Топ-10 фільмаў пра злоўжываньне наркотыкамі
На гэтым тыдні адзначаўся Сусьветны дзень барацьбы са злоўжываньнем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным зваротам. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі сьпіс з дзесяці стужак, дзе справа вядзецца менавіта пра гэта. Не забывайце: наркотыкі – гэта зло. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. The Doors (The Doors). 1991
Гісторыя легендарнага каліфарнійскага гурта, у першую чаргу іх вакаліста — Джыма Морысана. Сьпявак пахаваны ў Парыжы на самых знакамітых могілках Пэр-Лашэз, ён памёр у 27 гадоў, і трапіў, адным з першых, у так званы «клюб 27». Гэта спіс з музыкаў, чыё жыцьцё не пераадолела гэтай зачараванай лічбы.
Вэл Кілмэр у ролі Джыма Морысана выглядае звышупэўнена. І вонкава і экспрэсіўна. Олівэр Стоўн зьняў фільм пра дзікія і новыя 60-я. Наркотыкі, рок-н-рол, і, як здаецца, вечная слава. Мы ўбачым супярэчлівыя і складаныя адносіны ў гурце, калі клявішнік і галоўны кампазытар Рэй Манзарэк канфліктуе з вакалістам Морысанам празь яго вечны алкагалізм і наркатычны транс.
Мы сутыкнемся з нізкімі паводзінамі агентаў і музычных лэйблаў да ўдзельнікаў гурта. І што ж стала прычынай сьмерці Джыма Морысана? Убачым у гэтай захапляльнай стужцы. Light My Fire.
Нумар 9. Джыа (Gia). 1998
Праца рэжысэра Майкла Крыстафэра — гэта захапляльны, востры біяграфічны фільм, які паглыбляецца ў бурнае жыцьцё Джыі Каранджы, адной з самых знакамітых супермадэляў канца 70-х, пачатку 80-х гадоў. Стужка зробленая вельмі якасна і насычаная сцэнамі для дарослых.
Анджэліна Джалі прызнавалася пасьля, што яе ўласнае жыцьцё было вельмі і вельмі падобным да яе гераіні. яны абедзьве працавалі ў заштатным бары, а потым раптоўна былі закінутыя ў сьвет здымкаў, вокладак часопісаў, наркотыкаў і астатніх атрыбутаў жыцьця фотамадэляў таго (ды і сёньняшняга) часу.
Акторка атрымала першую значную ўзнагароду ў сваёй кар’еры за гэтую ролю – Залаты Глёбус.
Нумар 8. Рэквіэм па мары (Requiem for a Dream). 2000
Дарэн Аранофскі мог сканчваць кар’еру пасьля выхаду гэтага фільма. У безьлічы рэжысэраў за ўсю кар’еру не атрымлівалася наблізіцца па майстэрству да таго, што атрымалася ў Дарэна ў гісторыі, якой лепш бы не было.
Гісторыя сяброў, зьвязаная з гісторыяй бацькоў і дзяцей, дзе ўсё і ўсе – павязаныя чорнай плямай страшэннай залежнасьці. Кожны з траіх сяброў і маці аднаго з герояў маюць свае вялікія і прыгожыя мары. І як зразумела па назве, напрыканцы па ім будзе граць рэквіэм.
Культавы фільм пра слабасьць чалавека. Гісторыя пра тое, што дарога пасьля гераіна адна. За самым маленькім, дробным выключэньнем.
Нумар 7. Твар са шнарам (Scarface). 1983
Вы ўсе памятаеце апошнія сцэны гэтага шэдэўра з кіляграмамі какаіну на стале ў маёнтку героя Аль Пачына.
Гісторыі Тоні Камонтэ і Тоні Мантаны, расказаныя адпаведна ў вэрсіях «Твару са шнарам» 1932 і 1983 гадоў, даюць адказ на зьменлівы час і лёс крымінальнага сьвету. Абодва фільмы паказваюць узьлёт і падзеньне маладога амбіцыйнага імігранта ў злачынным сьвеце.
«Твар са шнарам» Браяна Дэ Пальмы пераносіць дзеяньне ў Маямі 1980-х гадоў, і гледачы бачаць кубінскага ўцекача ў выкананьні Аль Пачына. У рымэйку захоўваецца грубы вобраз крымінальнага злачыннага сьвету, але ўзмацняецца яго экстравагантнасьць і куды больш натуралістычны гвалт.
Адно істотнае адрозьненьне паміж двума фільмамі заключаецца ў паказе амбіцый галоўных герояў. У вэрсіі 1932 году амбіцыі выяўляюцца ў жаданьні ўлады і кантролю галоўнага героя. У экранізацыі 1983 году амбіцыі абумоўленыя скажонай інтэрпрэтацыяй амэрыканскай мары ў імкненьні да багацьця і статусу.
Нумар 6. Таксіст (Taxi Driver). 1976
Майстар-кляс ад Марціна Скарсэзэ па стварэньні шэдэўра. Для гэтага неабходна спалучыць рэжысэра з лепшым акторам усіх часоў – Робэртам Дэ Ніра, і даць ім абодвум волю. У дадзеным выпадку да рэцэпту можна дадаць Джодзі Фостэр, якая грае 13-гадовую прастытутку, і Харві Кейтэля, яе сутэнэра. Ну а Дэ Ніра будзе проста езьдзіць на машыне.
