Топ-10 фільмаў пра музыку. Сем нотаў бываюць больш красамоўнымі за ўсе літары альфабэту

За мілагучнасьцю мэлёдыі стаіць, і даволі часта, глыбокая драма ў яе стварэньні. Музыка можа падбадзёрыць, супакоіць – ці нават падбухторыць да рашучых дзеяньняў. Мы падрыхтавалі спіс лепшых стужак пра музыку. Калі вы не любіце мюзіклы – гэтая падборка таксама для вас, тут іх ня будзе.

the_glenn_miller_story.jpg

Кадр аднаго з фільмаў з нашай падборкі

Нумар 10. Браты Блюз (The Blues Brothers). 1980

the_blues_brothers.jpg

Два браты, якія выглядаюць як таемныя агенты ФБР: апранутыя ў чорныя строі, з чорнымі сонечнымі акулярамі. Але яны супрацьлегласьць спецслужбам — яны маюць вялізныя праблемы з законам, адзін з братоў увогуле толькі-толькі адкінуўся. Браты па прозьвішчы Блюз сутыкаюцца з тым, што касьцёльны прытулак, дзе яны правялі дзяцінства, знаходзіцца пад пагрозай зносу, калі не будзе выплачаная пазыка. Яны вырашаюць назьбіраць патрэбную суму і арганізаваць канцэрт.

Дасягнуць пастаўленай мэце бліскучаму камедыйнаму дуэту — Джону Белушы і Дэну Эйкрайду будзе вельмі не проста. Усе, ад паліцыі да крымінальнікаў, жадаюць нешта ад братоў Блюз. Пагоні, жарты, і вельмі шмат блюзу – гэта чакае вас у стужцы Джона Лэндзіса

Нумар 9. Амадэй (Amadeus). 1984

amadeus.jpg

Цэлых восем статуэтак прэміі Оскар забрала гэтая карціна Мілаша Формана. Пераносімся на некалькі стагодзьдзяў назад — у часы росквіту клясычнай музыкі. Са школьных урокаў магло скласьціся ўражаньне, што кампазытары, якія стваралі музыку ў той час — былі людзьмі, якія выклікаюць пазяханьне ў наш час: ні драйву, ні экспрэсіі. Калі вы крыху падзяляеце такую думку — фільм цалкам зруйнуе падобныя ідэі.

Гледачы стануць сьведкамі інтрыгаў і закуліснай барацьбы пры двары аўстрыйскім імператары Юзафе ІІ. Антоніа Сальеры займае шыкоўную пасаду дзяржаўнага кампазытара, але ў адзін дзень зьяўляецца нікому невядомы Моцарт. Прыгожыя строі канца XVIII ст. і жорсткая зайздрасьць.

А пасьля прагляду раім наведаць ці паслухаць якую-небудзь оперу. 

Нумар 8. Апантанасьць (Whiplash). 2013

whiplash.webp

Прыгатуйце вашыя вушы да апантанага грукату бубнача. Заведзена ўжо так, што роля барабанаў у гуртах зводзіцца да апошняга нумара, да месца за франтмэнам і гітарыстамі. Нават Рынга Стар у свой час атрымаў такую характарыстыку ад BBC: найменш таленавіты з усіх бітлоў.

Рэжысэр Дэміэн Шазэл стварыў унікальную стужку пра звычайнага бубнача, які толькі марыць трапіць у склад аркестра знакамітага дырыжора. Чалавек з адной палачкай выяўляецца апантаным музыкай, перфэкцыянізмам і ў пэўнай ступені садызмам. Чалавек з дзвюма палачкамі бярэ пастанову вытрымаць жорсткі падыход і не прапусьць свой шанц.

Грыміць грымотамі гэты фільм. Грызе пагрозьліва старонкі з нотамі і жыцьцё. 

Нумар 7. The Doors (The Doors). 1991

the_doors.jpg

Гісторыя легендарнага каліфарнійскага гурта, у першую чаргу іх вакаліста — Джыма Морысана. Сьпявак пахаваны ў Парыжы на самых знакамітых могілках Пэр-Лашэз, ён памёр у 27 гадоў, і трапіў, адным з першых, у так званы «клюб 27».  Гэта спіс з музыкаў, чыё жыцьцё не пераадолела гэтай зачараванай лічбы.

Вэл Кілмэр у ролі Джыма Морысана выглядае звышупэўнена. І вонкава і экспрэсіўна. Олівэр Стоўн зьняў фільм пра дзікія і новыя 60-я. Наркотыкі, рок-н-рол, і, як здаецца, вечная слава. Мы ўбачым супярэчлівыя і складаныя адносіны ў гурце, калі клявішнік і галоўны кампазытар Рэй Манзарэк канфліктуе з вакалістам Морысанам празь яго вечны алкагалізм і наркатычны транс.

Мы сутыкнемся з нізкімі паводзінамі агентаў і музычных лэйблаў да ўдзельнікаў гурта. І што ж стала прычынай сьмерці Джыма Морысана? Убачым у гэтай захапляльнай стужцы. Light My Fire. 

