У Віцебску адкрылі фрэскі XVIII стагоддзя

Падчас працы ў галоўным корпусе былога будынку Базыліянскага кляштара ў Віцебску адкрылі фрэскі другой паловы XVIII стагоддзя.

zrzut_ekranu_2017_12_10_o_08.22.57.png

Фрэскі знайшлі ў памяшканні былой цёплай царквы пад некалькімі слаямі алейнай фарбы, якой пакрывалі сцены ў будынку, дзе да апошняга часу размяшчаўся станка-інструментальны каледж. Пра знаходку паведаміў у сацыяльных сетках архітэктар Яўген Калбовіч.

У 2017 годзе гэты будынак перадалі гімназіі №1, і пачалася падрыхтоўка да яго рэканструкцыі.

Акрамя фрэсак на столі будынку пры расчыстцы адкрыўся роспіс, выкананы ў тэхніцы грызайля — гэты від дэкаратыўнага жывапісу выкарыстоўваўся для імітацыі скульптурных барэльефаў, ці архітэктурных формаў.

Мураваныя будынкі Базыліянскага кляштару будаваліся з 1743 па 1785 год, акрамя памяшканняў манахаў у ім знаходзілася і школа для дзяцей шляхты. У 1799 годзе па загадзе расейскага імператара Паўла I кляштар і сабор пры ім былі перададзеныя праваслаўнаму ведамству.

 

Будынак галоўнага корпуса былога базыльянскага кляштару. Фота Юрый Шэпелеў

Будынак галоўнага корпуса былога базыльянскага кляштару. Фота Юрый Шэпелеў

Пасля закрыцця каледжа на будынак прэтэндавалі некалькі розных арганізацыяў, у тым ліку — Віцебская епархія Беларускай праваслаўнай царквы. Галоўны корпус кляштара захаваўся ў перабудаваным выглядзе – ён быў значна пашыраны і страціў барочны дах.

belsat.eu