Яго герой — самы звычайны ветэран вайны ў В’етнаме, які выконвае няхітрую працу — развозіць людзей па Ню-Ёрку. Смурод, бруд і дэкаданс сталіцы сусьвету застаецца па левы і па правы бок ад таксіста. А таксама на заднім сядзеньні. Наркотыкі паўсюль, наркотыкі сталі нормай жыцьця гэтага горада і грамадзтва.
Ён адзін сярод мільёнаў людзей, і ён сьведка таго, што напаўняе Вялікі Яблык сярэдзіны 70-х. Аднак так ці інакш ён становіцца ўцягнуты ў справы. А потым зьявіцца яна — анёл, якая працуе ў перадвыбарчым штабе.
Выкананьне Робэрта Дэ Ніра ў гэтай стужцы зьяўляецца эталонным.
Сядайце ў таксі, і паехалі.
Нумар 5. Птушка (Bird). 1988
Фільм Клінта Іствуда пра музыку атрымаў узнагароду амерыканскай кінаакадэміі за лепшы гук — чым не дадатковая нагода, каб вы паглядзелі гэты шыкоўны фільм.
Рэжысэр — вядомы аматар джазу, і гісторыя ў яго працы апавядае пра Чарлі Паркера — суперзорку, якая надзвычай рана згасла навечна. Джаз. За яго ў краіне Саветаў можна было прысесьці, а ў краіне разьвітага капіталізму можна было зьехаць з глузду ад папулярнасьці, якая на цябе звалілася.
Патушыце сьвятло, адкаркуйце брэндзі і насаладжвайцеся гульнёй Форэста Ўітакэра ў гэтым фільме. Не зьдзіўляйцеся, калі пасьля пажадаецца набыць саксафон. Вядома галоўнае, каб не наркатычныя рэчывы, як галоўны герой. Дарэчы, праз два дзясяткі гадоў выйшаў яшчэ адзін фільм, які распавядае пра іншую зорку джазу, які пакутаваў ад тых самых праблемаў: празьмерны алкатрып і гераінавая залежнасьць. Гаворка пра Рэя Чарльза і стужку Рэй.
Нумар 4. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013
Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё. Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі.
Кампанія галоўнага героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш. Тое, што павінна стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. А таксама страшэнныя наступствы злоўжываньня ўсё тымі ж наркотыкамі. Бліскучая роля Леанарда Дзі Капрыё. Шыкоўны фільм для прагляду.
Нумар 3. Крымінальнае чытво (Pulp Fiction). 1994
Стужка, якая сапраўды можа называцца культавай. Залатая пальмавая галіна ў Канах, а таксама захапленьне мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце на працягу вось ужо чацьвертага дзесяцігодзьдзя. Улюбёны прыём рэжысэра, калі дзея падзеленая на некалькі асобных навэлаў. Гледачам застаецца толькі атрымліваць задавальненьне і чакаць на разьвязку.
Ледзьве не ўвесь фільм разабраны на цытаты, на постэры і вірусныя ролікі. Бадай што самы знакаміты эпізод, які ўласна не мае вялікага дачыненьня да сюжэта — гэта танец Умы Турман і Джона Траволты.
Іншы, добра знаёмы кожнаму аматару кіно – калі гераіня Ўмы Турман перастаралася, і ўчыніла перадазіроўку. Што прыводзіць да жудасных канвульсіяў і неабходнасьці легендарнага ўдара шпрыцом у сэрца.
«Зараз я хачу танчыць. Я хачу выйграць. Я хачу гэты трафей, таму добра танчы».
Нумар 2. На ігле (Trainspotting). 1995
Для дзевяностых гадоў стужка зрабіла рэвалюцыю. Хаця да канца не зразумелым застаецца шалёная папулярнасьць фільма, бо паказанае там шакуе, але наўрадці зьдзіўляе. І разам з тым – гэта фільм пра надзею, пра спустошанасьць і дзівосны сучасны сьвет, дзе ёсьць усё, што неабходна чалавеку, але чалавек абірае нырок у абсалютна іншую рэчаіснсасьць.
Герой Юэна Макгрэгара ў дзіка дэпрэсіўных дэкарацыях Шатляндыі (хто б сёньня адмовіўся жыць у Вялікай Брытаніі?) шукае сябе, шукае будучыню, і знаходзіць толькі ўколы на руцэ. Ці бывае не трагічнае выйсьце, калі ўсе вакол – твае наркатычныя браты і сёстры?
Стужка багатая на зусім не эстэтычныя кадры.
Нумар 1. Чалавек з залатой рукой (The Man with the Golden Arm). 1955
Грандыёзны фільм Ота Прэмінджэра з Фрэнкам Сінатра ў галоўнай ролі. Калі па нейкіх прычынах вы прапусьцілі тое, што Сінатра ня толькі бліскучы сьпявак, але і выдатны актор – сьпяшайцеся паглядзець гэтую стужку. У ёй, ці ня першы раз у гісторыі кінематографу герой Сінатры надрыўна і так па-сапраўднаму паказвае ломку, якая ловіць кожнага наркамана ў той ці іншы, але абавзковы момант жыцьця.
Стужка геніяльна зьнятая, гледачы сочаць за спробай звычайнага чалавека вярнуцца ў здаровае русла пасьля прымусовага лекаваньня. Аднак старыя знаёмствы і звычкі нястомна правакуюць на іншае.
Прыемнага прагляду!