Нумар 6. Дэні Колінз (Danny Collins). 2014

danny_collins.jpg

Пасьля бурлівага папярэдняга фільма трапляем у больш спакойны рытм гэтага. У галоўнай ролі тут Аль Пачына, які грае ўжо сталага чалавека, які быў у свой час знакамітым, меў посьпех у чартах і ў кабетаў, але гэта ўсё справа далёкай мінуўшчыны. Гісторыя апавядае пра тое, як усё магло быць інакш, калі б…

У дадзеным выпадку, калі б герой фільма атрымаў ліст, які быў яму адрасаваны цэлых 34 гады таму, не ў наш час, а тады, на вышыні яго славы, шмат што склалася інакш. Даўні ліст напісаў сам Джон Ленан, у якім захапляўся музыкай Дэні Колінза і даваў парады і прапановы.

Тым ня менш сучасны Дэні вырашае, што гэта знак, і новыя пакаленьні слухачоў мусяць даведацца аб ім. 

Нумар 5. Піяніст (The Pianist). 2002

the_pianist.jpg

Польшча, вайна, габрэі. Гэтыя тры элементы ўключае ў сабе не адзін тузін фільмаў. Іх рознае прачытаньне і выяўленьне ў мастацкіх вобразах зьдзіўляе не адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. У наш спіс трапіла праца Рамана Паланскага з эталённым вакананьнем галоўнай ролі ад Эдрыяна Броўдзі. 88 клявішаў інструмэнту і бясконцаў колькасьць зьдзекаў з боку нацыстаў.

Раман Паланскі, які вымушаны быў зьбегчы з сацыялістычнага раю Польшчы ў 1960-х, паказвае нам папярэдняе пакаленьне закатаваных, зьнішчаных і адрынутых палякаў. Ці вартая чаго-небудзь музыка ў межах канцлягеру? Ці патрэбныя піяністы, калі не хапае тых, хто будзе ў сваіх руках трымаць аўтамат супраць акупантаў?

Фільм стаў пераможцам кінафэсту ў Канах. 

Нумар 4. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007

la_mome_1.jpg

Французскі фільм пра найвялікшую французскую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каційяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я ні пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф. Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх французскіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каційяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта. 

Нумар 3. Птушка (Bird). 1988

bird_1.jpg

Фільм Клінта Іствуда пра музыку атрымаў узнагароду амерыканскай кінаакадэміі за лепшы гук — чым не дадатковая нагода, каб вы паглядзелі гэты шыкоўны фільм.

Рэжысэр — вядомы аматар джазу, і гісторыя ў яго працы апавядае пра Чарлі Паркера — суперзорку, якая надзвычай рана згасла навечна. Джаз. За яго ў краіне Саветаў можна было прысесьці, а ў краіне разьвітага капіталізму можна было зьехаць з глузду ад папулярнасьці, якая на цябе звалілася.

Патушыце сьвятло, адкаркуйце брэндзі і насаладжвайцеся гульнёй Форэста Ўітакэра ў гэтым фільме. Не зьдзіўляйцеся, калі пасьля пажадаецца набыць саксафон. 

Нумар 2. Піяніна (The Piano). 1992

the_piano.jpg

Джэйн Кэмпіян зьняла вельмі прыгожае кіно. Гісторыя каханьня, жарсьці і любові да гукаў музыкі. Націск на клявішу можа быць такім жа дрыготкім, як дотык пальцамі да шыі.

Звыклы герой Харві Кейтэля ў фільмах — гэта гангстэр, не вельмі прыемны чалавек з цёмнымі намерамі. Але тут ён праявіў сябе ў зусім іншым амплуа.

Мы трапім у сярэдзіну ХІХ ст., калі шатляндзкая сям’я праплывае ўвесь зямны шар, каб пасяліцца ў Новай Зэляндыі. Гераіня Холі Хантэр — нямая, але гэта не замінае ёй любіць свой інструмэнт. Ён становіцца ёй заменай словаў, якіх яна не можа вымавіць. Але па прыезьдзе муж адмаўляецца цягнуць піяніна ў іх новы дом.

Інструмэнт апынаецца ў іх суседа, які запрашае граць на ім гераіню Холі Хантэр. Дарэчы, сама акторка добра ўмела граць, і ўсе сцэны з клявішамі атрымалася здымаць без дублёраў.  

Нумар 1. Гісторыя Глена Мілера (The Glenn Miller Story). 1954

the_glenn_miller_story.jpg

Дамо яшчэ крыху джазу ў нашым рэйтынгу. Джэймс Сьцюарт у ролі знакамітага музыкі, які амаль усё жыцьцё шукаў адрознае, сваё, фірмовае гучаньне. І ўрэшце знайшоў. Вы дакладна падчас прагляду некалькі разоў падумаеце: — а вось гэтую мэлёдыю я ведаю, і гэтую, няўжо і гэтую ён прыдумаў?

Натхняльная і пранікнёная гісторыя Глена Мілера – чалавека, у якога амаль ніхто ня верыў, апроч самога сябе. Верагодна, кожны музыка і ў Беларусі зараз можа задаць сабе пытаньне, ці не марна ён спрабуе скласьці ноты ў чароўную пасьлядоўнасьць, ці спатрэбіцца гэта камусьці?

Энтані Ман паставіў стужку зь відавочнай любоўю да Глена.