У Мінску пройдзе міжнародны фестываль экалагічнага кіно
З 6 па 11 лютага ў Мінску пройдзе міжнародны фестываль экалагічнага кіно «Планетарый». На ім будуць прадстаўлены фільмы з Францыі, ЗША, Швейцарыі, Канады, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, а таксама з Беларусі.

Кадр з фільма "Анёл Азуль"
«Кіно — гэта заўсёды нагода для дыскусій. З дапамогай экалагічнага кіно мы хочам пагаварыць на тэмы, звязаныя з абаронай навакольнага асяроддзя, — кажуць арганізатары кінафестывалю. — Для фестывалю мы адабралі тыя кінастужкі, якія паказваюць не толькі праблемы, але і іх рашэнні. У фільмах распавядаецца пра людзей і іх натхняльныя гісторыі. Ад такіх прыкладаў сапраўды хочацца дзейнічаць».
Адкрые фестываль кінастужка «Поры года» («Les Saisons») ад стваральнікаў знакамітых дакументальных фільмаў «Птушкі» і «Акіяны» Жака Перэна і Жака Клюзо. У кінастужцы «Поры года» распавядаецца пра прыгажосць еўрапейскіх лясоў, у тым ліку аб унікальнай ролі Белавежскай пушчы як адзінага ацалелага старадаўняга ляснога масіву.
Акрамя кінапаказаў, на фестывалі будуць арганізаваны пляцоўкі для дыскусій і абмеркаванняў.
Паказы фестывалю пройдуць у кінатэатры "Піянер" (вул. Энгельса 20, ст.м. Кастрычніцкая/Купалаўская), прасторы .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а, ст.м. Першамайская).
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны, квіткі на кінастужкі ў «Піянеры» можна атрымаць у фае кінатэатра з 12.00 у дзень іх паказу.
Старонка кінафестывалю ў Facebook, Вконтакте.

Праграма
кінафестывалю
"Поры года" (2016, рэж. Жак Перэн, Жак Клюзо, Францыя, 97 хв.)
6 лютага (панядзелак) 19.00, кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

Тысячу гадоў таму Еўропа была пакрытая бясконцымі лясамі, дзе непадзельна
ўладарылі зубры, лісы, ваўкі, ласі і алені. Іх каралеўствам быў першабытны
непралазны гушчар, які распасціраўся праз увесь кантынент. Сэрца яго
знаходзілася ў Белавежскай пушчы — зараз, мабыць, адзіны захаваны яе фрагмент.
У гэтым таямнічым лесе разгортваецца неверагодная гісторыя самай дзікай і яшчэ
некранутай рукой чалавека прыроды.
"Анёл Азуль" (2014, рэж. Марсі Крават, ЗША, 74 хв.)
7 лютага (аўторак) 19.00, кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

Гэта дзіўная і прыгожая гісторыя працы брытанскага мастака і эколага Джэйсана дэ Кайрыс Тэйлара. Джэйсан стварае не проста штучны каралавы рыф, гэта першы ў свеце падводны парк скульптур. Яго крохкія далікатныя статуі, кожная з якіх зроблена з чалавечых мадэляў, ствараюць новы марскі рэльеф, які стане каралавым рыфам.
Але гэта не толькі фільм пра вядомага скульптара. Што адбываецца на дне мора, чаму каралы знікаюць, няўжо штучны рыф — гэта адзінае, што нам засталося? Як мы звязаны з морам і што будзе з намі, калі яно працягне змяняцца? Марсі Крават запрашае разам даведацца адказы на гэтыя пытанні.
"Чалавек" (2015, рэж. Ян Арцюс Бертран, Францыя, 191 хв.)
8 лютага (серада), 18.00, кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

"Чалавек" — трэці грандыёзны дакументальны фільм Яна Арцюса Бертрана. Прэм'ера фільма адбылася на Генеральнай асамблеі ААН. У дзень прэм'еры фільм выклалі на шасці каналах YouTube з субтытрамі на арабскай, англійскай, французскай, партугальскай, гішпанскай і рускай мовах. Велізарнае кінопалатно, што сабрала аповеды 2 тысяч людзей з 60 краін свету, магчыма, не адкажа на пытанне "Што робіць нас людзьмі?", але стане адпраўной кропкай для дыялогу на гэтую тэму.
Публічная лекцыя "Як правесці экапрыязнае мерапрыемства"
9 лютага (чацвер), 19.00, Прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).
Што ўлічыць падчас падрыхтоўкі мерапрыемства? Якія простыя дзеянні пры яго правядзенні дапамогуць не нашкодзіць прыродзе і як не стаць ахвярай "грынвошынга"? Проста, зразумела і з гісторыямі з уласнай практыкі эксперт Цэнтра экалагічных рашэнняў раскажа пра тое, як правесці экапрыязнае мерапрыемства на любую тэму і атрымаць ад гэтага задавальненне.

Кадр з фільма "Поры года"
"Экалагічнае кіно ў беларускім клімаце". Паказ кароткаметражных фільмаў ад беларускіх аўтараў і дыскусія.
10 лютага (пятніца), 19.00, прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).
Паказ работ маладых беларускіх рэжысёраў, пераможцаў праекта Kinosprint. Трагікамедыя пра тыповых беларусаў у стылі роўд-муві, прытча ў стылі пост-апакаліпсіс, фільм-напамін пра трагедыю ў савецкім мінулым, кароткі метр аб браканьерстве. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам аўтараў карцін і іншых беларускіх рэжысёраў, каб разам адказаць на пытанні: што такое экалагічнае кіно, як яго глядзець, ці цікавы такі напрамак нашым рэжысёрам, на якія тэмы можна здымаць экалагічнае кіно сёння.

Кадр з фільма "Поры года"
Праграма кароткаметражных фільмаў (90 хв.)
11 лютага (субота), 19.00.
Прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).
Самыя яскравыя кароткаметражныя фільмы на тэму аховы навакольнага асяроддзя з усяго свету. За адзін вечар вы ўбачыце анімацыю і дакументальнае кіно з Швейцарыі, Нарвегіі, Канады, Вялікабрытаніі, Ганконга, Іспаніі, Германіі, ЗША, Італіі.
Праграмы дэманструюцца на мовах арыгіналу з рускімі субтытрамі.
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Кадр з фільма "Поры года"
Кантактная асоба:
Анора Лангар, +375 29 186 76 83