У Мінску ў сёмы раз стартаваў фестываль мабільнага кіно!

У Мінску 14 лістапада адкрыўся сёмы фестываль мабільнага кіно velcom Smartfilm. 

dsc_0113_logo.jpg


Гэта азначае, што рэжысёры могуць дасылаць свае працы. А вось абіраць лепшыя карціны сёлета змогуць не толькі прафесійныя рэжысёры і кінакрытыкі, але і прадстаўнікі «народнага журы».
Праект Smartfilm ужо выйшаў за межы Беларусі і стаў міжнародным. У мінулым годзе фільмы, знятыя на смартфон, дасылалі на конкурс удзельнікі з 48 краін свету.
Юлія Дайнэка, начальнік упраўлення маркетынгу кампаніі velcom, прызнаецца, што яшчэ пяць гадоў таму яны лічылі фільмы, знятыя са смартфонаў, кіно для аматараў: «Дзякуючы правядзенню фестываляў усе гэтыя гады мы зразумелі, што смартфон — гэта тая прылада, з дапамогай якой можна зняць сапраўднае кіно! Аўтарскае кіно цікава ўсё большаму колу гледачоў. І што істотна, адзін прадукт канкуруе з іншым».
Рызынка фестывалю гэтага году заключаецца ў тым, што арганізатары конкурса даюць поўную свабоду ўдзельнікам: рэжысёры цяпер не абмежаваныя ў жанрах. Існуюць толькі два абмежаванні: фільм мусіць быць не большы за 10 хвілін і ён павінен быць знятым са смартфона.
Кінааналітык Максім Жбанкоў угледзеў у гэтай свабодзе яшчэ больш цяжкую задачу для рэжысёраў: «Гэта толькі падаецца, што гуляць у кіно — лёгка. Паспрабуйце гуляць, калі ў вас няма анічога акрамя таленту, акрамя асабістай энергіі і драйву. Я думаю, што да гульні без правіл трэба саспець. І да гэтага арганізатары фестывалю ішлі сем гадоў. Акрамя фестываля мабільным кіно ў нашай краіне не займаецца, бадай, ніхто. З кожным фестывалем з’яўлюцца новыя аўтары, якіх не сорамна любіць».
Прыём заявак на фестываль ад канкурсантаў пачаўся 14 лістапада і скончыцца 31 снежня. Як і ў мінулым годзе, фестываль прыходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Вырашаць лёс пераможцаў будзе дырэктар праграмы фестываля кіно «Лістапад» Ігар Сукманаў, кінааналітык і культуролаг Максім Жбанкоў, кіназнаўца і кінакрытык Антон Сідарэнка, рэжысёр Дзмітрый Алейнікаў, галоўны рэдактар Afisha.Tut.by Ганна Яфрэменка і прадзюсар Леанід Каліценя.
Прадстаўнікі журы адзначылі конкурс як добрую стартап-пляцоўку для тых, хто хоча ўвайсці ў кіно. Дзякуючы такому фестывалю, як адзначылі эксперты, беларускі кінематограф зрушыўся. Здымаць на смартфон можа як школьнік, так і пенсіянер, а якасць кіно і цікавасць у гледачоў ніжэйшай ад гэтага не становіцца.
Пры тым, улічваючы той факт, што праект стаў міжнародным, беларускай мова і нацыянальныя матывы не будуць адыгрываць ніякай ролі ў абранні пераможцаў. «Мова — гэта не знак якасці, не знак перамогі. Мы хочам, каб беларускія аўтары перамагалі не таму, што яны беларускія, а таму, што яны лепшыя», — падзяліўся Максім Жбанкоў.
На што сёлета будуць звяртаць увагу журы падчас ацэньвання фільмаў, знятых на смартфон?
Кінакрытык Ганна Яфрэменка адзначыла, што галоўнае — гэта аўтарская ідэя: «Я буду рада, калі з карцін змагу счытваць арыгінальную аўтарскую думку».
Яшчэ адно новаўвядзенне фестываля — спецыяльна зацверджаны прыз народнага журы. Зарэгістраваныя карыстальнікі змогуць галасаваць на сайце фестываля smartfilm.by, пасля чаго будзе сфарміраваны шорт-ліст народнага журы. 23 студзеня 2018 года тыя працы, якія ўвайшлі ў шорт-ліст будуць паказаныя на вялікім экране ў velcom cinema. А народнае журы пад кіраўніцтвам Тараса Тарналіцкага вызначыць пераможцу фестываля.