У Мінску закансервуюць яшчэ адно маштабнае мастацкае пано
У Мінску пад гіпсакардон замуруюць яшчэ адно маштабнае мастацкае пано: няма грошай на аднаўленне.
![Пано "Адраджэнне музыкі" Пано "Адраджэнне музыкі"](/img/v1/images/nxizcz_joykrgun_gq0_4a.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пано "Адраджэнне музыкі"
Да завяршэння набліжаецца рэканструкцыя з рэстаўрацыяй музычнай гімназіі-каледжа на плошчы Свабоды, перадаюць «Мінск-Навіны».
Дом № 7 на плошчы Свабоды з'явіўся ў Мінску у 1699 годзе. Тады ў ім была езуіцкая школа ў складзе комплексу езуіцкага калегіума. З канца XVIII стагоддзя тут размяшчаўся дом губернатара; у 1968-1969 гадах будынак перабудавалі: з'явіліся дадатковыя паверхі, змяніўся фасад, з якога зніклі ўсе элементы дэкору. На дваровай тэрыторыі вырас 6-павярховы навучальны корпус для выхаванцаў навучальнай установы. Летам мінулага года стартаваў працэс абнаўлення гістарычнага аб'екта, які да таго часу знаходзіўся ў вельмі нездавальняючым стане і не выкарыстоўваўся для навучальнага працэсу.
Маштабнае мастацкае пано «Адраджэнне музыкі», выкананае ў 1979-1980 гадах на адной са сцен у цэнтральнай лесвіцы, вырашылі не аднаўляць, а закрыюць слоем гіпсакардону. Гэта першая праца маладога тады мастака Сцяпана Катовіча родам з Паставаў. Дарэчы, ён не ведаў, што яго роспіс захаваўся, хоць раней двойчы прыводзіў яго ў парадак.
— Пано «Адраджэнне музыкі» будзе закансервавана. Можа, гадоў праз 200 гэта стане прыемным сюрпрызам для нашых нашчадкаў, — дзеліцца дырэктар УКБ Цэнтральнага раёна Андрэй Семашчук.
Гэтак жа вырашылі паступіць і з фрагментамі старадаўняга роспісу, якія выявілі пры раскрыцці шматлікіх тынкавых слаёў на сценах. Навуковым кіраўніком аб'екта і Міністэрствам культуры прынята рашэнне не аднаўляць іх (паколькі гэта працяглы і дарагі працэс), але захаваць і закансерваваць. Раскрытыя фрэскі захаваюцца пад гіпсакардонам і могуць быць адноўлены пасля.
The Village Беларусь падрабязна распавядаў, якія маштабныя мастацкія пано зафарбоўвалі, зашывалі гіпсакардонам або проста знішчалі. Напрыклад, год таму падчас рамонту ў Палацы культуры чыгуначнікаў пад гіпсакардон замуравалі унікальны роспіс — 15-метровае насценнае палатно «Мая Радзіма» Зоі Літвінавай і Святланы Катковай.
the-village.by