Топ-10 фільмаў пра каханьне
Дзень сьвятога Валянціна па-сутнасьці пад забаронай у Беларусі. Але каханьне больш трывалае за дыктатарскія захады. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці стужак, у якіх самае магутнае пачуцьцё прымушае людзей жыць, радавацца і глядзець наперад. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашага сьпісу
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Шэрбурскія парасоны (Les parapluies de Cherbourg). 1964

Фільм Жака Дэмі падараваў сьвету як рамантычную гісторыю, так і нараджэньне новай суперзоркі. Менавіта з гэтай ролі Катрын Дэнёў пачала зьзяць праз сваю прыгажосьць і талент. Зрэшты, гэтага з лёгкасьцю магло і ня быць: акторка, якая ўжо была прызначаная на ролю, раптоўна трапіла ў аварыю і фізычна не была гатовая здымацца. Праз трагічны выпадак шанец дастаўся Катрын, і яна скарыстала яго.
Легендарны мюзікл распавядае пра прадавачку парасонаў, чый каханы быў адпраўлены на вайну (звышактуальная на той час гісторыя пра Алжырскую рэвалюцыю). Ад яго доўгі час няма зьвестак, а гераіня Дэнеў цяжарная і вось-вось мусіць нарадзіць дзіця. Яе чакае няпросты выбар.
Нумар 9. Яна (Her). 2013

У цудоўна прадуманым і надзвычай эмацыйным навукова-фантастычным фільме Спайка Джонза Хаакін Фэнікс паказвае гульню, якая вядзе гледачоў у глыбіні каханьня, адзіноты і чалавечых сувязяў ў лічбавым сьвеце.
Фэнікс грае самотнага чалавека, які знаходзіць каханьне ў самым неверагодным месцы - аперацыйнай сістэме Штучнага Інтэлекту пад назвай Саманта. З дапамогай тонкіх нюансаў і майстэрскага кантролю над выразамі твару актор прымушае нас паверыць, што ён закахаўся ў тое, чаго не існуе ў звыклым разуменьні.
Саманта – гэта асістэнт, якая можа сказаць прагноз надвор’я, параіць піццу ці разбудзіць раніцай. Але праз узаемадзеяньне з героем, зьяўляецца ілюзія адносінаў паміж чалавекам і кодам. Фэнікс і Скарлет Ёхансан, якая агучвае Саманту, ствараюць гісторыю каханьня, у якую так складана паверыць на адлегласьці.
Нумар 8. Шлюб па-італьянску (Matrimonio all'italiana). 1964

Клясычная стужка выбітнага Віторыа Дэ Сіка з шыкоўнай экраннай парай – Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. Гэтых трох імёнаў у адным сказе звычайна ўжо павінна хапіць, каб без прамаруджваньня пачаць глядзець фільм, але мы яшчэ крыху панахвальваем яго.
Перад гледачамі насамрэч ня лёгкая італьянская камэдыя пра прыгоды і рамантычныя здарэньні. Рэжысэр прапануе вельмі складаную гісторыю пра трагічны лёс жанчыны, якая праўдамі і няпраўдамі прагне самага простага: шчасьця з каханым чалавекам. Але яна працуе ў бардэлі, а ён – ня з тых, хто марыць зьвязаць сябе вечнымі абавязкамі.
Дэ Сіка пагружае гледачоў у сапраўднае жыцьцё, якое мала чым адрозьніваецца: Італія за вакном ці Беларусь.
Нумар 7. Кабінэтны гарнітур (Desk Set). 1957

На экране закаханыя адзін у аднаго і ў жыцьці Кэтрын Хёпбэрн і Спэнсэр Трэйсі. У гэтай камедыі мудрагелістае спалучэньне рамантыкі, сьмеху і тэхналягічных інтрыгаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.
Кэтрын грае кіраўніцу тэлесеткі, якая вымушаная рэагаваць на раптоўнае зьяўленьне новай кампутарнай праграмы, што каардынальна мусіць зьмяніць ранейшыя спосабы працы. А Спэнсэр выконвае ролю таго майстра, які павінен новую тэхналёгію ўкараніць. Чакайце на бясконцыя пікіроўкі галоўных герояў.
Гэта чароўнае кіно, якое адлюстроўвае дух эпохі, і адначасова забясьпечвае задавальненьне для гледачоў усіх узростаў.
Нумар 6. Гэта здарылася аднойчы ноччу (It Happened One Night). 1934

