У Мінску 27-28 мая пройдзе Форум казкі
Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі 27-28 мая. Запрашаем асвятляць навуковыя даклады, падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу выканальнікаў казкі, выступленні казачнікаў старэйшага пакалення, майстар-клас па выцінанцы «Казкі з паперы» народнага майстра Наталлі Сухой, круглы стол «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай», выставы і прэзентацыі архіўных запісаў, тэматычных выданняў.
Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізуе II Міжнародны форум даследчыкаў
беларускай казкі 27-28 мая 2021 г.
27 мая ў 9.30-18.00 пройдзе пленарнае пасяджэнне навуковай канферэнцыі ў Прэзідыуме НАН па адрасе пр-т Незалежнасці, д. 66. Уваход па папярэднім запісе праз электронны адрас forumtales2021@gmail.com. У навуковай канферэнцыі возьмуць удзел даследчыкі з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі, Эстоніі, Абхазіі, Балгарыі, Францыі.
28 мая мерапрыемствы пройдуць па адрасе: вул. Сурганава, д. 1, к. 2. Уваход вольны.
У 9.00-9.30 у зале 302 адбудзецца прэзентацыя архіўных збораў казак з фальклорнай калекцыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, фонду фальклорных матэрыялаў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ, збораў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 10.00-13.00 у зале 1110 пройдзе адкрыты круглы стол «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай». Мадэратарам выступіць кандыдат філалагічных навук, пісьменнік Сяргей Мінскевіч. Праблемнае поле дыскусіі: шляхі развіцця жанру аўтарскай казкі ў беларускай літаратуры; свет казкі як terra incognita беларускага літаратуразнаўства; аўтарская казка для дзяцей і дарослых: супольнае і адрознае; феномен цуду ў сучаснай літаратурнай казцы; казка і фэнтэзі; літаратурная казка і гарадскі фальклор.
Паралельна у 10.00-13.00 будзе праходзіць навуковая канферэнцыя. Плануюцца секцыі «Гісторыя збірання і вывучэння народных казак. Асоба і тыпы казачнікаў» (зала 302), «Узаемаўплывы і паралелі ў казкавым фальклоры. Паэтыка і семантыка народнай казкі» (каб. 305), «Інтэрпрэтацыя народнай казкі ў мастацтве (выяўленчым, тэатральным, музычным, экранным)» (каб. 304), «Казка і казачнасць у гісторыі літаратуры» (каб. 710), «Развіццё і трансфармацыя казкі ў сучаснай літаратуры» (каб. 712).
У 14.00-15.00 пройдуць паралельна майстар-клас па выцінанцы «Казкі з паперы» народнага майстра Наталлі Сухой (зала 1110) і прэзентацыя выданняў па тэматыцы казкі (зала 302).
Наталля Сухая — мастачка, народны майстар РБ па выцінанцы, арт-тэрапеўт, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. На майстар-класе «Казкі з паперы» кожны ахвочы створыць асабістую казку і паспрабуе выкарыстаць мастацтва выцінанкі і казачны сюжэт як рэсурс для душы.
Паралельна з майстар-класам «Казкі з паперы» адбудзецца прэзентацыя тэматычных выданняў:
«І я там быў»... = “” = “I was there as well...”: (з народнапаэтычнай спадчыны)» — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;
серыя «Пермский край. Фольклорный архив» (Т.1 Сказки Евдокии Никитичны Трясциной. Т.2. «Русские сказки Пермского края в записях конца ХХ – начала ХХI в.) и «Сказки народов Евразии» (Т.1 «Сын медведя», Т.2 «Мачеха и падчерица», Т.3 «Хитрая наука») — Расійскі Дом народнай творчасці (Масква);
«Несцерка»: спектакль/абрад. Узнаўленне сцэнічных касцюмаў камедыі «Несцерка» — Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці;
дыск фальклорных запісаў «Пскоўска-Веліжскія запісы» — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
У 15.00-18.00 у актавай зале на 2-м паверсе пройдуць выступленні майстроў казкавага жанру і падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай казкі. Выступяць Глухатарэнка Людміла Фёдараўна (в. Санюкі, Ельскі р-н, Гомельская вобл.), Каток Соф’я Міхайлаўна і Кагадоўская Раіса Мікалаеўна з фальклорнага калектыву «Беражніца» (в. Пласток, Любанскі р-н, Мінская вобл.), Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (в. Судзілы, Клімавіцкі р-н, Магілёўская вобл.), Рэзкіна Лілія Пятроўна (г. Віцебск), Рыжкова Ларыса Мікалаеўна, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» (п. Міханавічы, Мінскі р-н, Мінская вобл.), Крывенка Яўгенія Мікалаеўна (г. Пскоў).
У межах Форума праводзіўся Дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі для ўдзельнікаў да 17 гадоў. Дзецям трэба было зняцца ў відэароліку, у якім удзельнік расказвае беларускую народную казку, і загрузіць ролік да 25 мая ў сацыяльныя сеткі з хэштэгамі #конкурсказкі2021, #казка2021, #belarusiantails2021. Да 27 мая экспертнае журы падвядзе вынікі конкурса і вызначыць пераможцаў. Падчас Форума будуць прадстаўлены лепшыя ролікі, а пераможцаў і ўдзельнікаў чакаюць каштоўныя прызы ад партнёраў Форума — кампаніі «Белдзяржстрах» і Мінскага гадзіннікавага завода «Луч», выдавецтваў «Беларусь» і «Мастацкая літаратура».