg

Сьвежы фільм з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. У іншай галоўнай — сабака. Як вы ўжо, напэўна, разумееце, што нас чакае гісторыя, прасякнутая клопатам, любоўю і самотай.

Мігель Сапачнік (той самы, які зьняў самыя знакамітыя эпізоды «Гульні Тронаў») зрабіў кранальны фільм пра жыцьцё пасьля нейкай катастрофы (мы дакладна не ведаем, што адбылося: вайна ці нешта іншае), калі паўсюль на зямлі радыяцыя, а герой Хэнкса ў суправаджэньні сабакі і робата спрабуюць адшукаць месца, дзе, магчыма, ёсьць яшчэ людзі. Роўд-трып у Сан-Францыска, падчас якога цэлы фільм мы бачым аднаго актора. Том Хэнкс з тых, хто не зможа надакучыць за дзьве гадзіны.

Нумар 8. Вялікі (Big). 1988

big_5.jpg

Адной раніцай герой Тома Хэнкса прачынаецца не хлопчыкам, якім ён быў дагэтуль, але 30-гадовым мужчынам. Каму ў дзяцінстве не жадалася стаць дарослым і займацца дарослымі справамі? Галоўны герой стужкі ўладкоўваецца на значную пасаду ў кампанію, што займаецца вытворчасьцю цацак.

Ён трапна пацэліў у мэтавую аўдыторыю арганізацыі, ідэі героя Хэнкса на ўсе сто адсоткаў адпавядаюць таму, чаго чакаюць дзеці па ўсёй Амэрыцы. Босы ў захапленьні і зьдзіўленьні: як у яго гэта атрымліваецца? У пэўны час пачынаецца і рамантычная гісторыя — маленькі хлопчык у целе дарослага губляецца і ня ведае,  што рабіць. Яшчэ адна захапляльная сумесная стужка рэжысэркі Пэні Маршал з акторам.

Нумар 7. Вам ліст (You've Got Mail). 1998

you_ve_got_mail_1.webp

Рэжысэрка фільма — Нора Эфрон, стварыла шыкоўную рамантычную камедыю, падзеі ў якой распачынаюцца ў яшчэ цёплую восень. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса ў перапынках ад сваёй працы атрымліваюць паведамленьні на настольны камп'ютар (не лэптоп, і яшчэ, вядома, не на смартфон), пра тое, што ім прыйшла пошта.

У іх перапіска з рамантычным ухілам. Раз на дзень ці на некалькі дзён яны чакаюць адказ на мінулы ліст. Праўда, нашыя героі нават і не бачыліся ўжывую, і нават не могуць падумаць, што іх праца вельмі падобная: гераіня Мэг Раян кіруе маленькай сямейнай кнігарняй, а герой Тома Хэнкса — сын уласьніка вялізнай сеткі па продажы кніг. Іх новы кніжны гіпермаркет мае адчыніцца ў непасрэднай блізкасьці ад кнігарні Мэг Раян. Гэта ставіць пад пагрозу маленькі бізнэс.

Як жа гэта адгукнецца на іх рамантычных лістах? І калі ўрэшце яны зразумеюць, хто той невядомы, з кім вядзецца ліставаньне? Цудоўны восеньскі фільм, каб глядзець яго і трымаць за руку асаблівага чалавека.

Нумар 6. Выратаваньне шарагоўца Раяна (Saving Private Ryan). 1998

saving_private_ryan_1.jpg

Гісторыя, якую немагчыма ўявіць з боку расейскіх агрэсараў у сёньняшняй вайне. Дзеяньне стужкі Стывена Спілбэрга адбываецца падчас уварваньня ў Нармандыю і апавядае пра групу амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ідуць у тыл ворага, каб вярнуць парашутыста, некалькі братоў якога ўжо былі забітыя на той дзікай вайне. У фільме зьнялася мноства цудоўных актораў, перадусім Том Хэнкс.

Чаму варта паглядзець гэтае кіно? Дадатковы адказ даюць сапраўдныя вэтэраны Другой сусьветнай. Вядомыя шматлікія факты, калі цэлыя арганізацыі былых франтавікоў складалі падзякі рэжысэру, бо карціна рэальна і праўдзіва перадавала тое, што адбывалася непасрэдна ў баявых дзеяньнях. Вайна не бывае прыгожай.

Нумар 5. Філядэльфія (Philadelphia). 1993

philadelphia.jpg

Джонатан Дэмэ зьняў складаную і балючую для шматлікіх драму пра СНІД. Дзеяньне адбываецца на змрочным фоне крызісу з распаўсюдам хваробы ў 1980-х і пачатку 90-х гадоў. Том Хэнкс грае пасьпяховага юрыста, якога несправядліва звальняюць з працы, калі працадаўцы даведваюцца пра яго дыягназ.

