У адказ на прафсаюзны страйк улады зладзілі траўлю
Ціск Феміды на прафсаюзнікаў — не адзіная перашкода: адначасова на актывістаў распачалася траўля ў сацсетках.
Хацелі змагацца за падвышэнне заробкаў і паляпшэнне ўмоваў працы. Але страйк працаўнікоў прадпрыемства «Шкловалакно» не дазволілі. Віцебскі абласны суд не задаволіў хадайніцтва сябраў Свабоднага прафсаюзу беларускага, якія прасілі скіраваць справу для разгляду ў Вярхоўны суд. Аднак адначасова на актывістаў распачалася траўля ў сацсетках.
Рашэнне аб забароне страйку пакінуць у сіле
Прафсаюзныя актывісты з Полацку Віктар Стукаў іМікалай Шарах прасілі не спаганяць з іх арганізацыі мыта ды працягнуць тэрміны разгляду справы працаўнікоў «Шкловалакно» ў Вярхоўным судзе. Аднак суддзя Наталля Хількевiч пастанавіла інакш.
Працаўнікоў полацкага «Шкловалакна» не толькі пазбавілі магчымасці правесці страйк на прадпрыемстве з мэтаю падвышэння заробкаў ды паляпшэння ўмоваў працы, але яшчэ і сталі сведкамі ачарнення прафсаюзных лідараў у сацсетках — нехта стварыў у «Фэйсбуку», «УКантакте» фэйкавыя старонкі ад імя Мікалая Шараха, на якіх публікуецца правакацыйная інфармацыя і абразы ў дачыненні да Віктара Стукава.
«Адчуваецца, што нейкія драматургі-аматары пішуць. Нібыта ў нас у прафсаюзе няма салідарнасці, нібыта Шарах не згодны з дзеяннямі прафсаюзу і маім кіраўніцтвам, і што нібыта я п’яніца», — коратка пераказвае змест траўлі Віктар Стукаў.
Прапаганда карыстаецца «Белсатам»
Аматары-драматургі, якія хаваюцца пад псеўданімамі, нават стварылі ролік пра прафсаюзных лідараў, выкарыстаўшы здымкі “Белсату”.
Большую частку гэтых старонак адміністрацыя «Ют’юбу» і «Фэйсбуку» ўжо выдаліла, аднак нехта ад імя Мікалая Шараха разаслаў гэткія пасквілі ва ўсе дзяржаўныя ўстановы Полацку, у тым ліку ў Віцебскі абласны суд. Сам Мікалай Шарах на сённяшнім пасяджэнні не прысутнічаў, аднак скіраваў у суд зняпраўжанне гэтай інфармацыі.
«Чаму гэта было далучана да матэрыялаў справы, гэта ўжо пытанне да суда, бо без згоды бакоў не можа быць далучаны нейкі матэрыял. Гэта проста пацвярджае, што ў нас няма справядлівага суду, у чым можна пераканацца яшчэ раз», — зазначыў спадар Шарах.
Розгалас дапамог страйку
Аднак самыя сябры прафсаюзу не збіраюцца засяроджваць свае высілкі на змаганні з гэткімі правакацыямі ды падкрэсліваюць, што розгалас аб запланаваным страйку ўжо так ці інакш пасунуў сітуацыю на «Шкловалакне» з мёртвай кропкі. Гэтак, з 1 лістапада, калі страйк мусіў распачацца, наймальнік павысіў на прадпрыемстве тарыфную стаўку ды абяцае працаўнікам выплаціць да новага года дадатковую прэмію.
Віталь Бабін, «Белсат»