У Мінску прайшла аўтограф-сесія Язэпа і Камілы Янушкевічаў

У сталічнай «Акадэмкнізе» 17 снежня прайшла прэзентацыя кніг, напісаных, укладзеных ці перакладзеных пісьменнікам-эсэістам, архівістам Язэпам Янушкевічам, а таксама яго дачкой Камілай Янушкевіч.

Язэп і Каміла Янушкевічы

Язэп і Каміла Янушкевічы

Першым быў прэзентаваны пераклад з польскай мовы нарыса Аляксандра Валіцкага «Станіслаў Манюшка». Адметна, што гэты твор быў выдадзены ў Варшаве ў 1873 годзе і ні разу не ўзнаўляўся, а толькі расхопліваўся на цытаты.


Наступная кніжка, «Літоўскі Пеўнік, або Мой Манюшка», як можна здагадацца з назвы, таксама прысвечаная славутаму кампазітару. Гэта гісторыка-літаратурны зборнік матэрыялаў, аўтарам і перакладнікам якіх у бальшыні з’яўляецца Язэп Янушкевіч.
«Партрэты Паўстання 1863—1865» — гэта ўжо чацвёртае сумеснае выданне Камілы і Язэпа Янушкевічаў, пашыранае і дапрацаванае. Кніга ўяўляе сабой галерэю з парадка 280 фотавыяў змагароў, выкананых пераважна ў 1850—1880-я гады, удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага.

januszkeviczy_prezentacyja_dzijana_seradzjuk__1__logo.jpg

Камілу Янушкевіч заўсёды цікавіла фатаграфія. Калі яна паглыбілася ў вывучэнне гэтай тэмы, зразумела, што ёсць усяго некалькі артыкулаў пра гісторыю фатаграфіі на Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Але сапраўдным адкрыццём аказалася тое, што першыя фотапартрэты на нашых землях належалі акурат удзельнікам паўстання 1863 — 1865 гадоў. І тое, што яны захаваліся, неверагодна, бо можна толькі ўявіць, колькі здымкаў не захавалася. А колькі драматычных гісторый з імі звязана! Напрыклад, Ванду Беляковіч, якая кінула фатаграфію свайго мужа, закатаванага ў віцебскай турме паўстанца, у яго магілу, расійскія ўлады пакаралі штрафам у 300 рублёў. Да слова, карова на тыя часы каштавала каля 8 рублёў.


Апошняя на цяперашні момант кніга Язэпа Янушкевіча «І першым паказаўся Каліноўскі, або Эсэ пра вечнае» была падрыхтаваная адмыслова да гістарычнай падзеі: перапахаваня ў Вільні 22 Лістапада 2019 года парэшткаў 20 Паўстанцаў, адшуканых літоўскімі археолагамі на Гары Гедыміна. Шмат матэрыялу ў яе ўвайшло з анталогіі «Тварам да шыбеніцы». Квінтэсэнцыя кнігі – спадчына Каліноўскага на беларускай, літоўскай, польскай, украінскай, англійскай, нямецкай, а таксама іспанскай мовах. Дарэчы, Язэп Янушкевіч разам з жонкай змаглі трапіць на гару Гедыміна падчас раскопак.