Лепшы фільм года па меркаваньні амэрыканскай кінаакадэміі. Стужка Фрэнка Капры зьяўляецца грандыёзнай эпохай у жанры рамантычнай камедыі, якая паўплывала на незьлічоную колькасьць фільмаў.
Галоўныя ролі выконваюць Кларк Гейбл у ролі рэпарцёра, які зробіць усё, каб знайсьці гарачы матэрыял і Кладэт Кальбер у ролі спадчыньніцы-ўцякачкі. Яе бацька мільянэр, але яна вымушаная бегчы, каб шлюб з не самым багатым каханым атрымаўся насуперак старэйшаму пакаленьню.
Па сутнасьці, фільм – гэта сьвята моцы каханьня, якое пераадольвае ўсе рознагалосьсі і злагоджвае душэўныя раны.
Нумар 5. Вечнае зьзяньне чыстага розуму (Eternal Sunshine of the Spotless Mind). 2004

Рэжысэр Мішэль Гандры звычайна стварае ўласныя сусьветы, у якіх героі рухаюцца, дзейнічаюць і выглядаюць інакш, чым калі б мы ўявілі іх у той жа стужцы, але іншага аўтара.
Дрыготкая гісторыя каханьня, памяці і непазьбежнага. Бліскучая роля Кейт Уінслет, разам зь якой у дастаткова нечаканай моцнай драматычнай ролі выступае Джым Керы. У дваіх чалавек па некаторай прычыне былі сьцертыя ўспаміны пра іх ранейшае сумеснае жыцьцё. Але лёс складваецца такім чынам, што яны зноў сутыкаюцца, каб адчуць подых ранейшых пачуцьцяў.
У вольны вечар разам са сваёй паловай абавязкова паглядзіце гэтую гісторыю каханьня.
Нумар 4. Зьнесеныя ветрам (Gone with the Wind). 1939

Легенда сусьветнага кіно, лепшы фільм года на Оскары, стужка, разабраная на цытаты. Па сутнасьці, гэта гісторыя каханьня, страты і выжываньня, у цэнтры якой — нязломная Скарлет А'Хара, якую ўвасобіла цудоўная Віўіен Лі. Рамантызацыя Старога Поўдня ў фільме разам з праслаўленьнем рабства (на думку цэлага шэрагу гісторыкаў, крытыкаў і звычайных людзей) выклікала значныя дыскусіі на працягу многіх гадоў.
Сёньня, на жаль, можна са смуткам назіраць як у некаторых стрымінгавых плятформах перад гэтым шэдэўрам ідзе застаўка, у якой гаворыцца аб «памылковасьці паказу чорных і аднабокасьці паказу некаторых гістарычных аспектаў». З сучасных людзей спрабуюць зрабіць недалёкіх ці малаадукаваных, таму тыкаюць іх паперкай: «Там дрэнна, асьцярожна»!
Спадзяюся, кожны чалавек мае здольнасьць самастойна ацаніць твор мастацтва.
Нумар 3. Дзень Сурка (Groundhog Day). 1993

Фантастычны і добры фільм з Білам Мюрэем і Эндзі МакДаўэл.
Тэлевізійны сіноптык Філ вымушаны з прадусарам і апэратарам ехаць у далёкі, маленькі, правінцыйны і нікому нецікавы гарадок, каб зьняць чарговы сюжэт, як 2 лютага гарадзкія ўлады выцягнуць з нары сурка і будуць глядзець, ці ёсьць ад яго цень – калі так, тады мясцовасьць чакае яшчэ 6 тыдняў зімы. Філ вельмі цынічны і зьдзекуецца зь любой нагоды.
Каманда абы-як здымае сюжэт, Філ у сувязі са сьнежным штормам вымушаны застацца ў гарадку яшчэ на адну ноч. Надыходзіць раніца, і атрымліваецца, што ўсё пачынаецца наноў і ён пражывае той жа дзень. А потым яшчэ раз. Бясконцы Дзень Сурка. Як жа выблытацца?
Нумар 2. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940

Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Нумар 1. Масты акругі Мэдзісан (The Bridges of Madison County). 1995

Пярліна сусьветнага кінематографу. Клінт Іствуд стварыў шыкоўную гісторыю хуткаплыннага і бязьмежнага каханьня.
Тут Іствуд адыходзіць ад сваіх вобразаў жорсткіх, непахісных герояў, якія заўжды пад понча ці курткай маюць рэвальвэр. У гэтай стужцы ён рамантычны і далікатны чалавек, які трапляе ў вір складанай сітуацыі. Іствуд з усёй цяплынёй перадае характар свайго героя, які на працоўным заданьні па фатаграфаваньні мастоў далёкай амэрыканскай акругі сустракае хатнюю гаспадыню ў выкананьні Мэрыл Стрып.
Клінт Іствуд узяў, як можа падацца найпростую гісторыю, але ўзьнёс яе на алімп творчага майстэрства. Гісторыя каханьня, якая стаіць вышэй па-над усё.
Прыемнага прагляду!