Хэнкс па-майстэрску ўвасабляе ўразьлівасьць героя, яго жах і непакору. Стужка – спроба надаць чалавечы воблік праблеме, якая дэманізавалася ў вачох грамадзкасьці.

Асобнымі вынікамі стужкі зьявіліся: першая ўзнагарода Оскар для Тома Хэнкса, а таксама ашаламляльна кранальная песьня Бруса Спрынгстына “Streets of Philadelphia”, якая на гады засела ў сьпісах найпрыгажэйшых песьняў.

Нумар 4. Апалён 13 (Apollo 13). 1995

apollo_13_1.jpg

Фільм Рона Ховарда апавядае пра знакамітую місію астранаўтаў на Месяц у 1970 годзе. Місія, якая так і не даставіла новых людзей на спадарожнік Зямлі праз трагічныя падзеі.

Том Хэнкс і Кевін Бэйкан граюць адных з удзельнікаў экіпажа «Апалён-13». Прыгатуйцеся падтрымліваць астранаўтаў на працягу ўсяго фільма. Па дарозе выбух на борце пазбаўляе іх касьмічны карабель большай часткі кіслароду і электраэнэргіі, што прымушае дыспетчараў НАСА спыніць місію пасадкі на Месяц і ў рэжыме імправізацыі вынаходзіць навуковыя і мэханічныя рашэньні, каб бясьпечна даставіць астранаўтаў на Зямлю.

Нумар 3. Капітан Філіпс (Captain Phillips). 2013

captain_phillips.jpg

Фільм пастаўлены паважаным рэжысэрам Полам Грынграсам, прапануе захапляльнае відовішча сучаснага пірацтва, дзеяньне якога адбываецца ў небясьпечных водах ля ўзьбярэжжа Самалі. У стужцы Том Хэнкс бярэ на сябе галоўную ролю капітана Філіпса, мужнага гандлёвага марака, які трапляе ў небясьпечную сітуацыю, калі яго карабель выкрадаюць.

Найвыдатнейшым чынам Том Хэнкс адлюстроўвае надзвычайны ціск, які ўсе ўзрастае на яго як на капітана судна. Сучасныя піраты Самалі зусім пазбаўленыя рамантызму піратаў Карыбскага мора пару стагодзьдзяў таму.

Самае страшэннае, што падобныя зьявы адбываюцца і сёньня.

Нумар 2. Зялёная міля (The Green Mile). 1999

the_green_mile.jpg

Тры гадзіны магутнай і адначасова кранальнай гісторыі ад рэжысэра Фрэнка Дарабонта. Дзеяньне фільма адбываецца ў 1930-я гады і вядзе гледачоў у няпростае падарожжа па жыцьці камэры сьмяротнікаў у папраўчай установе.

Том Хэнкс выконвае ролю турэмнага ахоўніка, які сутыкаецца з незвычайным зьняволеным. Актор паказвае ўзорны вобраз чалавечнасьці перад тварам сьмяротнага адчаю.

Перад гледачамі цяжкая гісторыя несправядлівага абвінавачаньня чорнага ў згвалтаваньні маленькай дзяўчынкі. Асуджаны на сьмерць сутыкаецца з дабрынёй там, дзе яе не павінна быць па вызначэньні.

Садысты і злачынцы, якія працуюць у беларускіх вязьніцах і на Акрэсьціна – пра вас здымуць зусім іншыя фільмы, якія павінны будуць называцца “Трыбунал”.

Нумар 1. Форэст Гамп (Forrest Gump). 1994

forrest_gump_1.jpg

Робэрт Зэмэкіс зьняў шэдэўральны фільм.

Седзячы на аўтобусным прыпынку, Форэст Гамп — не вельмі разумны, але добры і адкрыты хлопец — распавядае выпадковым сустрэчным гісторыю свайго незвычайнага жыцьця.

Форэст Гамп, ролю якога выконвае Том Хэнкс, ніколі не лічыў сябе абяздоленым. Дзякуючы сваёй маці ён вядзе зусім звычайны лад жыцьця. З самага маленства хлопец пакутаваў ад захворваньня ног, суседзкія хлопцы дражнілі яго, але ў адзін цудоўны дзень Форэст адкрыў у сабе неверагодныя здольнасьці да бегу.

Форэст натхняе людзей сваім дзіцячым аптымізмам, незалежна ад таго, ці становіцца ён выпадкова зоркай футбольнай каманды ці змагаецца ў В'етнаме або ўзначальвае рыбацкую лодку. На цырымоніі Оскар гэтая стужка атрымала сярод іншых узнагароды за найлепшы фільм, рэжысэрскую працу і найлепшую галоўную ролю Тома Хэнкса.

Іншыя аўтарскія падборкі лепшых фільмаў глядзіце тут.

Прыемнага прагляду!